Дзмітрый АФАНАСЬЕЎ:

— Заўсёды прыязджаю на свята вёскі ў Глушкавічы, якое праводзіцца на Тройцу. За апошнія пяць гадоў прайшлі значныя змены ў аграгарадку: развіваецца інфраструктура, ёсць гандлёвыя прадпрыемствы, у тым ліку і прыватныя. На тэрыторыі аграгарадка знаходзіцца буйное прадпрыемства — шчэбеневы завод «Глушкевічы», дзякуючы якому людзі маюць работу, дастойную зарплату. Я жыву ў Мінску, займаюся прадпрымальніцкай дзейнасцю, працую ў фірме «ДизельКама», якая цесна супрацоўнічае са шчэбзаводам. Я ўраджэнец Прыбалавічаў, у Глушкавічах у мяне шмат знаёмых і сяброў. Вельмі хочацца, каб аграгарадок, Лельчыцкі край працвітаў, прыгажэў з кожным годам, каб людзі жылі ў згодзе, часцей збіраліся на такія святы, бо яны заўсёды яднаюць. Імкнуся па магчымасці дапамагаць роднаму краю. Ахвяраваў Лельчыцкаму храму, аказваю спонсарскую дапамогу пры правядзенні свята вёскі Глушкавічы. Лета ў самым росквіце, на тварах людзей — прыемныя ўсмешкі. Няхай такіх дзён у нашым жыцці будзе болей!

Вольга АСТАПЕНКА:

— Маё дзяцінства прайшло ў Глушкавічах, я заўсёды прыязджала сюды адпачыць на канікулы,  а зараз ужо і дачку сваю прывожу да маёй бабулі, а яе прабабулі — Людмілы Аляксандраўны Радзілавец. Яна — чалавек у вёсцы паважаны, усё жыццё працавала ў мясцовай школе настаўніцай пачатковых класаў. Пражываю з сям’ёй у Гомелі, але заўсёды цягне ў Глушкавічы. І чароўная прыгажосць прыроды, і свежае паветра, і добрая інфраструктура — усё задавальняе і вабіць. Мы з дачкою ходзім і на школьны двор, і на пляцоўку дзіцячага садка, і ў бібліятэку. Вельмі задавальняе, што шмат дзяцей у вёсцы, шмат моладзі, а гэта значыць, што ў яе ёсць будучыня. Глушкавічы маюць статус аграгарадка, гэта не маленькая вёсачка, дзе няма крамы і адзін раз у тыдзень прыязджае аўталаўка. Гэта вялікае сяло, дзе шмат прыгожых дамоў, дзе сучасны цэнтр культуры — прыгожы і прасторны, а я памятаю, што дагэтуль на яго месцы была маленькая старэнькая пабудова. А зараз вабіць вока мясцовая славутасць. Мы — жыхары гарадскія, прывыклі да розных мерапрыемстваў, і ў Глушкавічах духоўнага голаду не адчуваем. Дарэчы, культурнае жыццё ў аграгарадку — насычанае, разнастайнае. Праводзіцца шмат мерапрыемстваў: 1 чэрвеня, напрыклад, дзяцей чакалі цікавыя гульні і конкурсы, яшчэ нам давялося прысутнічаць на выпускном бале. Вось і сёння якое цудоўнае свята арганізавана! Жадаю аграгарадку расці і развівацца, каб моладзь пасля вучобы прыязджала працаўладкоўвацца на малую радзіму, стварала сем’і, будавала дамы, каб мам з маленькімі дзеткамі ў калясачках прагульвалася па вуліцах як мага болей!

Дзям’ян ЧАРНУХА:

— Я нарадзіўся і жыву ў суседняй вёсцы Капішча, што на Украіне. Можна сказаць, што знаходжуся ў вытоках свята. Памятаю, што яго заснавальнікам быў старшыня калгаса Рыгор Казачок, а дапамагала і падтрымлівала яго ва ўсіх пачынаннях жонка — Галіна Пятроўна. Паміж нашымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі было наладжана супрацоўніцтва: мы дапамагалі камбайнамі, а нам — сіласаўборачнай тэхнікай. Межаў тады не было, мы разам рабілі агульную справу для абодвух бакоў: Беларусі і Украіны. У Глушкавічы пайшла замуж мая сястра і засталася там, яшчэ родныя жывуць у Мазыры. Кожны год на працягу амаль 25 гадоў прыязджаю на свята вёскі. Аграгарадок развіваецца, з’явілася шмат новых жылых дамоў, задавальняе, што адрадзілася сельская гаспадарка, пабудавана ферма, палі засяваюцца, праца ў людзей ёсць, а, значыць, — і надзея на будучае. Кожны год прыносіць нешта новае. Канешне, хочацца, каб, як і раней, не было межаў паміж нашымі краінамі. Простыя людзі хацелі б жыць разам, у міры і сяброўстве паміж народамі Беларусі, Расіі і Украіны.  Міра і дабра жадаю ўсім беларусам, каб яны верылі ў лепшае будучае, падтрымлівалі свайго Прэзідэнта. Вам вельмі пашанцавала з Главой краіны!

Фота Святланы ЛІПСКАЙ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: