У чым шчасце чалавека? Своеасаблівым адказам на шматлікія пытанні і спрэчкі людзей аб шчасці з’яўляецца верш Максіма Танка «Шчасце». У гэтым творы паэт вырашае праблему шчасця з пазіцый простага чалавека, глядзіць на ўсё і ацэньвае рэчаіснасць з вышыні гуманістычных ідэалаў.

На думку паэта, чалавечая радасць абумоўлена самымі надзённымі атрыбутамі жыцця. Шчасце, сцвярджае паэт,

Пэўна, складаецца з солі,

З хлеба, сабранага ў полі,

З поту, дарожнага пылу,

З роднага небасхілу,

З дружбы, мацнейшай ад смерці,

З песні…

І так мне здаецца,

Каб з чаго іншага скласці,

Дык ці было б яно шчасце?

Зразумела, што шчасце чалавека паэт звязвае ў першую чаргу са стваральнай працай на карысць грамадству і не ўяўляе яго без радзімы.

А цяпер давайце наблізімся да нашых дзён і паспрабуем адказаць на пытанне, ці лічым мы сябе шчаслівымі людзьмі. Калі так, то што прыносіць шчасце… Сям’я, праца, вера ў Бога? Або тое, што можа зрабіць вас шчаслівым, яшчэ наперадзе — заканчэнне школы, новая пасада ці новая кватэра, машына?

Многія людзі ў некаторай ступені адчуваюць шчасце, калі дасягаюць назначанай мэты ці атрымліваюць тое, чаго жадалі. Але колькі ж працягваецца такое шчасце? Звычайна нядоўга, і гэта крыўдна.

Шчасце — гэта працяглае адчуванне задаволенасці жыццём. Яно выражаецца самымі рознымі пачуццямі — ад задаволенасці да глыбокай унутранай радасці — і суправаджаецца натуральным жаданнем прадоўжыць такі стан.

Акрамя таго, шчасце — гэта працэс, таму яно — не канечны прыпынак ці мэта, а шлях. Калі чалавек гаворыць: «Я буду шчаслівым, толькі б…», ён па сутнасці адкладвае сваё шчасце на потым.

А цяпер давайце параўнаем шчасце з добрым здароўем. Што дапамагае быць у цудоўнай фізічнай форме? Правільнае харчаванне, рэгулярныя практыкаванні і здаровы спосаб жыцця.

Такім чынам, шчасце — гэта таксама вынік правільных дзеянняў, хутчэй учынкаў. Шчаслівым чалавек становіцца, калі жыве ў згодзе з цвярозым розумам, правільнымі прынцыпамі.

Што спрыяе шчасцю? Ёсць шмат важных фактараў. Але гэтыя адыгрываюць ключавую ролю: задаволенасць і шчырасць, здароўе і сіла духу, любоў, дараванне, сэнс жыцця, надзея.

Вядома, што шчаслівы той, чый шлях беззаганны. Падумаем, як жа стаць на гэты шлях. Часта нам даводзіцца чуць, што шчасце і поспех вымяраюцца колькасцю грошай і маёмасці. Перакананыя ў гэтым, мільёны людзей знясільваюць сябе на працы, спрабуюць павысіць свой дабрабыт. Але ці прыносяць грошы і маёмасць працяглае шчасце?

Даказана, што не. Калі асноўныя запатрабаванні чалавека задаволены, павялічэнне даходаў практычна не ўплывае на ўзровень яго шчасця і душэўны спакой.

І праблема зусім не ў грашах. Бо менавіта імкненне разбагацець пазбаўляе, на думку многіх, чалавека шчасця.

Такое меркаванне адпавядае словам з Бібліі, запісаным амаль дзве тысячы гадоў назад: «Корань усяго злога — любоў да грошай, і некаторыя, аддаўшыся гэтай любві, … пранізалі сябе многімі пакутамі».

Аб якіх пакутах ідзе размова? Па-першае, страх і бяссонныя ночы ад таго, што маёмасць можна згубіць. Расчараванне, што надзеі не збыліся.

Гэта пачуццё часта ўзнікае таму, што прагу да багацця практычна нельга задаволіць. Акрамя ўсяго іншага, у пагоні за грашыма чалавек можа прынесці ў ахвяру тое, што якраз прыносіць шчасце: каштоўны час, які ён мог бы правесці з сям’ёй і сябрамі, мог бы палюбавацца прыродай, адправіцца ў цікавае падарожжа ці экскурсію.

А багацце, як сказана ў Бібліі, зробіць сабе крылы і паляціць на неба.

Што ж садзейнічае шчасцю?

У першую чаргу — задаволенасць. Мы ж нічога не прынеслі ў гэты свет, вынесці нічога не можам. Таму, маючы ежу, адзенне і жыллё, будзем гэтым задаволены. Людзі, якія задаволены жыццём, звычайна не скардзяцца і не бурчаць, станоўчы настрой абараняе ад пачуцця зайздрасці. А паколькі іх жаданні не перавышаюць магчымасці, яны спакойныя, пазбаўленыя стрэсаў. Садзейнічае шчасцю і шчырасць.

Вядома, што большае шчасце даваць, чым атрымліваць. Шчырыя людзі шчаслівыя, бо ім падабаецца рабіць шчаслівымі іншых, нават калі ўсё, што яны могуць даць, — гэта трошкі свайго часу і сіл. Часта яны празмерна атрымліваюць тое, што вымераць грашымі нельга: любоў, павагу і сапраўдных сяброў, якія праяўляюць да іх шчырасць у адказ.

Такім чынам, трэба быць задаволеным малым, быць шчырым, любіць людзей, а не рэчы. А любоў — неабходная састаўляючая шчасця.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,

Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: