У Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ва Ударным адбылося свята вёскі. У мясцовай царкве ў гэты дзень — прыстольнае свята, а ў аграгарадку — «прыход», як кажуць у народзе. Ва Ударнае з’ехаліся ўсе тыя, для каго гэты цудоўны палескі куточак — малая радзіма, дзе ўсё такое роднае, знаёмае і блізкае сэрцу. У моманты далучэння да сваіх каранёў, вяртання ў гады дзяцінства і маладосці, размовы з блізкімі, сябрамі, аднавяскоўцамі ў чалавека нібы крылы вырастаюць, тое пачуццё ўзвышанасці, замілавання  цяжка перадаць словамі, бо гэта адчуваецца душой.

Далучыліся да радаснай падзеі шаноўныя госці — старшыня сельвыканкама Міхаіл Баўсуноўскі і  кіраўнік КСУП «Ударны» Вадзім Бенадысюк. Яны цёпла павіншавалі вяскоўцаў са святам, выказалі ўсім самыя добрыя пажаданні — моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў, каб зямлю бацькоўскую не забывалі, зберагалі, сваёй шчырай працай праслаўлялі.

Ва Ударным да свята падрыхтаваліся загадзя, навялі парадак на вуліцах, вакол сядзіб. Ды і наогул жывуць у аграгарадку людзі, якія ўкладваюць душу ў стварэнне прыгажосці, ўтульнасці, камфорту ў любімай глубінцы, асвятляюць яе праменьчыкамі працалюбства, натхнення. Добраўпарадкаванне — справа цікавая, высакародная, таму на сцэну першымі запрасілі пераможцаў у гэтым накірунку. У намінацыі «Лепшая ўстанова па добраўпарадкавінні» адзначылі Ударненскі дзіцячы садок, у намінацыі «Лепшая сядзіба» вызначылі сем’і:  Сяргея і Веры Коркуцяў, Міхаіла і Жаны Андрыеўскіх, Уладзіміра і Зінаіды Дашкевічаў, Івана і Наталлі Баравых. Потым назвалі самых актыўных удзельнікаў суботнікаў па навядзенні парадку на зямлі. Гэта Мікалай Палын, Уладзімір Кожан, Іван Кожан, патрыёта сваёй малой радзімы — Уладзіміра Дашкевіча, лепшых спонсараў года — Міхаіла Карпаўца і кіраўніка мясцовага сельгаспрадпрыемства Вадзіма Бенадысюка.

Ганарацца вяскоўцы і таленавітай моладдзю. Віталі вучаніцу Замошскай базавай школы Наталлю Голуб, якая пасля дзявятага класа прадоўжыла навучанне ў Лельчыцкай сярэдняй школе №2 і скончыла яе з залатым медалём. З гэтым першым высокім дасягненнем Наталлю павіншавалі падчас свята і пажадалі новых поспехаў у далейшым жыцці. Народная мудрасць гаворыць: «Калі хочаш пражыць у якім-небудзь месцы адзін год — пасей проса, калі выбіраеш сабе месца на дзясяткі гадоў — пасадзі дрэва, калі хочаш пасяліцца назаўсёды — выхавай дзіця». Нараджэнне немаўляці — гэта вялікае шчасце для бацькоў, але і вялікая праца па яго выхаванні, адказнасць за тое, якім чалавекам яно вырасце. У аграгарадку Ударным у гэтым годзе папоўніліся нованароджанымі сем’і Уладзіміра і Марыі Флёркаў — дачушкай Дар’яй, Андрэя і Надзеі Шкробатаў — сыночкам Яраславам, а ў Яўгена і Таццяны Дашкевічаў двайная радасць: на свет з’явіліся двайняты — дачушка Анастасія і сынок Іллюша. Дай Бог, каб бацькі і дзеткі былі здаровымі, жылі дружна, у любві, згодзе і шчасці! Усім, каго ўшаноўвалі, уручылі памятныя падарункі.

Яшчэ ў нас на Палессі адметная культура, традыціі, багатая спадчына. Шмат павер’яў звязана і са святам святых апосталаў Пятра і Паўла. Гаварылі, што ў гэты дзень зранку сонца «грае». Напярэдадні яго хлопцы і дзяўчаты, жанчыны і мужчыны ў чаканні ўсходу сонца збіраліся на ўзвышанае месца за вёскаю, дзе ўсю ноч палілі вогнішчы, пелі песні, весяліліся і чакалі світання. Кожны жадаў убачыць узыходзячае сонца, бо таму, хто дачакаецца першых сонечных промняў, поспех будзе спадарожнічаць увесь год. Гэты звычай называўся «вартаваць сонца». Яшчэ ў гэты дзень сонца на небе грае, пераліваецца рознымі колерамі. Лічылася, што на досвітку яно раскідвае стужкі, і гэта можа ўбачыць кожны.

У Пятроў дзень усе весяліліся, спявалі, вадзілі карагоды. Ва Ударным брэндавым элементам свята з’яўляецца традыцыйны танец «Нарэчанька», а па-сучаснаму — флэш-моб. Таму і старэйшыя жыхары, і маладзейшыя дружна выйшлі ў цэнтр на пляцоўку, каб далучыцца да народнага танца, падтрымаць і перадаць традыцыю падрастаючаму пакаленню.

Яшчэ з Пятровым днём звязаны звычай заплятаць дрэва рознакаляровымі стужкамі і пры гэтым загадваць жаданні. Калі за ноч вецер не развязаў стужкі, то яны збудуцца, а як распляліся, дык наадварот. Удзельнікі свята паспрабавалі таксама заплесці касічкі на іве і загадаць жаданні.

А яшчэ ведаеце, што рабілі сяляне ў мінулым на Пятроў дзень? Умываліся з трох крыніц. Пятроўская вада, як і купальская, лічылася магічнай. І людзі верылі: што калі ўмыцца з трох крыніц, то можна ачысціцца ад грахоў. Менавіта гэтаму звычаю прысвечана цікавае спаборніцтва. З 12 удзельнікаў, падзеленых на тры каманды, выявіліся тыя, хто хутчэй умыецца са сваёй «крыніцы». Спачатку назвалі чацвёрку пераможцаў, потым — пару і, нарэшце, аднаго, самага спрытнага.

Свята падаравала людзям шмат вясёлых і радасных момантаў. Асабліва цікава было назіраць за ўдзельнікамі конкурсаў, якія спаборнічалі, хто хутчэй распілуе бервяно. Яшчэ самыя смелыя і спрытныя лазілі на высокі стоўб, а самыя дужыя і моцныя перацягвалі канат.

Свята поўнілася рознымі забавамі, гульнямі, танцавальнай праграмай, розыгрышам бяспройгрышнай латарэі; працавалі дзіцячыя атракцыёны, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ішоў гандаль. І, канешне, гучала добрая песня, без якой і свята не свята, у выкананні вакальнага ансамбля «Ударняначка». Усё было да месца,  сагравала.

Хочацца верыць, што крыніцы любві да роднай зямлі ніколі не памеркнуць у сэрцы жыхароў і ўраджэнцаў вёскі Ударнае, бо гэта адзінае месца на зямлі, да якога мы прапісаны душой і куды вяртаемся зноў і зноў, якое дорыць нам сілы, напаўняе светлай радасцю сустрэчы з бацькамі — жывымі ці нябожчыкамі, далучае да вытокаў, дзякуючы якім мы цвёрда трымаемся на нагах, маем апору ў жыцці.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: