сыдько
Міхаіл Сыдзько з жонкай і сынам, 1939 год

Бывае, мы кожны дзень ходзім па даўно знаёмых вуліцах і нават не задумваемся, чаму вуліца мае тую ці іншую назву. Калі быць чэснымі, дык мала хто ведае, у гонар каго названы вялікія вуліцы і невялікія завулачкі ў нашых гарадах і вёсках. Калі б вуліцы ўмелі гаварыць, як бы многа яны нам расказалі б! Вельмі часта мы праходзім па вуліцы Сыдзько і вырашылі даведацца, хто такі Сыдзько і чаму вуліца носіць яго імя.

5 верасня 1906 года ў вёсцы Сініцкае Поле ў сялянскай сям’і нарадзіўся Міхаіл Пятровіч Сыдзько. Вёсачка знаходзіцца за 34 км на ўсход ад раённага цэнтра Лельчыцы. На пачатку ХХ стагоддзя ў населеным пункце налічваецца 37 двароў,  279 жыхароў пражывае ў сяле. Праз два гады пасля таго, як нарадзіўся будучы Герой Савецкага Саюза, у 1908 годзе была адкрыта школа.  У 1923 годзе (паводле перапісу) у школе вучыліся 33 вучні, настаўнікам працаваў Сцяпан Мартынавіч Чэчка. У гэтай школе вучыўся Міхаіл Пятровіч. Ён скончыў 7 класаў (школа была сямігадовая). Ужо будучы дарослым, Міхаіл Пятровіч сардэчна дзякаваў бацькам за тое, што яны дазволілі яму хадзіць у мясцовую школу, атрымаць першапачатковую адукацыю.

Цяжкія прыродныя ўмовы (вялікая колькасць непраходных балот, пясчаныя землі) змушалі хлопчыка  дапытліва прыглядацца да працы маці, бацькі, аднавяскоўцаў, якія з пакалення ў пакаленне займаліся земляробствам, вядзеннем хатняй гаспадаркі. З ранняга дзяцінства навучыўся Міхаіл апрацоўваць зямлю, умела кіраваў канём, добра валодаў сошкай, плугам, таксама збіраў у лесе ягады і грыбы.

Скончыўшы школу, Міхаіл Пятровіч працуе ў роднай вёсцы, спачатку — у сельскай гаспадарцы, а пасля — паштаром.  У  1928 годзе  юнак быў прызваны ў Чырвоную Армію. З гэтага часу, можна сказаць, пачалося жыццё ваеннага чалавека. Міхаіл Пятровіч удзельнічаў у вызваленчым паходзе савецкіх              войск у 1939 годзе ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны камуніст Сыдзько стаў абараняць радзіму ад ворага. Міхаіл Пятровіч быў палітруком роты, камісарам, камандзірам роты; вызваляў ад ворага Беларусь і Украіну, ваяваў пад Сталінградам, у Крыме, Прыбалтыцы, Германіі.

У рубрыцы «Героі Савецкага Саюза» пазначаецца:

«Камандзір 1164-га стралковага палка падпалкоўнік Сыдзько вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма.

1 лістапада 1943 года 1164-й стралковы полк пачаў пераправу праз возера Сіваш у раёне мыса Джангар. Савецкія воіны  вызвалілі сяло Тархан. Калі пачалася Крымская наступальная аперацыя, тарханскі кірунак быў абраны для нанясення галоўнага ўдару па ворагу. Камандзір палка падпалкоўнік Сыдзько ўвесь час  умела арганізоўваў адлюстраванне варожых контратак, удзельнічаў у баях.

З 9 красавіка па 9 мая 1944 года ў ходзе Крымскай наступальнай аперацыі полк пад яго камандаваннем ішоў у авангардзе дывізіі, вызваліў шэраг населеных пунктаў, нанёс праціўніку значны ўрон.     5 мая 1944 года полк пачаў штурм севастопальскіх умацаванняў у раёне Сапун-гары і ў ліку першых      9 мая ўварваўся ў Севастопаль».

9 мая 1944 года Севастопаль быў цалкам ачышчаны ад ворага.

З характарыстыкі падпалкоўніка Сыдзько: «… ён спалучаў у сабе талент камандзіра і палітпрацаўніка. У баі мужны, ініцыятыўны, да дзёрзкасці адважны, дзейнічае ашчадна, абдумана, з упэўненасцю ў поспеху. Для салдат ён уважлівы, клапатлівы па-бацькоўску, патрабавальны настаўнік».

Вестку аб вялікім поспеху савецкай арміі з радасцю сустрэла ўся краіна. 10 мая сталіца СССР Масква салютавала войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Севастопаля, 24 артылерыйскімі залпамі з 324 гармат.

«Мы ішлі ў бой, — распавядаў Міхаіл Пятровіч, — з адным імкненнем — перамагчы. Без перамогі нам не ўяўлялася будучыня, будучыня нашых дзяцей».

У горадзе Севастопаль полк, якім камандаваў Сыдзько, у вулічных баях знішчыў 10 гармат, 19 кулямётаў, больш за 550 гітлераўцаў, захапіў 12 эшалонаў з грузамі, 25 аўтамашын, 5 мінамётаў, 90 кулямётаў, узяў у палон 200 гітлераўцаў.

24 сакавіка 1944 года за выключны гераізм падпалкоўніку Сыдзько прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза.

З успамінаў К. Паўлава, намесніка старшыні савета ветэранаў 346-й стралковай Дэбальцэўскай Чырванасцяжнай дывізіі: «20 жніўня на размяшчэнне палка пайшлі танкі, а з Рыжскага заліва — марскі дэсант. І з тылу рушыла рыжская групоўка ворага. Гэта азначала, што палку трэба змагацца ў поўным акружэнні. Цяжка перадаць словамі ўсё тое, што патрабавалася ад камандзіра палка, каб сабраць у адзін кулак наяўныя сілы і не даць ворагу разграміць сябе. Міхаіл Сыдзько зрабіў гэта, а потым павёў байцоў праз балота на прарыў да сваіх. Так полк быў захаваны».

Да 1954 года палкоўнік Сыдзько служыў у Савецкай Арміі.

Радзіма высока ацаніла гераічныя дзеянні і асабістую мужнасць  нашага земляка: Герой Савецкага Саюза, камуніст Сыдзько быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай зоркі, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Суворава ІІІ ступені, ордэнам  Аляксандра Неўскага, дзесяццю медалямі.

З успамінаў Анатоля Сівухі: «Мне пашчасціла ведаць Міхаіла Пятровіча асабіста, мець зносіны з ім і яго жонкай Надзеяй Іванаўнай, бываць у іх гасціннай хаце. Гэта быў чалавек рэдкай сціпласці і маральнай чысціні, выключнай сумленнасці і дабрыні, прыстойнасці і адказнасці, нябачнай самаахвярнасці».

У 1983 годзе Міхаіла Пятровіча не стала.

На малой радзіме героя ўшаноўваецца яго памяць: іменем М.П. Сыдзько названа вуліца ў Лельчыцах, у 1979 годзе яму прысвоена  званне «Ганаровы грамадзянін г. п.  Лельчыцы», у Лельчыцкай раённай гімназіі створана Галерэя славутых людзей, дзе змешчаны фотаздымак  Міхаіла Пятровіча і звесткі пра яго жыццёвы гераічны шлях, у вёсцы Сініцкае Поле ўстаноўлены памятны знак Герою Савецкага Саюза, у Лельчыцкім краязнаўчым музеі змешчаны матэрыял пра М. П. Сыдзько.

Дарэчы, у горадзе Рэчыца, дзе пражываў М.П. Сыдзько, таксама яго іменем названа вуліца, і ён з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам горада Севастопаль, а ў зале дыярамы ў Севастопалі «Штурм Сапун-гары 7 мая 1944 года» на мармуровай пліце сярод шматлікіх герояў Крыма залатымі літарамі высечана і імя нашага земляка — Міхаіла Пятровіча Сыдзько.

Сваёй самаадданай працай, мужнасцю, адвагай, добрасумленнымі адносінамі да справы, выключным гераізмам М. П. Сыдзько падаў яскравы прыклад служэння Радзіме, нашаму народу. Іменна дзякуючы такім людзям мы жывём пад мірным небам, маем шчаслівае дзяцінства.

Мы ганарымся сваім славутым земляком.

Падрыхтавалі вучні
Лельчыцкай раённай гімназіі,
удзельнікі аб’яднання па інтарэсах
«Спадчына» пад кіраўніцтвам
педагога Валянціны КАЗАЧОК.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: