І зноў прыгожая палеская вёсачка Астражанка, патанаючая ў кветках і зеляніне, гасцінна прымала ўсіх тых, хто ў ёй нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, спазнаў першае каханне, атрымаў першыя ўрокі жыцця… Не, такое не забываецца! Бо дзе б ты ні быў, куды б цябе ні закінуў лёс, родная старонка, бацькоўская хата, знаёмыя сцежачкі заўсёды цягнуць да сябе. Таму з’ехаліся на сустрэчу ўраджэнцы вёскі з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны, каб прайсці па мясцінах дзяцінства і юнацтва, пабачыцца з роднымі, сябрамі, аднавяскоўцамі, моцна абняць іх, пагутарыць пра жыццё-быццё…

Асабліва мнагалюдна было ў цэнтры вёскі, каля мясцо­вага клуба. Тут, пад высокімі разгалістымі клёнамі, размясцілася імправізаваная сцэна. Шчыра павітала пры­сутных выконваючы абавязкі старшыні Буйнавіцкага сельвы­канкама Наталля Хамутоўская. Яна павіншавала ўсіх са свя­там, пажадала моцнага здароўя, даўгалецця, шчасця і дабра­быту ў кожнай сям’і, каб час­цей збіраліся на роднай зямлі, не забывалі свае карані. По­тым пад бурныя апладыс­менты ўручыла лісты падзякі старэйшыне вёскі Валянціне Багдановіч і памочніку ляснічага Астражанскага лясніцтва, дэ­путату Астражанскай выбар­чай акругі Уладзіміру Цалка за вялікі ўклад у вырашэнне пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва і актыўную работу па добраўпарадкаванні насе­ленага пункта. Гэта сапраўды неабыякавыя да сваёй малой радзімы людзі, якія душой і сэр­цам прапісаны ў родным краі.

 

Па славянскім звычаі жанчы­ны ў нацыянальных касцюмах хлебам-соллю сустракалі ўсіх, хто прыйшоў і прыехаў на свята, запрашалі адведаць духмянага караваю, спечанага руплівымі, працавітымі гаспадынямі.

А якую прыгажосць навокал стварылі арганізатары свята і іх памочнікі! З вялікай любоўю, стараннем аформілі цэнтраль­ную частку вёскі. Чаго тут толькі не было! Здаецца, ужо шмат бачыла, бо за гады працы ў рэдакцыі пабывала на розных мерапрыемствах, але тут уразіў свой адметны, арыгінальны падыход. Многія збіраліся ля фотавыстаў «Школьные годы чудесные», «Как молоды мы были», «Солдат всегда солдат». Людзі ўглядваліся ў здымкі, пазнавалі аднавяскоўцаў, усміхаліся, нешта казалі адзін аднаму. Ішлі ўспаміны, успаміны, успаміны. Захаплялі работы таленавітых землякоў: карціны і малюнкі Анастасіі Несцярэні і Людмілы Баіравай, вышытыя ніткамі і пацеркамі іконы, пей­зажы Галіны Хамец, драўляныя вырабы Мікалая Гаркушы, фотаздымкі Яўгена Раеўскага, які пакінуў горад і жыве ў вёсцы, робіць сваімі рукамі дамы з на­туральных матэрыялаў — дрэва, саломы і гліны. А хіба можна было прайсці міма вугалка «Ся­лянская хата», дзе так пацешна глядзеліся зробленыя сваімі рукамі баба і дзед з гармонікам у руках! Абраз Божай Маці, раз­мешчаны ў чырвоным куце, фотаздымкі ў рамцы, вышытыя карціны на сцяне, самаробная калыска, тканыя дарожкі на падлозе, старадаўнія прылады працы — усё гэта напамінала пра жыццё і заняткі нашых продкаў. Прыцягвалі ўвагу вы­ставы рознакаляровых хустак, вышытых ручнікоў, іншых шэдэўраў мясцовых рукадзельніц, размешчаных у выглядзе сонечных прамянёў. Колькі часу, фантазіі, творчасці спатрэбілася, каб стварыць такую непаўторную, каларытную прыгажосць! А колькі начэй прыйшлося не­даспаць! Ды і гэта яшчэ не ўсё! Жадаючыя набывалі рознака­ляровыя стужкі, праходзілі праз «вароты шчасця» і завязвалі іх на галінках дрэў, загадваючы жаданні. І яны, зразумела, аба­вязкова споўняцца!

Усюды панавалі вяселле, радасць, святочны настрой. Знайшоўся занятак і для самых маленькіх: яны скакалі на ба­тутах, частаваліся прысмакамі. А ўдзельнікі бяспройгрыш­най латарэі з задавальнен­нем атрымлівалі падарункі. Шчаслівым уладальнікам су­перпрыза стаў ляльчанін Юрый Маркевіч.

З раніцы і да вечара ракою ліліся ў вёсцы зычныя спевы. Музычныя падарункі прывезлі астражанцам і гасцям свята народны вакальны ансамбль «Вербніца», народны мужчынскі вакальны ансамбль «Лель», салісты раённага цэнтра куль­туры і народнай творчасці, а таксама Міхаіл Ліпскі і Святлана Есіна. Артысты спявалі, а тым часам дарослыя, дзеці, моладзь танчылі, як кажуць, да ўпаду.

Сонейка так лагодна свяціла на людзей, навокал было так добра і светла ад іх ўсмешак, цеплыні ў вачах. Сустрэча атрымалася незабыўнай, шчырай, сардэчнай, яна яшчэ доўга будзе саграваць сэрца кожнага, а душа — з не­цярпеннем чакаць чарговага спаткання з роднымі, землякамі на бацькоўскай зямлі…

Старэйшына вёскі Валянціна Багдановіч ад імя жыхароў Астражанкі шчыра падзякава­ла за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні сустрэчы землякоў выконваючага абавязкі старшыні Буйнавіцкага сельвыканкама Наталлю Хамутоўскую, ляснічага Астражанскага лясніцтва Якава Лісіцкага, яго памочніка, дэпу­тата Астражанскай выбарчай акругі Уладзіміра Цалка, а такса­ма Еву Крывашэеву, Тамару Па­лын, Таццяну Ляхавец, Надзею Канопліч, мастацкага кіраўніка Буйнавіцкага цэнтра культу­ры і дасугу Антаніну Кіпцік, работнікаў мясцовага клуба — Таццяну Цалка і Ганну Гопка, а таксама ўсіх, хто прыехаў у род­ную вёску і дапамог стварыць сапраўднае свята.

Фота Святланы ЛІПСКАЙ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: