Липляны, девочка, праздник, день деревни

Не толькі ўмеюць рупліва працаваць на Лельчыцкай зямлі, але і добра адпачываць таксама. Свята вёскі ў мінулую нядзелю справілі ў аграгарадку Ліпляны. Яно па традыцыі прыходзіць у гэты прыгожы палескі куточак на Успенне Найсвяцейшай Багародзіцы. Дарэчы ў гэтым годзе Ліплянам споўнілася 397 гадоў. У родную вёску з’ехаліся яе ўраджэнцы з розных куткоў, каб зноў і зноў дакрануцца да сваіх каранёў, адчуць радасць і асалоду ад сустрэчы з роднымі мясцінамі, дарагімі сэрцу людзьмі, сябрамі  і знаёмымі.

Шчыра павіншавала землякоў, якія сабраліся ў цэнтры вёскі, старшыня Лельчыцкага сельвыканкама Алена Грыб. Яна пажадала ўсім моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, дабрабыту, а вёсцы — росквіту і развіцця, каб яна жыла  і прыгажэла, поўнілася дзіцячымі галасамі. Алена Кірылаўна падзякавала ўсім за праведзеную работу па навядзенню парадку ў аграгарадку, а таксама на асабістых падворках, зазначыла, што менавіта па тым, як выглядаюць населеныя пункты, складаецца меркаванне аб людзях, якія там жывуць.

Калі дзеці — будучыня вёскі, то старэйшае пакаленне — яе багацце. Узгадалі падчас свята самую старэйшую жыхарку Ліплян — Клаўдзію Іванаўну Лось, якой споўніўся 91 год. Свой дзень нараджэння яна сустракала з двума дзяцьмі, пяццю ўнукамі і дзевяццю праўнукамі. Па стану здароўя жанчына не змагла прыйсці на свята, таму падарунак уручылі дачцэ — Лідзіі Уладзіміраўне.

Потым на сцэну запрасілі дзевяностагадовую юбіляршу Ганну Пятроўну Лось, якую можна назваць сапраўдным самародкам роднай вёскі. Дома віншавалі маці, бабулю і прабабулю трое дзяцей, шасцёра ўнукаў і трынаццаць праўнукаў. Трэба было чуць, як прыгожа, дыктарскім голасам, вершаванымі радкамі асабістага сачынення павіншавала аднавяскоўцаў Ганна Пятроўна, а ў канцы яшчэ, усміхнуўшыся, бадзёра дадала, каб усе прысутныя на свяце дажылі да яе ўзросту, а то і болей. З нагоды гэтай саліднай даты падарунак для Ганны Лось падрыхтавала ААТ «Новая Ніва».

Віншаванні прымалі таксама бацькі самых маленькіх жыхароў вёскі: Аляксандр і Аляксандра Вяргун, іх сыну Дзмітрыю споўнілася 3 месяцы, Арцём і Вікторыя Басій, іх сыну Цімафею — 2 месяцы. Віншаванні і падарункі пары прымалі ад сельвыканкама і прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Новая Ніва».

Ушаноўвалі і тры самыя маладыя шлюбныя пары: Мікалая Лось і Карыну Ласоўскую, Мікіту Таргонскага і Наталлю Батурэвіч, Паўла Рагачова і Вікторыю Боклаг. Няхай шчасцем поўніцца іх дом! Усім уручылі падарункі ад сельвыканкама.

На ганаровае месца запрасілі і Кацярыну Сечка, якая працуе ў дзіцячым садку 37 гадоў, з іх 30 — кіраўніком установы дашкольнай адукацыі, настаўніцу мясцовай школы Любоў Халява, працоўны стаж педагога складае 30 гадоў. Дарэчы год выдаўся юбілейны: Любоў Анатольеўна адзначыла ў гэтым годзе прыгожы юбілей — пяцідзесяцігоддзе. Яны прымалі віншаванні і падарункі ад старшыні прафсаюзнай арганізацыі дзіцячага сада Алены Хілько, дырэктара Ліплянскай сярэдняй школы Наталлі Калеснік.

Ні разу не змяніла аднойчы выбранай прафесійнай дарозе Алена Сечка, якая прыехала на працу ў калгас у далёкім 1978-м годзе. Працоўны стаж жанчыны складае 39 гадоў. ААТ «Новая Ніва» падрыхтавала для сваёй работніцы падарунак і словы падзякі за самаадданую працу.

Па традыцыі падчас свята падвялі вынікі конкурсу на лепшы падворак. Старшыня сельвыканкама Алена Грыб павіншавала яго пераможцаў: Надзею і Адама Шуляк, Веру і Васіля Наздрыных, Анатоля і Алену Казачэнка, Наталлю і Сяргея Жабароўскіх, Аксану і Станіслава Барэйша, Аляксандра і Вольгу Ігнаценка  і выразіла надзею, што гэты спісак гаспадароў дамоў узорнага парадку абавязкова дапоўніцца, а Ліпляны стануць яшчэ больш прыгожымі і ўтульнымі. Усе гаспадары атрымалі памятныя падарункі.

З асаблівай павагай ушаноўвалі тых, хто змагаўся за ўраджай. Гэта механізатары Ігар Кудзін, Ігар Зарэзака, Анатоль Казачэнка, Мікалай Паўлечка, Дзмітрый Підмакоў, Мікалай Ляхавец, Дзяніс Карпавец, Сяргей Лось, Ігар Халява, Арцём Халява, вадзіцелі на адвозцы зярна Валера Саўчанка, Арцём Фіцнер, Андрэй Куцаў. За плённую, самаадданую працу падзякаваў хлебаробаў дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Васіль Наздрын, бо гэта іх намаганнямі прадпрыемства выйшла ў лідары жніва. Васіль Рыгоравіч уручыў хлебаробам заслужаныя ўзнагароды — грашовыя сертыфікаты.

Свята прадоўжылася канцэртнай праграмай з удзелам народнага фальклорнага калектыву «Вяснянка» Ліплянскага сельскага дома культуры, а таксама мясцовых артыстаў. А з якім майстэрствам танчылі, гралі на шумавых інструментах, колішніх прыладах працы сялянскага побыту юныя таленты — удзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву «Карагод»!

Шмат радасці і вяселля падаравалі і цікавыя конкурсы, гульні, танцы. Падчас свята ішоў гандаль, кожны жадаючы прымаў удзел у бяспройгрышнай латарэі. Шчаслівай уладальніцай суперпрыза — парасюка стала Ірына Дашкевіч.

Прыгожыя выставы да свята падрыхтавалі калектывы дзіцячага сада, мясцовай школы, сельскага дома культуры, сельгаспрадпрыемства. Прадстаўленыя гліняныя вырабы, вышыўка, розныя прысмакі, гародніна, садавіна ды шмат чаго іншага сведчылі пра працалюбства, талент мясцовых майстроў, рукадзельніц і гаспадынь.

Трэба зазначыць, што спонсарскую дапамогу ў падрыхтоўцы да Дня вёскі аказалі: сельвыканкам (старшыня Алена Грыб), ААТ «Новая Ніва» (кіраўнік Васіль Наздрын), ЧПТУП «В. П. Буткоўскі» (генеральны дырэктар Валянцін Буткоўскі), Ліплянская сярэдняя школа (дырэктар Наталля Калеснік), прафсаюзная арганізацыя ААТ «Лельчыцкая ПМК-103» (старшыня — Пётр Сініцкі), прафсаюзная арганізацыя Ліплянскага дзіцячага сада (старшыня — Алена Хілько).

Шмат добрыў слоў пра малую радзіму выказаў Рыгор Казачэнка, ураджэнец Ліплян:

— Змены ў вёсцы і раней адбываліся, а зараз — больш значныя. Пакуль служыў у арміі, з’явіўся новы клуб, у першы-трэці класы хадзіў у старую школу, а потым пабудавалі новую. Я быў там — і прыемна здзівіўся: тое, што было раней, і зараз — неба і зямля. Я памятаю сваіх настаўнікаў, на жаль, некаторых ужо няма з намі. Дарэчы бацька памёр даўно, маці з братам таксама адзін за другім. Мяне заўсёды цягне на малую радзіму. Прыязджаю і хаджу пешшу, мне тут кожны куточак блізкі і знаёмы з дзяцінства. Так здарылася, што я адслужыў у арміі і пасля застаўся ў Маскве, жыву там амаль 40 гадоў, працаваў у маўзалеі на Чырвонай плошчы, ужо на пенсіі. Але не забыў пра родную вёску,  Ліпляны заўсёды ў маім сэрцы  і душы. Прыязджаю раз у год, а калі маці была жыва, то і часцей.

Зараз два тыдні з задавальненнем лаўлю рыбу, адпачываю на прыродзе ля ракі, для мяне ўсё тут блізкае  і роднае.

Хочацца верыць, што часцінка свята абавязкова застанецца ў сэрцы кожнага і будзе поўніцца любоўю да роднай вёскі і працавітых людзей — сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі.

Святлана ЛІПСКАЯ

Фота аўтара

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: