День города, праздник, торт , Лельчицы

Шырока, маштабна адсвяткавалі Лельчыцы 450-гадовы юбілей. Значная падзея аб’яднала ўсіх, хто нарадзіўся і вырас у гэтым жыватворным палескім куточку, хто прыехаў сюды і застаўся жыць назаўсёды, хто душой і сэрцам любіць свой родны горад, ганарыцца яго гісторыяй і традыцыямі, захапляецца прыгажосцю і ўтульнасцю, самабытнасцю  і каларытам.

Цэнтрам вялікага свята  стала гарадская плошча, дзе ў гэты незвычайны дзень было асабліва шматлюдна. Сярод дарослых і дзяцей панаваў асаблівы настрой, прыўзнятасць, перапаўнялі ўзвышаныя пачуцці, гонар за сваю малую радзіму. На свяце прысутнічалі пачэсныя госці: дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Пісанік і Ірына Кралевіч.

Вітаючы жыхароў і гасцей горада, глава раёна Анатоль Гапонік шчыра павіншаваў усіх з юбілейнай датай, зазначыў, што менавіта ляльчане сваёй самаадданай штодзённай працай ператварылі Лельчыцы ў сучасны і ўтульны пасёлак, пры гэтым захавалі лепшыя рысы беларусаў: працалюбства, сардэчнасць, гасціннасць. Анатоль Генрыкавіч таксама нагадаў тых людзей, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі Лельчыцам, — гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровыя грамадзяне раёна, заслужаныя работнікі розных галін і сфер, падзякаваў усім за любоў да роднага горада, за працу і клопат аб яго дабрабыце.

Потым Анатоль Гапонік зачытаў прывітальны адрас ад старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя з нагоды слаўнага юбілею — 450-годдзя Лельчыц.

Наогул раённы цэнтр значна змяніў сваё аблічча, асабліва за апошні час: добраўпарадкоўваюцца дарогі і вуліцы, узводзяцца жылыя мікрараёны, пашыраецца прыватная забудова, з’яўляюцца новыя аб’екты, ствараюцца і акультурваюцца скверы і паркі, горад упрыгожваецца  яркімі кветачніцамі, малымі архітэктурнымі формамі і будынкамі, новымі ўязнымі знакамі. Чысціня, парадак, эстэтыка — гэта наогул стыль жыцця ляльчан, наша візітная картка, і гэтая марка ўтрымліваецца ўжо не адно дзесяцігоддзе.

Свой уклад у добраўпарадкаванне і росквіт роднага горада ўносяць і гаспадары асабістых падворкаў. Падчас свята назвалі пераможцаў раённага агляду-конкурсу «Лепшая сядзіба г.п. Лельчыцы», які быў аб’яўлены раённым выканаўчым камітэтам у рамках Года малой радзімы. Пасведчанні Лельчыцкага райвыканкама «Лепшая сядзіба 2019 года», падарункі, а таксама словы падзякі атрымалі: Алег і Валянціна Жураўлёвы, Аляксандр і Ірына Крывіцкія, Іван і Алена Дзямковы.

Са значнымі падзеямі павіншавалі сем’і Дзмітрыя і Надзеі Сальнікавых, у якіх напярэдадні свята нарадзіўся сын — сапраўдны волат; Дзмітрыя Каляды і Анастасіі Крупяневіч, якія ў юбілей горада звязалі свае лёсы вузамі шлюбу; Рыгора і Тамары Мазураў, якія 7 верасня адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця. Шчаслівыя бацькі немаўля, маладажоны, залатыя юбіляры прымалі самыя добрыя і шчырыя пажаданні і падарункі ад райвыканкама.

Урачыста прайшло шэсце працоўных калектываў горада. Вядучыя прадставілі арганізацыі, расказалі пра здабыткі кожнай з іх. Прадстаўнікі працоўных калектываў у суправаджэнні ўпрыгожаных машын са святочнай сімволікай і атрыбутамі рушылі ўздоўж вуліцы Савецкай. Адкрыла святочны парад адкрытае акцыянернае таварыства «Лельчыцкі аграсервіс». На плошчу выехала магутная сельскагаспадарчая тэхніка. Усіх работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, якія прайшлі па плошчы,  сустракалі апладысментамі, уклад кожнага з іх нельга пераацаніць, бо яны працуюць на павышэнне дабрабыту роднага горада, раёна, краіны.

Да знамянальнай даты любімаму гораду і яго жыхарам прадпрыемствы падрыхтавалі падарункі: «Скамейку кахання» — ААТ «Лельчыцкая ПМК-103», альтанку — ГЛХУ «Лельчыцкі лясгас», памятны знак у гонар 450-годдзя Лельчыц — ЧПТУП «В. П. Буткоўскі»,  кветкі — КПУП «Лялькам», дзіцячае спартыўнае абсталяванне — Лельчыцкі філіял «Энергазбыт», раённая газавая служба, энергагазаінспекцыя, раённыя электрычныя сеткі, святочны торт — Лельчыцкі філіял Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства.

Кожны куток горада-юбіляра быў напоўнены сюрпрызамі, працавалі шматлікія выставы, на якіх былі прадстаўлены вырабы ЧПТУП «В. П. Буткоўскі» з выкарыстаннем УФ-друку, архітэктура горада ў мініяцюры. Прыцягвалі ўвагу выставы сукенак і кампазіцый з кветак, жывых фігур, дамашніх пітомцаў, нацыянальных лялек. Можна было прадэгуставаць і набыць прадукцыю прадпрыемстваў вобласці, кулінарныя вынаходствы Лельчыцкага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства, мёд і ўнікальныя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў і пчаляроў нашага раёна і рэгіёнаў рэспублікі.

Прадэгуставаць ўраджай мёду можна было на выставе-продажы «Лельчыцкі край – мядовы рай».

Арт-пляцоўка мастакоў раёна

Арт-праект «Бабуліна шафа»
Выстава сукенак і кампазіцый «Кветкі любімаму гораду»

Гасцінна сустракалі кожнага ў «Літаратурным кафэ», дзе размясціліся навінкі сацыяльна значнай літаратуры, а кнігі-летапісы — сапраўдныя рукатворныя шэдэўры — знаёмілі з гісторыяй і традыцыямі  нашага горада.

Не пуставаў і «Газетны дворык», дзе кожны жадаючы змог пралістаць газеты мінулых гадоў, сфатаграфавацца на фоне стэнду «Светлае жыццё» акрыляе», падзяліцца сваімі марамі і пажаданнямі на дошцы, а таксама прымерыць на сябе бальную сукенку з газет і зрабіць здымак у гэтым уборы, набыць сувенірную прадукцыю, вырабленую ў рэдакцыі.

Удзельнікі Дня горада дзеляцца сваёй марай.
Прафілактычная акцыя «Адзіны дзень бяспекі» сабрала мноства хлопчыкаў і дзяўчынак

Шмат аматараў народных традыцый сабраў конкурс-прэзентацыя «Сельскі тэматычны падворак». Падворкі размясціліся ў скверы ля будынка статыстыкі. Сельскія Саветы з падведамнымі ўстановамі з вялікім майстэрствам паказалі вясельныя абрады: «Сваты», «Выкуп елкі», «Завіванне наміткі», «Дзяленне караваю». Нацыянальны каларыт стваралі вышытыя і тканыя вырабы, колішнія прылады працы, а ўдзельнікі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, захаплялі сваёй самабытнасцю,  выканаўчым майстэрствам народных песень, прыпевак, танцаў, ігрой на музычных інструментах. Гасцінныя гаспадары не толькі радавалі сваім талентам, але і запрашалі адведаць блюда нацыянальнай кухні, ад тых разнастайных прысмакаў, дэлікатэсаў і печыва ламіліся сталы. Усім сельскім Саветам за актыўны ўдзел былі ўручаны дыпломы.

«Выкуп елкі»

«Дзяленне каравая»

«Завіванне наміткі»

Абрад «Куры»

Дарослыя і дзеці захаплялі выканаўчым майстэрствам: яркія  танцавальныя кампазіцыі падаравалі ўсім удзельнікі ўзорнага харэаграфічнага калектыву «Фантазёры» дзіцячай школы мастацтваў, узорны танцавальны калектыў «Карагод» Ліплянскага дома культуры; цудоўнымі музыкальнымі нумарамі парадавалі калектывы мастацкай самадзейнасці нашага раёна, а таксама Ельскага, Нараўлянскага, Брагінскага і Кармянскага.

Урачыста на гарадской плошчы прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў, праведзеных у рамках Дня горада. Першы — «Властелин села»  — праходзіў на пляцоўцы ля гасцініцы «Убарць». Яго ўдзельнікі — сем’і Дашкевічаў (Буда Лельчыцкая), Палуянавых (аг. Буйнавічы) і Рапіных (аг. Стадолічы) — спаборнічалі ў пяці конкурсных выпрабаваннях:  прадстаўлялі свае сем’і, паказвалі спрыт у закатцы памідораў, распілоўцы бярвенняў і колцы дроў, дэманстравалі кулінарныя і творчыя здольнасці. Важна зазначыць, што ўсе трымаюць гаспадарку, ды і не малую! Толькі ўявіце: у Палуянавых на падворку аж 8 кароў! Не дзіўна, што руплівая гаспадыня Наталля Палуянава гатуе вельмі смачныя сыры. За актыўны ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага конкурсу «Властелин села» кожнай сям’і ўручылі мяшок зерня і салодкі падарунак. А ўладальнікамі дыплома пераможцы і галоўнага прыза — парасюка сталі Павел і Алена Дашкевічы.

Пераможцам конкурсу па кіданні тэлефонаў «Ляці, мабільнік», прызнаны Андрэй Дземідавец. Ён атрымаў дыплом і каштоўны падарунак — планшэт.

Кульмінацыйным момантам свята стала выступленне вядомага беларускага ансамбля «Песняры», музычныя падарункі якога суправаджаліся гучнымі апладысментамі і нікога не пакінулі абыякавым.

У Дзень нараджэння горада, яго слаўнага юбілею кожны знайшоў пляцоўку для душы, бо разнастайныя мерапрыемствы змаглі задаволіць любы густ. А напрыканцы свята погляды ляльчан накіраваліся ў начное неба, якое расцвеціў рознымі колерамі святочны феерверк. С юбілеем цябе, любімы горад! Жыві і квітней на радасць усім гараджанам!

Завяршылася святочная праграма дыскатэкай пад адкрытым небам.

Святлана ЛІПСКАЯ.
Фота Яўгеніі ЛЯХАВЕЦ, Людмілы ШТАРОВАЙ і Ільі ЦЭВЯНКОВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: