Крупка, Фицнер, истоки

Радзінны кут, забыць цябе няможна, —
Ты ж збярагаеш роду карані.
Таісія Мельчанка.

І сапраўды, з паэтам не паспрачаешся. У кожнага ёсць найлепшы куточак, які нехта заве «мая Бацькаўшчына», нехта — «малая радзіма» ці проста вёска, якая вабіць, якая ратуе і за якую так часта баліць душа…

Мы ўсе, хто з хат, сумуем па вёсцы. І перш за ўсё па яе людзях. Ідзеш па пустой вуліцы Крупкі і міжволі ўглядваешся ў кожны двор, каб убачыць там знаёмы з дзяцінства твар. Чамусьці вельмі хочацца ўбачыць твар цёткі Мар’і, цёткі Тэклі, «Тыццяны», бабы «Вудранкі»,  антонаўкі. Або казачную постаць дзеда Сідара, вядомага на ўсю ваколіцу пчаляра. Мы бачылі яго заўсёды ў светлай палатнянай кашулі з доўгай белай барадой. Ад яго падвор’я заўсёды пахла мёдам. І цяпер хочацца спыніцца і пастаяць там.

Твар святлее і лагоднее, калі ідзеш міма хаты бабы Ганулі. Нават у свае дзевяноста гадоў яна была заўсёды бадзёрай, усім рада, усміхалася, а роўная была, як струна. А як чыста было ў яе ў хаце, хоць кашы кінь, як кажуць. Мясцовыя грыбнікі заўсёды сачылі, калі яна пойдзе ў лес. Пайшла баба Гануля ў лес — пайшлі расці грыбы.

Нарэшце падыходзіш да свайго дома.
Надзейным быў бацькоўскай
                                              хаты вулей,
У ім матуля —рупная пчала,
Ды вельмі позна страту іх адчулі,
Хоць ёсць хаціна — а бацькоў няма.

Маўчаннем паліць душу пустая хата. Нібы соты, апусцелі пакоі. Так і хочацца сказаць: «Вярніся, мама, к сэрцу прыгарні!»

Так, мы ўсе сумуем па вёсцы, не гэтай, адзінокай, сумнай, вёсцы-дачніцы, а той, ранейшай, звонкагалосай, гаманлівай. Помніце, як у Івана Мележа: раніцай спявалі пеўні, кудахталі куры, мыкалі каровы, рохкалі свінні. Чуваць было гукі падзення малака ў даёнцы, крыкі пастуха на вуліцы, лясканне пугі аб зямлю, скрып калодзежнага жураўля, гукі кляпання кос перад касавіцай.

Хоць, па праўдзе кажучы, наша вёска яшчэ не зусім знікла, не такая і маўклівая і цяпер: вясной, летам і восенню паўсюль прыкметнае ажыўленне, дзелавая мітусня, на вуліцы больш машын і людзей. Але кожны раз я лаўлю сябе на думцы, што ва ўсім гэтым вельмі мала ад сапраўднай вёскі, якая яна была, калі поўнілася гукамі стваральнай працы.

Не, большасць маіх аднавяскоўцаў,  як сталых мясцовых жыхароў, так і прыезджых, руплівыя, працавітыя: даглядаюць свае дамы, завіхаюцца на сваіх падворках, будуюцца, вырошчваюць розныя ягады. Ды ўжо колькі гадоў не вяртаюцца з пашы каровы: на ўсю вёску няма ніводнай. Не «плывуць» па вуліцы і вазы з сенам. А колькі травы ўсюды! Не спяшаюцца ў поле жанчыны і падлеткі на дапамогу мужчынам. Ды і каму спяшацца! Няма да каго і некаму.

Аднак, галоўнае, як мне здаецца, не толькі ў знешніх праявах, а ў тым, што спакваля, непрыкметна мы страчваем душу вёскі. Дзе, як не тут, спрадвеку жыло наша слова? Цяпер жа ўсе размаўляюць у асноўным па-руску, а пакаленне, якое гаварыла на роднай мове, паступова адыходзіць. Дзе, як не ў вёсцы, выхоўваліся найлепшыя чалавечыя якасці? Адзін з галоўных законаў вясковай маралі: знаёмы ці не знаёмы табе чалавек — заўжды павітайся. Цяпер наўмысна ці наадварот пра гэта забываюцца не толькі «сельскія гараджане», але і ўладальнікі дачных сядзіб.

Магчыма, камусьці мае разважанні пададуцца занадта мінорнымі. Маўляў, не варта сумаваць па «леташнім снезе»: мяняецца час, мяняецца жыццё, у тым ліку і вясковае. І ўсё ж я шчыра веру: беларуская вёска, багатая сваім мінулым, не застанецца без будучыні, бо покліч роднай зямлі — не проста прыгожыя словы, а генетычна абумоўленая неабходнасць. Ды і ўявіць нашу нацыю, сялянскую па сваёй сутнасці, без вёскі… Мне здаецца, гэта немагчыма.  Інакш, як растлумачыць, што нам усё часцей, асабліва ў сталым узросце, хочацца спасцігнуць традыцыі, звычаі, абрады? менавіта яны аб’ядноўваюць нас, дапамагаюць асэнсаваць святы беларусаў, тыя духоўныя каштоўнасці, якія спрыяюць кожнаму чалавеку жыць у згодзе з нябёсамі, членамі сваёй сям’і і самім сабой. Нас цікавіць усё часцей, хто мы, адкуль нашы карані, дзе наша маленькая радзіма, да якога роду мы адносімся.

Возьмем хаця б народныя святы. У прыватнасці «Спленне», якое адзначаецца 28 жніўня, — так у нашай вёсцы называецца «Успение». Пра святкаванне «Сплення» я расказвала ўжо раней. Гэта быў дзень прыходу гасцей з розных вёсак. Ва ўсіх людзей гэтае свята аставіла самыя лепшыя, самыя светлыя ўспаміны на ўсё жыццё. Ці не таму традыцыі святкавання «Сплення» працягваюцца і цяпер? Ініцыятарамі гэтага выступілі тры гады назад Ніна Іванаўна Высоцкая і Людміла Мікалаеўна Мішчанка. Першая сустрэча была вельмі хвалюючай. Усе прыглядаліся адзін да аднаго, пазнавалі. Адкуль толькі ні прыязджаюць былыя крупянцы! Ад Калінінграда да Улан-Удэ, ад Крыма да Мурманска. Толькі прыехаць усім разам у адзін і той жа дзень цяжка. Так, у гэтым жніўні, за тыдзень да свята, прыехала сям’я Хадакоўскіх, так званыя «Есіпавыя» дзеці і ўнукі Хадакоўскага Іосіфа, з Карэліі, Петразаводска, Днепрапятроўска. Справа ў тым, што два гады назад на нашых «заланах» быў пажар, і іх бацькоўская хата згарэла. На падвор’і засталося адно дрэва. Яны пастаялі, паплакалі, паабдымалі дрэва гэтае, але ж былі і вельмі рады, што паселішча не запушчана, што зямля прыведзена ў парадак, і там растуць розныя ягады: маліны, ажыны, агрэст. Яны нават зямлі набралі ў мяшочкі і вырашылі нешта пабудаваць на гэтай зямлі новае. Ім было сказана, што гэта зямля ўзята ў арэнду, але ў любы час можа быць ім аддадзена. Так родная зямля клікае да сябе.

А вось 24 жніўня з’ехаліся больш блізкія госці: з Мазыра, Гомеля, Мінска, Зашыр’я, Буйнавіч, Лельчыц. Паставілі пад школьнымі яблынямі сталы, частаваліся яблыкамі, ажынамі, малінамі.

Па просьбе Міхаіла Іванавіча Марціновіча быў арганізаваны канцэрт народнага ансамбля з вёскі Сініцкае Поле. Весяліліся ўсе ад душы: спявалі, танцавалі, дзяліліся ўспамінамі дзяцінства, сумавалі па бацьках.

Малюнкі дзяцінства яскрава
Бачу праз памяць гадоў.
Сустрэла вёска ласкава,
Ды не абняць бацькоў.

Запомнілася сям’я Корбутаў. Яны на сустрэчы былі першы раз і вельмі здзівіліся парадкам і чысцінёй на нашых «заланах». На дарогу пачаставаліся ягадамі,  якія вырасціў Міхаіл Іванавіч на арэндаванай зямлі. Артыстаў таксама пачаставалі «заланаўскімі гасцінцамі».

Пабуду крыху на малой радзіме,
Пражыты буду славіць кожны дзень, —
Яна ж мяне сваёй напоўніць сілай,
Як маці, у дарогу правядзе.

Пад гэтымі словамі паэта мог падпісацца кожны з удзельнікаў свята.

Акрамя таго, усе пагадзіліся, што вёсцы трэба дапамога, у тым ліку з боку дзяржавы. Чысціню і парадак трэба наводзіць не толькі ў сталіцы, а ўсюды. Трэба і дарогу ў Крупцы адрамантаваць, і крынічку дапамагчы добраўпарадкаваць, накрыць яе, аналізы вады ўзяць і дарожку да крынічкі пракласці. Сваімі сіламі мы зрабілі шмат.

Ад імя жыхароў
і гасцей вёскі Крупка,
Наталля ФІЦНЕР.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: