Фестиваль, Автюки, Ауцюки

У Калінкавічах прайшоў дзевяты па ліку рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі». Гасцямі фестывалю сталі дэлегацыі Брэстчыны і Віцебшчыны, Гродзеншчыны і Магілёўшчыны, Міншчыны і, безумоўна, Гомельшчыны (калектыў Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці). А таксама госці з блізкага і далёкага замежжа — з украінскага горада Славуціч і малдаўскага Унгены, пабрацімай горада Калінкавічы, а яшчэ з Габрава — балгарскай сталіцы гумару.

Фестываль праходзіў 13-14 верасня і гэта стала ўжо першай адметнасцю, таму што папярэднія фестывалі народнага гумару праводзіліся ўлетку. Як адзначыў «хросны бацька» фестывалю пісьменнік Уладзімір Ліпскі, у гэтым трэба бачыць знак таго, што па восені збіраюць сельскагаспадарчы ўраджай, так і «мы збіраем свой гумарыстычны ўраджай». Уладзімір Ліпскі прапанаваў у якасці дэвізу чарговага дзевятага фестывалю словы: «Давайце смяяцца весела!». Таму што без народнага гумару, без іскрамётнага смеху нельга абыходзіцца ў жыцці. Чалавек павінен усміхацца і шчодра дзяліцца сваёй радасцю з іншымі людзьмі, каб быў пазітыўны настрой, які і нараджае аптымізм.

Цэнтральнай пляцоўкай правядзення свята народнага гумару стала плошча імя Леніна ў Калінкавічах. Але ўсё пачалося, як і заўсёды, у Аўцюках. Перад тым, як намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў абвясціў фестываль адкрытым, у аграгарадку Малыя Аўцюкі прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака пад назвай «Аўцюкоўскі глобус».

Прывітальныя адрасы для ўдзельнікаў фестывалю прагучалі ад Міністэрства культуры і кіраўніцтва Гомельскай вобласці.

На адкрыцці фестывалю званнем «Ганаровы аўцюк» ушанаваны Міхаіл Дрынеўскі, Уладзімір Радзівілаў і старшыня СВК «Дружба-Аўцюкі» Сяргей Даўгяла.

Фестываль народнага гумару пачаўся конкурснай праграмай творчых калектываў і выканаўцаў у намінацыях «Тэатр мініяцюр», «Гумарыстычная песня» і «Гумарыстычны танец».

Не менш цікавым і захапляльным стаў конкурс прыгажосці, а, дакладней, сельскай прастаты, пад назвай «Міс Аўцюкі-2019».

Шмат шчырых усмешак і радасных эмоцый выклікалі выступленні творчых калектываў Мазырскага, Ельскага, Лельчыцкага, Кармянскага, Брагінскага, Петрыкаўскага, Гомельскага і Акцябрскага раёнаў, а таксама тэатра гумару «Хрыстафор», якія выходзілі на галоўную сцэну ў канцэртнай праграме фестывалю.

Гомельскую вобласць на фестывалі гумару таксама прадстаўляў і творчы калектыў Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Па выніках нашыя артысты ўзнагароджаны Дыпломамі I ступені ў намінацыях «Частушка» і «Анекдот», Дыпломам II ступені ў намінацыі «Гумарыстычная песня» і Дыпломам III ступені ў намінацыі «Гумарыстычны танец». Віншуем калектыў з гэтымі дасягеннямі і жадаем новых творчых поспехаў.

Людміла ШТАРОВА, па матэрыялах газеты «Калінкавіцкія навіны».

Фото Александра Шапорды

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: