Светлана Медведева

Нядаўна сустрэлася са сваім былым вучнем (хоць, кажуць, былых не бывае), які прывітаўся са мной на беларускай мове і пачаў на ёй жа размаўляць. Успомніла, што Анатоль быў сярэднім вучнем, па беларускай мове меў тройку. Таму здзівілася: «Адкуль такое веданне мовы?» Яснасць унёс мой суразмоўца, расказаўшы, што яго заўсёды цягнула да роднага слова, толькі ў школе не разумеў многае ды і працаваў не ў поўную меру.

Затое цяпер захапляецца мовай не на жарт: часценька заглядвае ў слоўнікі, нават энцыклапедыю і стараецца размаўляць толькі па-беларуску, ды вось мала аднадумцаў у гэтым напрамку знаходзіць. Дарэчы, Анатоль просты рабочы.

А потым нібы папрок зрабіў мне, сказаўшы, што больш моцныя за яго вучні і нават выдатнікі па-беларуску не размаўляюць. Я, канечне, з ім не пагадзілася, адзначыла, што многія лепшыя вучні (маю на ўвазе беларускую мову) пайшлі па маёй дарозе, стаўшы выкладчыкамі роднай мовы і літаратуры, і размаўляюць па-беларуску не толькі на ўроках роднай мовы, але і на розных мерапрыемствах, паседжаннях, сходах і гэтак далей. Эта ў першую чаргу карэспандэнт нашай раёнкі Святлана, якая нярэдка і артыкулы піша на роднай мове, размаўляе на ёй і ў час сустрэч і гутарак са мной. Гэта і мае каллегі — Любоў Ліпская, Вера Шур, Наталля Фіцнер (на роднай мове яна дасылае і артыкулы ў «Светлае жыццё»), Анатоль Кашэвіч, які выдае свае кнігі на беларускай мове, размаўляе на ёй у паўсядзённым жыцці, Анатоль Палын, які заўсёды віншуе мяне са святамі менавіта на беларускай мове, і іншыя. Праўда, пра ўсіх я не магу сказаць такое (маю на ўвазе настаўнікаў-беларусаведаў). Хаця не так даўно ў сельскіх школах усе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Не магу не назваць і маю суседку Людмілу Шруб, якая таксама прыгожа размаўляе на роднай мове.

Вучань доўга не хацеў мяне адпускаць, гаварыў, што надта любіць роднае слова, а таму сустрэча гэта яму на радасць і карысць.

Прызнацца, усё гэта чуць мне было надзвычай прыемна.

На развітанне я сказала Анатолю, што мы не маем права навязаць камусьці тую ці іншую мову. Гэта выбар самога чалавека.

Дадому вярнулася акрыленая. Чамусьці захацелася звярнуцца да яе Вялікасці роднай мовы з самымі ўзнёслымі словамі. Хуценька ўзяла ручку, ліст паперы і пачала пісаць.

— Роднае слова!

Яно ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці яшчэ з маленства. У ціхім журчанні матчыных песень-калыханак, у яе пяшчотных ласках мы пачынаем улоўліваць яго своеасаблівыя формы і гучанне.

Потым у бесклапотным дзяцінстве яно ўводзіць нас у дзівосны навакольны свет. Як чароўны ключ, адкрывае нам роднае слова разнастайныя цуды і таямніцы жыцця, уносіць у прывабную і захапляючую далячынь падзей у бабульчыных казках і легендах.

Затым у школе мы сустракаемся з ім на старонках кніг. Клапатлівыя настаўнікі расчыняюць дзверы ў гэта бяскрайняе мора слоў.

Пасля мы забіраемся ў бяздонныя глыбіні гэтага мора слоў, адкрываючы там багацейшыя скарбніцы думак нашага народа, яго культуры. Мы ўваходзім у велічныя палацы навукі, дзе за разнастайнымі спалучэннямі слоў паступова ўлоўліваем усю складанасць і бясконцасць сусвету, захапляемся магутнасцю і вынаходлівасцю розуму людзей.

Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак, то суровае і грознае, як навальнічныя хмары.

А ўслухайцеся ў словы нашых народных паэтаў і пісьменнікаў. І вы адчуеце, як усе асобныя гукі ў іх зліваюцца ў багатыя, шырокія акорды, якія плаўна і велічна калышуцца, плывуць і як бы заміраюць удалечыні.

А якую глыбіню ненапісанай гісторыі выхоўвае роднае слова само па сабе!

Хачу адзначыць, што цікавасць да роднага слова ў мяне з’явілася яшчэ ў школьныя гады і захавалася на ўсё жыццё.

Не толькі на ўроках роднай мовы і літаратуры, у час выкладання ў школе, выкарыстоўвала роднае слова, але і на розных мерапрыемствах, паседжаннях, сходах, у якіх прымала ўдзел, з’яўляючыся старшынёй райсавета жанчын (так у той час называлася гэта аб’яднанне), дэпутатам пасялковага Савета, а таксама на педагагічных канферэнцыях, як толькі атрымлівала слова, ды і ў паўсядзённым жыцці. Слухалі ўважліва, з цікавасцю.

Многа гадоў пісала ды і цяпер пішу артыкулы, а нядаўна стала пісаць і вершы ў любімую раёнку (газета змясціла за пэўны перыяд больш за 400 артыкулаў і каля 20 вершаў). І ўсё на роднай мове.

Без паэтычных радкоў не магу абысціся і цяпер. Над імі я доўга і настойліва працавала.

Мова — маё багацце

Мова наша родная беларуская,
Ты самая прыгожая і мілагучная,
Мая радасць, маё жыццё..
Табе — вечнасць, а не забыццё.

Я прашу цябе, мова,
Вынашаная пад сэрцам,
Вырасшая ў пакутах,
Не паддавайся розным спакусам.

Памятай аб зямлі той,
Што нарадзіла цябе, —
І не мяняй свайго зместу, тлумачэння,
Водгаласу, зіхацення.

Будзь заснавальніцай дружбы,
Голубам добрых падзей,
Светачам важных ідэй,
Прыкладам народнай службы.

Ведай, што і ручаінка ў полі, і травінка,
І нават на дрэве кволая галінка —
Гэта ўсё ты, наша мова.
Дык жыві, узбагачайся і квітней нанова!

Упэўнена, што многія далучацца да майго меркавання. І дзякуючы агульным намаганням мова наша падымецца яшчэ на больш высокую ступень і зойме сваё ганаровае месца.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.
Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: