Анатоль Кашэвіч: Прыйсці на ўчасткі, каб выбраць дастойных

0
813

Вядома, кожны з нас у час выбараў, аддаючы свой голас за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, спадзяецца на тое, што гэты дэпутат будзе цалкам адданы на працягу ўсяго часу сваім дэпутацкім абавязкам, будзе актыўна і добрасумленна праводзіць у жыццё наказы сваіх выбаршчыкаў, заўсёды мець цесную сувязь з імі, быць добрым і актыўным дарадчыкам.

А беларускі народ па сваіх звычках і паводзінах — спакойны, разважлівы, даверлівы, умее чакаць. Можа гэта таму, што на працягу доўгіх сівых стагоддзяў не ўдалося яму пабудаваць піраміды, каб імкнуцца да верху, бліжэй да сонца, а, вядома, і да жыцця. А ўвесь час цягнула яго ўніз, бліжэй да зямлі. Нават калі паглядзець малюнкі паркавых ансамбляў мінулых стагоддзяў, дык нескладана заўважыць адну асаблівасць: паверхаў у будаўніцтве «маёнткаў» было ўсяго два-тры. І гэта не таму, што не ўмелі будаваць і жыць па-другому, а знарок штосьці іх стрымлівала. А трымала іх усё ж тая цяга да зямлі, векавое ра-зуменне: чым ніжэй сядзім, тым лягчэй будзе падаць на зямлю. І гэта філасофія замацавалася за беларусамі не на адно стагоддзе і нават тысячагоддзе. І магчыма таму, што даводзілася падаць вельмі часта, і станавілася зразумелым, што асцярожнасць па ўсім стала адной з галоўных мэт нацыянальнага характару, а яе найвышэйшым падмуркам — разважлівасць.

Значныя складанасці ў жыцці беларуса былі на працягу многага часу, але ж самыя хвалюючыя для яго прыйшліся на не такія ўжо і далёкія дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, калі рэальнасць уварвалася ў яго жыццё. З цягніка, што імкнуўся ў сацыялізм, у цудоўную далеч, яму патрэбна было перасесці ў цягнік з курсам на капіталізм, у спустошаную рэальнасць, у канкурэнцыю, у іншыя чалавечыя стасункі — без ілюзій. На хаду ўскочыць у новы састаў. Імгненна. І для яго ўсё гэта адбылося занадта нечакана. І давялося тут яму спасылацца зноў-такі на сваю талерантнасць, прыдумваць новую версію жыцця. Жорсткую, рацыянальную. Бо жыццё паўсюдна выклікала, крычала: «Мяняй! Мяняй!». А быў беларус да гэтага зусім не гатовы розумам, сэрцам, не падрыхтаваны на фізічным узроўні. Штодзённа патрэбна было змагацца, змагацца з самім сабой, са сваім няўмельствам, са сваёй псіхалогіяй…

І сваёй памяркоўнасцю, не без удзелу органаў улады ўжо самастойнай і незалежнай Рэспублікі Беларусь, пачаў ён будаваць сваё новае жыццё. Паўсюдна пачало весціся жыллёвае будаўніцтва не толькі ў буйных гарадах, але і на вёсках, будаўніцтва дарог паміж населенымі пунктамі. І нашы Лельчыцы аднавілі сваё аблічча, поўнасцю засялілі «Поле цудаў», падвялі ад усіх вёсак да райцэнтра дарогі з цвёрдым пакрыццём, на якіх цяпер штодзённа імчацца легкавікі  і іншы транспарт.

Успамінаецца, як некалі, з паўсотню гадоў таму назад, сярод Лельчыц тулілася невялічкая драўляная аўтастанцыя, ад якой у напрамку вёсак па бездарожжы з цяжкасцю хадзіла некалькі грузатаксі. Непадалёку ў прыстасаваным памяшканні знаходзіўся адзіны рэстаран, якога празвалі «Пад фікусам», праз дарогу ад яго ў драўлянай сялянскай хаце была гасцініца на чатыры ложкі, з адной невялічкай грубаю, якая ацяплялася дрывамі…

Успамінаецца з цяжкасцю ўсё тое, што адбывалася ў не такія ўжо і далёкія дзевяностыя гады. А ў нас, старэйшага пакалення, перад вачыма стаяць далёкія гады ваеннага ліхалецця. Якія страшэнныя пакуты перанеслі мы, жывучы ўсе ў той суровы час у холадзе і голадзе, сярод балот у лясных нетрысках. Жылі без усялякіх лекаў, харчаваліся ўзімку з-пад снегу жалудамі, не ведалі, што такое хлеб. Нас лавілі, катавалі, забівалі, везлі ў нямеччыну. Гадавалыя дзеці не вытрымлівалі ўсяго гэтага, паміралі на куранях. Іх састарэлыя жанчыны акутвалі радзюгамі і патайком адносілі ноччу на мясцовыя могілкі. Дошак для вырабу дамавін не было… У нас, дзяцей той жудаснай вайны, дзяцінства было ўкрадзена фашыстамі.

Цяпер жыццё ідзе зусім па-іншаму. Дзякуй Богу, больш за 70 гадоў неба над Беларуссю мірнае і чыстае. У людзей ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні. У нашых унукаў, праўнукаў бесклапотнае, радаснае, шчаслівае дзяцінства. Сучасная моладзь — актыўная, усебакова развітая, мэтанакіраваная, крэатыўная, мае ўсе магчымасці для раскрыцця свайго патэнцыялу, творчых здольнасцяў, самаўдасканалення.

Менавіта з выбарамі ў парламент беларускі народ звязвае на-дзею на тое, што будучыя дэпутаты змогуць годна прадставіць інтарэсы людзей, каб жыццё іх няўхільна паляпшалася.  Таму наш з вамі абавязак —  прыйсці на выбарчыя ўчасткі, вырашыць кожнаму самастойна, за каго аддаць свой голас, галоўнае, каб да ўлады прыйшлі тыя, хто неабыякава адносіцца да праблем людзей, дапамагае ім. Мы, беларусы, вартыя лепшага жыцця. Ужо настаў час расправіць плечы і паглядзець уверх, у нашых сілах зберагчы мір і дабрабыт на роднай зямлі.

Анатоль КАШЭВІЧ,
вёска Чырвонабярэжжа.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: