Пабуду крыху на малой радзіме,

Пражыты буду славіць кожны дзень, —

Яна ж мяне сваёй напоўніць сілай,

Як маці, у дарогу правядзе.

Т. Мельчанка.

Як вядома, 2018 год абяўлены ў Беларусі Годам малой радзімы і пастановай Савета Міністраў ад 18 ліпеня 2018 года нумар 547 ён прадоўжаны да 2020-га. Зацверджана нават праграма мерапрыемстваў па правядзенню гэтага года. Цудоўна! Гэта ўсяляе надзею на дапамогу нашых улад па ўпарадкаванню родных вёсак. Але гэты ўказ не толькі для ўлад. Гэта перш за ўсё для ўсіх нас, бо «мы ж усе з хат»

Год малой радзімы для жыхароў нашай вёскі Крупка пачаўся значна раней пастаноў, бо для тых, хто па-сапраўднаму любіць свой родны куточак, не трэба ўказаў пад нумарамі.

Гэты Год малой радзімы для нас пачаўся з аднаўлення крынічкі — душы нашай вёскі, нашых «заланоў». Аб гэтым я пісала ў артыкуле «Як мы ратавалі крынічку».

Затым пачалося адраджэнне ўсёй вуліцы, вёскі. Вялікая заслуга ў гэтым належыць Міхаілу Гусеву, які шмат намаганняў уклаў у добраўпарадкаванне возера. Прыемна цяпер праязджаць праз 1-ую Крупку, дзе вісіць шыльда «Аграсядзіба «Крупка», заснавала якую Любоў Канеева (Пашынская), якая вярнулася з Казахстана ў сваю родную вёску. Добры прыклад любові да роднай зямлі паказвае Міхаіл Марціновіч, які за кароткі тэрмін ператварыў зараслі ў цудоўны куточак. Ніхто не верыў, што гэта магчыма. Можна ісці па вуліцы, спыніцца і паласавацца малінамі. Яго сям’ю заўсёды мы бачым у працы, клопатах. А колькі любові да роднай хаты,  роднай зямлі ў Антаніны Мішуры, якая проста робіць цуды. Колькі кветак, фігурак звяроў упрыгожваюць яе двор! Прыязджаюць і браты, каб дапамагчы сястры зберагаць бацькоўскі кут. Добры прыклад гаспадарлівасці паказваюць гамяльчане Людміла Шарай (Кліменка) са сваім мужам Валодзем. Яны пабудавалі цэлы гарадок на месцы старой бацькоўскай сядзібы. Многае зроблена і на нашым селішчы. Значны ўклад у гэта робіць унучка Вікторыя Фіцнер. Шмат яшчэ чаго трэба зрабіць. Вельмі цяжка нам без нашага Аляксандра Уладзіміравіча, які заўчасна пайшоў з жыцця.

Толькі добрыя словы можна сказаць у адрас нашых старажылаў вуліцы: Ласоўскіх і Пашынскіх, міма хат якіх заўсёды прыемна прайсці і праехаць. Прыязджаюць дзеці з Лельчыц, Гомеля, дапамагаюць трымаць хаты ў парадку і чысціні. Добры прыклад выхавання і любові да роднай зямлі, роднай хаты.

У гэтых хатах спалася салодка —

Дапамагалі і яе вуглы.

Хоць тыя дні мінулі незваротна,

А памяць засталася назаўжды.

Добрая памяць пра дзяцінства і дапамагае чалавеку пранесці любоў да роднай зямлі праз усё жыццё.

У тым годзе ў артыкуле «Пісьмо бацькам на неба» я расказвала пра аднаўленне ў нашай вёсцы народных традыцый. У прыватнасці, святкавання «Сплення» — так у вёсцы называюць «Успенне», якое адзначаюць 28 жніўня.

Мабыць, людзі так засумавалі па гэтаму святу, што вырашылі збірацца штогод. Летась сабралася шмат людзей з розных сёл і гарадоў. У гэтым годзе прыехалі нават з Крыму. Гэта мой аднакласнік Мікалай Мішура. Ён навёў парадак у школе. Падрыхтавалі клас для сустрэчы, змайстравалі сталы. Многія папрыязджалі з унукамі, якіх вадзілі да крыніцы, каб яны паспрабавалі жывой вады, любаваліся нашымі «заланамі», частаваліся малінамі. За сталамі, устаўленымі рознымі смачнымі стравамі, успаміналі сваіх бацькоў, першых настаўнікаў, сяброў, спявалі песні. Нам здавалася, што мы зноў маладыя.

Размова льецца ласкай-ручаінкай,

Здаецца, зносіць і гады пакут,

І ўваскрасае ў гэтыя хвіліны мая душа,

Дык дзякуй, родны кут.

Акрамя ўсяго, у гэтым годзе да нас завіталі самадзейныя артысты з Лельчыц. Шчыра прымалі мы вакальны ансамбль «Спатканне» Лельчыцкага аўтаклуба раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. З цікавасцю слухалі народныя песні на беларускай мове, а таксама на рускай, украінскай. Запрашалі прыехаць у наступны раз. Затым дружна пайшлі збіраць маліны, якія вырасціў Міхаіл Іванавіч для людзей. Дзіва ды й годзе! Усе казалі, што тут і дыхаецца іначай, што «няма паветра лепшага нідзе». Усе вырашылі:

Са спадчынаю сувязь не парвецца —

Яшчэ не раз прыедзем мы сюды…

Вось чуем звон, і замірае сэрца.

Зноў хочацца папіць крынічнае вады.

А да тых крупянцаў, што яшчэ не прыехалі ні разу, папрасілі звярнуцца праз газету, каб у Год малой радзімы яны ўсё ж наведалі свой родны кут, каб хоць сцежачкі пракасілі да родных хат, каб зайшлі ў бацькоўскі дом (калі яго яшчэ не закапалі), забралі з сабою хоць абразочкі, якія абароняць іх ад бяды і зла, каб пастаялі са свечкаю васковай, каб «нас сагрэла памяццю яна».

Наталля ФІЦНЕР,

аг. Буйнавічы.

На здымку: У час святкавання «Сплення» з вакальным ансамблем «Спатканне» Лельчыцкага аўтаклуба раённага центра культуры і народнай творчасці.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: