Пад такім дэвізам  прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Буйнавіцкай сярэдняй школе. Урачыстае адкрыццё адбылося 9 лістапада, дзе настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Галіна Мікалаеўна Бялоцкая, Любоў Пятроўна Белькавец і Алена Георгіеўна Радаўня пазнаёмілі вучняў школы з праграмай Тыдня.

у краткое, белорусский язык

Распачаў свята конкурс на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў, дзе вучні 5-11 класаў змаглі паказаць усё сваё майстэрства, артыстызм у чытанні любімых твораў. Нялёгка было журы вызначыць пераможцаў! Адзінадушна два першых месцы падзялілі між сабой вучаніца 8 класа Аксана Багданава і вучаніца 9 класа Ангеліна Шчарбатая. Два другія занялі вучаніцы 6 класа  Марыя Любін і Анастасія Уласенка. Два трэція месцы дасталіся вучню 11 класа Уладу Стасенка і вучаніцы 8 класа Вікторыі Есінай.

Гасцінна запрасіла Алена Георгіеўна Радаўня вучняў 5-6 класа прыняць удзел у лінгвістычным конкурсе «З рога ўсяго многа», які адбыўся 10 лістапада. Цікавыя загадкі, шарады, рэбусы, лінгвістычныя задачкі запалілі агеньчыкі цікавасці дзяцей, прымусілі добра папацець, каб выканаць заданні.

Літаратурна-музычная кампазіцыя «І не знікаць паэтам вечна!», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, падрыхтаваная настаўнікамі Любоўю Пятроўнай Белькавец і Галінай Мікалаеўнай Бялоцкай, не пакінула раўнадушнымі ніводнага чалавека ў зале. Дзеці пазнаёміліся з асноўнымі этапамі жыцця паэта, пісьменніка, публіцыста, гісторыка, пачулі яго вершы, прасякнутыя вялізнай любоўю да Радзімы, да свайго народа. Удзельнікі мерапрыемства змаглі данесці да кожнага прысутнага патрыятызм як асноўную рысу творчасці Уладзіміра Караткевіча.  Асабліва вызначыліся вучні Анатолій Маскалевіч, Улад Стасенка, Наталля Багдановіч, Яна Неваднічэнка, Аксана Багданава, Улад Буцько, Дзяніс Карповіч, Кацярына Цішкевіч, Марыя Любін, Вікторыя Есіна і Мікалай Ціценка.

Не забыліся ў гэты тыдзень і пра восень, яе народныя святы. 12 лістапада вучняў 7-8 класаў запрасіла Галіна Мікалаеўна Бялоцкая на «Асенні марафон». Гаспадыня Восень (Аксана Багданава) прыйшла  са сваімі дзецьмі  Вераснем, Кастрычнікам, Лістападам (Улад Буцько, Дзяніс Карповіч, Кацярына Цішкевіч), якія расказалі пра свае назвы, народныя святы і прыкметы. Разам з гледачамі завіталі ў звычайную беларускую сям’ю (гаспадар — Іван Цішкевіч, гаспадыня — Вікторыя Есіна, дачка — Кацярына Цішкевіч), якая паказала цікавую сцэнку пра вясковы побыт «Прыйшла восень — работ восем». Госці свята Іна Радаўня, Валянціна Любін і Ганна Івашкевіч парадавалі прысутных вершамі пра гэтую цудоўную пару. Гаспадыня Восень пачаставала прысутных сваімі дарамі — смачнымі духмянымі яблыкамі.

Для вучняў 11 класа настаўнік Любоў Пятроўна Белькавец падрыхтавала конкурс

«Славутыя імёны Бацькаўшчыны», які прайшоў 13 лістапада. Дзве каманды «Белая Русь»

і «Мінулае» прадставілі свае каманды і растлумачылі выбар назвы. Вучні ўспомнілі Еўфрасінню Полацкую, Кірыла Тураўскага, Сімяона Полацкага, Вітаўта, Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і многіх іншых дзеячоў  нашай Бацькаўшчыны, даведаліся пра культурныя каштоўнасці Беларусі, успомнілі радкі вершаў беларускіх паэтаў, пастараліся пазнаць, каму яны належаць. Асабліва выдзеліліся сваімі ведамі вучні Ірына Сыцько, Аліна Церах, Наталля Вітоўская, Ангеліна Штукар, Яна Неваднічэнка.

З вялікім задавальненнем дзеці паўдзельнічалі ў акцыі «Далучы сваю далонь — пажадай краіне». Як прыемна было чытаць пажаданні дзяцей! Найперш гэта міру, дабра, дабрабыту, здароўя, шчасця, чыстага неба, чыстай вады, чыстых думак і чыстых душ. Самымі актыўнымі ў конкурсе малюнкаў «У свеце казкі» сталі вучні Святлана Бабовіч, Анастасія Вітоўская, Дзмітрый Батурэвіч, Таццяна Уласенка і Канстанцін Батурэвіч. А ў акцыі  «Дай рускай мове разгрузку — гавары па-беларуску» прынялі ўдзел не толькі вучні, але і настаўнікі, і ўвесь персанал школы.

На працягу тыдня вучні знаёміліся з выставамі кніг, прысвечаных 85-годдзю з дня нараджэння У.Караткевіча, і пісьменнікам-юбілярам 2015 года.

Урачыстае закрыццё Тыдня беларускай мовы і літаратуры адбылося 13 лістапада, дзе настаўнікі роднай мовы падвялі вынікі, падзякавалі дзецям за актыўнасць і ўзнагародзілі іх пахвальнымі граматамі. Асаблівыя шчырыя словы падзякі атрымала вучаніца 11 класа Ангеліна Штукар за мастацкае афармленне аб’явы і акцыі «Далучы сваю далонь — пажадай краіне».

Я думаю, што такое традыцыйнае свята надоўга застанецца ў дзіцячай памяці і душы.

Галіна БЯЛОЦКАЯ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Буйнавіцкай сярэдняй школы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: