писатель, Кашевич, книга, новенькая

У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі «Новенькая» Анатоля Кашэвіча — нашага таленавітага пісьменніка, ветэрана педагагічнай працы з вёскі Чырвонабярэжжа. На гэтую цікавую сустрэчу сабраліся землякі і знаёмыя аўтара, моладзь і педагогі, а таксама неабыякавыя да мастацкага слова і культурнага жыцця раёна людзі. На жаль, не дажыў да гэтага дня наш лельчыцкі паэт Дзмітрый Сечка, які вельмі чакаў выхаду ў свет новай кнігі свайго сябра.

писатель, Кашевич, книга, новенькая

Углядаюся ў твар Анатоля Станіслававіча — задумлівы, ясны позірк, дабрыня ў вачах, нельга было не заўважыць яго мудрасці і строгасці, якія ўласцівы многім настаўнікам. Сціплы і просты, чалавек, улюблёны душой і сэрцам у сваю малую радзіму, неабыякавы, творчы, няўрымслівы. Менавіта такім прадстаў перад прысутнымі наш пісьменнік Анатоль Кашэвіч. Яму было вельмі прыемна, бо падзея адбывалася важная і доўгачаканая, але і няёмка ад добрых слоў, увагі, цеплыні.

Вядучая Людміла Давыдзенка праводзіла сустрэчу ў форме дыялогу, прыгадвала цікавыя факты з біяграфіі пісьменніка, задавала яму пытанні. Падчас паказу відэапрэзентацыі ўсе даведаліся пра жыццёвы і працоўны шлях Анатоля Кашэвіча.

Анатоль Станіслававіч нарадзіўся ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна. Яго бацька працаваў у калгасе кавалём, маці — пры школьнай гаспадарцы. Прайшоўшы амаль усю вайну, бацька Анатоля загінуў у канцы сорак чацвёртага года. Маці са сваім бацькам, дзедам Міколікам, як маглі, выратоўвалі чатырох малалетніх дзяцей на лясных куранях ад фашыстаў, ад голаду і холаду.

Пасля вайны Анатоль скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу. Чатыры гады праслужыў на караблях Чарнаморскага флоту. Скончыў Мазырскі, затым Мінскі педінстытут, гістарычны факультэт.

Больш за сорак гадоў свайго жыцця Анатоль Кашэвіч прысвяціў педагагічнай дзейнасці, большую палову з іх быў дырэктарам школы. Плённая праца Анатоля Станіслававіча адзначана шматлікімі ўзнагародамі, педагогу прысвоена ганаровае званне «Выдатнік адукацыі СССР» і «Выдатнік народнай адукацыі БССР».

писатель, Кашевич, книга, новенькая

Анатоль Станіслававіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю яшчэ ў школьныя гады, пісаў невялічкія замалёўкі, нататкі ў Петрыкаўскую раённую газету. Друкаваў свае замалёўкі, вершы і ў Севастопальскай ваенна-марской газеце «Агні маяка». Больш прылежна пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю, калі ў пачатку шасцідзесятых гадоў працаваў настаўнікам у вёсцы Іванава Слабада. На старонках раёнкі пачалі друкавацца яго апавяданні, нарысы, усемагчымыя замалёўкі. У 2011 годзе асобнай кнігай выйшла з друку яго дакументальная аповесць «На куранях», прысвечаная ўспамінам пра жудасную мінулую вайну. У 2012 годзе была надрукавана дакументальная аповесць «Прызванне — ратаўнік», дзе аўтар апавядае аб тых выпадках, калі ўдалося яму вярнуць да жыцця пацярпелых тапельцаў. Анатолю Кашэвічу ўдалося выратаваць больш дзесяці чалавек. Яму Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР ад 2 ліпеня 1987 года ўручана медаль «За спасение утопающих». Пазней былі напісаны аповесці «Выбух снарада», «Дзед Міколік», «Залатое вяселле», якое справілі яны з жонкай, Ганнай Пятроўнай, 17 лістапада 2011 года. У 2013 годзе выйшла з друку яго аповесць аўтабіяграфічнага характару «Прыліў памяці», у якой расказаў ён аб жыцці сваіх продкаў, продкаў жонкі, аб сумесным іх жыцці больш як за паўстагоддзя, аб сваіх дзецях і ўнуках, спадзеючыся, што ў будучым будуць чытаць яны гэтую кнігу, памятаць аб усім. Дарэчы, усе кнігі пісьменніка ёсць у раённай бібліятэцы.

А ў мінулым годзе пры спонсарскай падтрымцы і супрацоўніцтве раённай бібліятэкі выйшла з друку ў КПУП «Калор» г. Мазыра аповесць «Новенькая». Аб чым яна? У гэтай кнізе расказваецца пра жыццё жыхароў аддаленай ад райцэнтра вёскі Данілевічы ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя, пра моладзь, настаўнікаў, з якімі працаваў герой Мікалай Іванавіч некалькі гадоў дырэктарам школы, пра маладую настаўніцу Галіну Анатольеўну, якая была накіравана ў гэтую школу выкладаць родную мову і літаратуру. Значную частку аповесці адводзіць аўтар замалёўцы хараства прыроды, якая агортвае ўсё наваколле гэтай палескай вёскі.

писатель, Кашевич, книга, новенькая

Творча, артыстычна праінсцэніравалі ўрыўкі з аповесці «Новенькая» работнікі раённай бібліятэкі і ўраджэнец Чырвонабярэжжа, пастаянны чытач бібліятэкі Мікалай Чэчка.

— Шмат было ўзята з жыцця, бо я сапраўды працаваў дырэктарам Данілевіцкай школы, — прыгадаў гісторыю стварэння кнігі Анатоль Станіслававіч. —  Багаты матэрыял быў на вачах. Але гэта аповесць — мастацкая. «Новенькая» была надрукавана амаль цалкам у раённай газеце «Светлае жыццё», з якой я супрацоўнічаю ўжо больш за 50 гадоў. На адпачынку пачаў яе дапаўняць, пераглядаць сюжэт і змяніў цалкам. Ёсць у кнізе крыху аўтабіяграфічнага, але шмат і выдуманага. Больш цікавіла непаўторная прырода вакол Данілевічаў, магутны цар-дуб, да якога мы хадзілі колькі разоў. А грыбоў там расло — у кошыкі не ўлазілі. Тады дзеці сваімі думкамі вучылі мяне, маладога настаўніка. А перапрацаваў кнігу ў 2014 годзе і аддаў у друкарню.

Сваімі ўспамінамі падзялілася Алена Карась, якая і зараз жыве ў Данілевічах. Такая гераіня ёсць і ў аповесці. Жанчына распавядала, як у тыя часы ўсе разам пракладалі да мясцовага клуба тратуар, як у гэтую працу далучыліся настаўнікі, у тым ліку і Анатоль Кашэвіч. Гэты момант з жыцця жыхароў вёскі адлюстраваны і ў кнізе «Новенькая».

Аб сваіх першых працоўных кроках цікава, дзе-нідзе з пачуццём гумару расказалі ветэраны педагагічнай працы Святлана Мядзведзева і Праскоўя Грыбоўская. Святлана Аляксандраўна пачынала настаўнічаць у Баравым, а Праскоўя Савельеўна — у Кавыжаве.

Шмат цёплых, шчырых слоў і пажаданняў выказала свайму настаўніку былая вучаніца Анатоля Станіслававіча Вера Гаўрылавец, якая працуе загадчыкам Чырвонабярэжскай бібліятэкі-клуба. Словы ўдзячнасці пісьменніку выказала старшыня раённага савета ветэранаў Лідзія Заграбельная.

Многа гадоў працавала разам з Анатолем Кашэвічам яго былая калега Вераніка Барысенка. На ўсё жыццё Вераніка Мікалаеўна запомніла словы Анатоля Станіслававіча:

— Вось гэта будзе сапраўдная настаўніца. Канец рабочага дня, а яна яшчэ ў школе.

Вераніка Барысенка падзялілася ўспамінамі аб школьным жыцці тых часоў, калі дырэктарам быў Анатоль Кашэвіч, і дадала словы, якія гавораць аб многім: «Анатоль Станіслававіч — кіраўнік ад Бога і настаўнік ад Бога. Я рада, што побач з намі жыве такі чалавек».

Падчас сустрэчы падзяліўся Анатоль Кашэвіч сваімі творчымі планамі і напрацоўкамі. Зусім нядаўна з’явілася яго чаргогая аповесць дакументальнага характару «Смалакурня», дзе аўтар, спасылаючыся на ўспаміны старажылаў вёскі, якія ён занатаваў яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя, на шэраг архіўных дакументаў, расказаў аб жыцці прыўбарцкіх палешукоў у мінулым, аб тым, як да пачатку ХХ стагоддзя праз Убарць хадзіў паром, як займаліся палешукі сплавам лесу па Убарці да Петрыкава, як працавала ў вёсцы смалакурня пана Ермаловіча і многім іншым.

Многія з прысутных выказалі пажаданне мець такую кнігу ў сваёй хатняй бібліятэцы, каб яна з’явілася і на паліцы раённай бібліятэкі. Але для выдавецтва аповесці «Смалакурня» патрэбна дапамога спонсараў. Думаю, абавязкова хто-небудзь адгугнецца, каб гэта кніга стала гістарычнай памяццю нашага раёна, што асабліва актуальна цяпер, у аб’яўлены Год культуры.

Напрыканцы сустрэчы Анатоль Станіслававіч даў такі наказ падрастаючаму пакаленню:

— Спадзяюся, што наша моладзь не будзе забываць кнігу, а стане сябраваць з ёю, бо кнігі ішлі да нас стагоддзямі. Не цурайцеся роднай, мілагучнай, сакавітай матчынай мовы. Электронная кніга ніколі не заменіць тую, што трымаеш у руках, перагортваеш старонку за старонкай. Кніга патрэбна кожнаму адукаванаму чалавеку, бо яна вучыла, вучыць і будзе вучыць усяму разумнаму, добраму, вечнаму, у ёй набіраліся мудрасці і ведаў нашы прашчуры, нашы дзяды, бацькі.

Прэзентацыя прайшла, але ніхто не расходзіўся. Жадаючыя бралі аўтограф у пісьменніка, фатаграфаваліся з ім на памяць. Некалькі экземпляраў кніг Анатоль Кашэвіч падараваў раённай бібліятэцы.

писатель, Кашевич, книга, новенькая

Ніхто не хацеў пакідаць залу. Кожны быў задаволены, што правёў свой час з такім цікавым чалавекам. На працягу ўсёй сустрэчы, якая стала сапраўдным адпачынкам для душы, у бібліятэцы панавала цёплая, шчырая, добразычлівая атмасфера. Кожны з выступаючых гаварыў шчыра, ад душы, і гэта адчувалі прысутныя. Вельмі прыемна было атрымаць каштоўны падарунак — кнігу з рук аўтара.

Усе вярталіся дамоў у добрым настроі, яшчэ доўга абмяркоўвалі тое, што пачулі падчас сустрэчы. І, канешне, было вялікае жаданне прачытаць прэзентаваную кнігу, перажыць разам з яе героямі розныя моманты іх жыцця, адчуць асалоду ад цудоўных замалёвак прыроды Палесся, гонар за свой родны край, такі прыгожы і лагодны, за сваю малую радзіму. Бо менавіта так, з вялікай любоўю і пяшчотаю, адносіцца да свайго роднага куточка наш зямляк, пісьменнік Анатоль Кашэвіч.

Святлана ЛІПСКАЯ.

Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: