Калі вам пашчасціць пабываць у вёсцы Прыбалавічы Лельчыцкага раёна, то ў яе цэнтры вам абавязкова кінецца ў вочы драўляная пабудова. Гэта Свята-Пакроўская царква — помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя.
У 1797 годзе ў вёсцы Прыбалавічы на могілках у гонар Покрыва Прасвятой Багародзіцы стараннямі прыхаджан была пабудавана капліца. У 1825 годзе яе адрамантавалі і павялічылі ў памерах. Капліца стала храмам. Службы ішлі ў ім да 1967 года. У 1988 годзе храм зноў пачаў функцыяніраваць.
Кожны, хто бывае ў царкве, адчувае сябе добра і лёгка, знаходзіць тут спакой і душэўную гармонію. Адступаюць нягоды, беды і трывогі, знікае мітусня. І гэта невыпадкова, бо царква намолена многімі пакаленнямі вернікаў. Жыхары Прыбалавічаў вераць, што яны знаходзяцца пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы, заўсёды адчуваюць дапамогу і падтрымку Маці Божай.