Род звядзецца, калі магіл не шанаваць

0
1770

Вось і сустрэлі мы вясну, а разам з ёю — і самае вялікае свята — Вялікдзень, або, як мы казалі, Паску. Людзі надзвычай шануюць гэты дзень і рыхтуюцца да яго. Гэта свята абуджае ў нашым сэрцы самыя светлыя ўспаміны, бо яно не менш чароўнае, чым Каляды. І рыхтавацца пачыналі мы да яго ў дзяцінстве не за тыдзень-два, а за некалькі месяцаў, адразу ж пасля Каляд.

Здавалася б, як зімой рыхтавацца да Вялікадня? Доўгімі зімовымі вечарамі (тады яшчэ пры лямпе), парабіўшы ўрокі, мы вышывалі ручнікі, дарожкі, покрыўкі на падушкі, а яшчэ фарбавалі бумагу і рабілі кветкі. Гэтымі кветкамі затым упрыгожвалі вянкі на магілы нашых бабуль, дзядоў.

старое фото, на кладбище, семья

Перад Паскай, як мы казалі, у чысты чацвер, у кожнай хаце ішла генеральная ўборка, хаця бяліліся хаты значна раней, на вясенніх канікулах. А ў чацвер мы раскрывалі свае «сакрэты». У гэты дзень дзяўчаты вешалі новыя ручнікі, вышытыя за зіму, засцілалі новыя дарожкі, вытканыя матулямі посцілкі. На нашай вулачцы ў кожнай хаце было па 2-3 дзяўчыны.

І вось мы ўсе збіраліся гурбой і хадзілі ад хаты да хаты, каб ацаніць работу дзяўчат з кожнага дома. Мы правяралі, як прыбрана ў хаце, якія новыя ручнікі павешаны і ў каго яны прыгажэйшыя. Асабліва памятаю ручнікі маёй цёткі Мар’і. На адным з іх была вышыта гладдзю ружа, а твар у яе быў, як у дзяўчыны. З вачэй яе капалі слёзы. Пад ружай стаяў чалавек з сякерай і замахваўся на ружу, каб ссячы. Доўга мы стаялі і разглядвалі той ручнік. Нам так шкада было той ружы!

Прайшло шмат часу. І цёткі Мар’і ўжо даўно няма, і хата стаіць пустая і асірацелая, а той ручнік і сёння ўяўляецца мне. Аднойчы мне здарылася папасці ў цётчыну хату. Вельмі ж мне ўжо хацелася пабачыць, ці вісіць той ручнік з ружай. І што б вы думалі? Вісіць і цяпер. І такім ён здаўся мне мілым і дарагім! Я яшчэ больш зразумела ружу.

А пасля была «ўсяночная», як мы казалі. Хлопцы рыхтавалі дровы, а пасля ўсе разам ішлі ў бліжэйшы лясок і выбіралі месца–палянку. Гэта было ўсё зусім не так, як цяпер. Бралі з сабой хлеб, сала. Сядзелі каля агню, смажылі гэтае сала на ражнах, расказвалі цікавыя гісторыі, смешныя выпадкі, якія раней распавядалі нам маці, суседзі, гулялі ў хованкі. Дзеці нашага вясковага настаўніка прыносілі свой баян і ігралі нам розныя мелодыі, а мы спявалі, танцавалі. Прыходзілі да нас і бацькі, правяралі, чым мы займаемся. Роўна ў 12 гадзін наша «ўсяночная» заканчвалася, бо да нас  ужо спяшаўся  настаўнік, забіраў сваіх хлопцаў і нам раіў ісці дадому. А іншыя дзеці разыходзіліся, калі пачынала світаць. Вось бы нам тады гэтыя тэлефоны, смартфоны, магнітафоны, што ў сённяшніх дзяцей! А колькі літаратуры выдаецца, каб арганізаваць цікава свой вольны час! Тут маглі быць і анекдоты, фокусы, конкурсы юных талентаў, сцэнкі на тэму школьнага жыцця, сюрпрызы. А каб яшчэ і класны кіраўнік дапамог падрыхтаваць гэту «ўсяночную», то дзецям гэта запомнілася б на ўсё жыццё. А каб яшчэ і настаўнікі прыйшлі ды паказалі свае таленты, пабылі з дзецьмі! Тады не было б і ніякіх выпівак і брыдкаслоўя.

Наступала Пасха. Бадай, нічога так не запомнілася, як раніца ў чыстай-чыстай хаце, з белай печчу, з вышараванай падлогай, услончыкамі, вілошнікамі і … місачкай з вадой і чырвоным яечкам у ёй. Уставалі вельмі рана, калі прыносілі з царквы свячонае: яйкі, булку, мяса, соль. Гэта рабіў звычайна адзін чалавек з вуліцы — Антон Пашынскі. Умываліся ў місачцы з чырвоным яечкам, каб прыгожыя былі, як казала маці. Усе апраналіся па-святочнаму. Ціхенька сядалі за стол, чакалі, пакуль маці памоліцца Богу. Затым спачатку спрабавалі свячонае, а снеданне пачыналі з гульні ў «біткі». Елі толькі яйкі, якія пабіліся. А цэлымі працягвалі выбіваць. Іх называлі мы «мацакамі». На стале стаяла ў місцы смятана, быў тварог, паскі, як мы называлі кулічы, і, самае галоўнае, — мяса. Такое мяса мы елі толькі на Паску. Гэта быў задні свіны кумпяк. Маці рабіла корж з аржаной мукі і аблеплівала ім гэты кумпяк. Але спачатку шпігавала яго часнаком, лаўровым лістом, перцам, соллю. Нам падабалася дапамагаць маці шпігаваць яго. Мы бралі востры нож і рабілі як мага глыбей дзірачкі ў мясе, а маці ў іх запіхвала часнок, лаўровы ліст і г.д. Нам здавалася  (і цяпер здаецца), што нічога смачнейшага няма за гэтае мяса. Асабліва з хрэнам (а хрэн абавязковы на вялікодным стале).

Пасля снедання ўсе з хат выходзілі на вуліцу, каб пагуляць у «біткі» і пахваліцца сваімі новымі сукенкамі. Да кожнай Пасхі нам шылі новыя сукенкі. Праўда, не сама маці, а вясковая партніха, цётка Яня. Да гэтых пор помню сваё «плацце», як мы казалі, — беленькае, у блакітныя кропачкі. А хлопцы стараліся выбіць як мага больш яек. Для гэтага яны рабілі «смалянкі» — яйкі, з якіх праз маленечкую дзірачку высмоктвалася ўся вадкасць і ўсярэдзіну залівалася растопленая смала. Тады ўжо ніхто не мог пабіць тое яйка! Але калі выяўляўся падман, то ўжо біты быў той, хто гэта зрабіў. У яго забіраліся ўсе выбітыя яйкі. Такія гульні ў «біткі» працягваліся цэлы дзень. Прыходзілі дзеці нават з іншых вуліц. Лічылі, колькі хто выбіў яек, і аб’яўлялі пераможцу.

Пасля Вялікадня пачыналася падрыхтоўка да «могілак», як мы казалі. Так мы называлі дзень памяці, ушанавання памерлых людзей — нашых продкаў. А калі гаварыць наогул —да Радаўніцы. Але гэтае слова неяк у нашы часы ў вёсцы не гучала. Бо, акрамя афіцыйнай Радаўніцы, у нас ушаноўваецца Мірскі Вялікдзень, які адзначаецца ў чацвер пасля Хрыстовай Пасхі. Традыцыя ісці на могілкі ў чацвер звязана яшчэ і з тым, што раней свяшчэннікі аб’язджалі ўсе могілкі і не паспявалі аб’ехаць усе вёскі ў аўторак. Кожная сям’я ў нашай вёсцы старалася, каб апошні прытулак дзядоў і бацькоў выглядаў прыстойна і прыгожа. Нездарма мы ўсю зіму рабілі кветкі, а перад чацвяргом ішлі ў лес і шукалі дзеразу, рабілі з яе вянкі. Дамаўляліся, калі пойдзем прыбіраць могілкі. У гэты дзень, напрыклад, у сераду, адпрошваліся ў настаўнікаў з урокаў раней, і ўсе не ішлі, а беглі са школы 7 кіламетраў, каб паспець прыбраць магілкі. Дома бралі вёдры, лапаты, венікі, граблі, вянкі і ішлі ўсе на могілкі, якія былі за 2 кіламетры ад вёскі, паміж Крупкай і Берзаводам. Яны знаходзяцца на высокім месцы, сярод сасновага лесу. Прыбіралі ігліцу, смецце, старыя вянкі, пасыпалі магілкі жоўтым пясочкам. І зноў хадзілі ўсе разам ад магілы да магілы і ацэньвалі работу, хто прыгажэй прыбраў магілы, у каго прыгажэйшыя вянкі. Дарэчы, прыбіралі мы магілы не толькі сваякоў, але і тыя, якія ніхто не прыйшоў прыбіраць (у гэты дзень збіраліся дзеці з усёй вёскі). Затым усе дружна вярталіся дамоў, калі сонца ўжо садзілася.

І вось наступаў чацвер пасля Хрыстовай Пасхі. Да 12 гадзін раніцы ўсе сем’і стараліся папасці на могілкі. Хто ішоў, хто ехаў на конях, хто — на возе. Везлі пачастункі сваім продкам: усё, што елі самі за святочным сталом. Спачатку, як мне помніцца, рассцілалі настольніцы на зямлі і клалі ўсе пачастункі. На магілкі — чырвоныя яйкі, цукеркі, булкі пасхальныя  («паскі»), павязвалі саматканыя ручнікі (цяпер павязваюць усё, што захочацца).

У гэты дзень з’язджаліся ўсе, хто нарадзіўся ў вёсцы, з усяго былога СССР. Сустракалі тых, каго даўно не бачылі. Усе паміж сабой «хрыстосаваліся», віншавалі адзін аднаго са святам. Такая традыцыя захавалася і цяпер. Людзі надзвычай шануюць гэты дзень, бо культ продкаў у крыві кожнага вяскоўца: дзе б ён ні быў, але ў гэты дзень павінен наведаць могілкі і аддаць даніну павагі памерлым.

Мне вельмі падабаецца, як спраўляецца абед у гонар памяці продкаў у нашай вёсцы. Калі раней вакол усіх могілак рассцілалі настольніцы на зямлі, то пазней зрабілі агульныя сталы: для першай Крупкі, для «Пашынскіх», для «заланоў». Людзі сядалі па парадку за гэтыя сталы так, як і жылі, як і за кім знаходзіліся двары. На сталах было ўсё, чаго душа пажадае. Кожны стараўся пачаставаць суседзяў. Лічылася, што ўсё гэта бачаць і спрабуюць нашыя продкі. Так і цяпер. Напрыклад, у Буйнавічах кожны накрывае свой стол і памінае памерлых. А цяпер і гэтая традыцыя знікае, але наша, крупянская, традыцыя мне больш даспадобы. Яна яднае людзей, робіць іх лепшымі і дабрэйшымі. Так праходзіць гэты дзень і цяпер. Не трэба забываць, што на ўсё гэта глядзяць дзеці. Яны не толькі пасіўныя гледачы, але і творцы, і ўдзельнікі ўсяго гэтага свята. А стваралі гэтае чароўнае свята нашы Вялікія Бацькі. Гэта яны, самі таго не разумеючы, выхоўвалі ў нас чалавечнасць, грамадзянскую адказнасць, нацыянальную самасвядомасць, вярталі нашыя юныя сэрцы да нашых каранёў і вытокаў. Яны неўпрыкмет вучылі нас паважліва ставіцца да сваіх дзядуляў і бабуль, шанаваць памяць пра сваіх продкаў, любіць тую мясціну, дзе ты нарадзіўся, зрабіў першыя крокі. І разам з тым таксама ўсведамляць сябе часцінкай роднай краіны, увогуле нашай планеты.

Наталля ФІЦНЕР, аг. Буйнавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: