29 кастрычніка — свята УЛКСМ, 100-гадовы юбілей. У гэты дзень у Лельчыцкім прафесійным ліцэі прайшло надзвычай цікавае, незабыўнае мерапрыемства — сустрэча трох пакаленняў камсамола. Былі запрошаны госці, ветэраны камсамольскага руху — Святлана Мядзведзева, Любоў Ліпская і Святлана Ліпская, а таксама прадстаўнікі БРСМ.

Госці ў сваіх выступленнях расказвалі аб гісторыі камсамола, сваім камсамольскім юнацтве, жыцці, справах, марах, акцэнтуючы ўвагу на тым, што камсамол — гэта не проста тры пакаленні ў яго гісторыі, а цэлая эпоха дзяржавы.

Цікавая прэзентацыя, яркае выступленне гасцей, прасякнутае падзеямі тых дзён, вядучыя, выступленне членаў БРСМ ліцэя — усё гэта кранала да глыбіні душы і застанецца ў памяці кожнага на доўгі час.

Выступленні гасцей выклікалі цікавасць у слухачоў. Спачатку слова далі мне — самаму старэйшаму з прадстаўнікоў камсамольскага руху.

— Уступіла ў камсамол у 14 гадоў, калі яшчэ была выхаванкай Хойніцкага дзіцячага дома.  Але самая актыўная мая камсамольская дзейнасць пачалася на месцы працы пасля заканчэння Гомельскага педвучылішча — гэта Лельчыцкі раён, дзе я ўсё жыццё жыву, працавала да пенсіі. Вялікую дапамогу разам з вучнямі школы №2 г. п. Лельчыцы аказвалі калгасу «Шлях Ільіча» ў час уборкі ўраджаю, дапамагалі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы, а таксама нямоглым, самы актыўны ўдзел прымалі ў цімураўскім руху.

Многа разоў запар станавілася дэпутатам пасялковага Савета народных дэпутатаў, 20 гадоў узначальвала раённае грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын». Выязджалі з канцэртамі ў вёскі нашага раёна, у вобласць, не раз выступалі на калгасных палях, зернавых таках, фермах. Самы актыўны ўдзел прымала ў самадзейных аглядах-конкурсах, за што атрымлівала ўзнагароды, падзякі, граматы. А ў складзе раённага ансамбля «Нас, дзяўчат, 13» прымала ўдзел у рэспубліканскім мастацкім конкурсе «Майстэрства і натхненне», дзе мы сталі пераможцамі. Карацей, я і маё пакаленне працавалі сумленна, марылі, змагаліся за лепшае, набліжалі, як маглі, светлую будучыню.

Не магла стрымаць хвалявання, успамінаючы гады свайго юнацтва, і настаўніца роднай мовы і літаратуры лельчыцкай сярэдняй школы №2 Любоў Ліпская:

— Напярэдадні сустрэчы разгарнула свой камсамольскі білет, побач з фотаздымкам — мой подпіс. Памятаю, якое адчуванне важнасці і велічнасці было ў мяне тады за гэтым подпісам — я паступала ў камсамол, трымала свой першы ў жыцці экзамен. Праз гады бярэдзіць душу ўспамін юнацтва. Школьныя гады… Я з’яўлялася сакратаром первічнай камсамольскай арганізацыі Сіманіцкай сярэдняй школы. Якія былі нашы справы? Дапамога ветэранам працы і вайны, калгасу «Прагрэс», разнастайныя мерапрыемствы, творчыя вечары, паходы, экскурсіі, камсамольскія сходы. Былі новыя ідэі, ставіліся задачы, для рашэння якіх імкнуліся з жаданнем вучыцца, дапамагаць слабейшым, любіць радзіму. Нераўнадушша — асноўнае, што кіравала намі. Гэта агульначалавечая каштоўнасць не павінна страціцца і ў наш час.

Наступны выступаючы — Святлана Ліпская, якая працуе карэспандэнтам раённай газеты «Светлае жыццё», па сённяшні час памятае дзень свайго паступлення ў камсамол, як хвалявалася разам з іншымі аднакласнікамі, як тады падыходзілі адзін да аднаго і цікавіліся, якія пытанні задавала камісія падчас суразмоўніцтва. Незабыўныя і тыя моманты школьнага жыцця, калі дапамагалі з вучнямі калгасу імя Леніна ва ўборцы ўраджаю бульбы, калі ў студэнцкія гады працавала важатай у піянерскім лагеры ў Куйбышаве, калі ездзіла пасля другога курса інстытута стройатрадам у горад Ізабільны Стаўрапольскага краю (працавалі на кансервавым заводзе, дзе былі і начныя змены!), а адразу пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута ўладкавалася ў Буда-Сафіеўскі дзіцячы сад выхавацельніцай. Адметна, што асновы працалюбства закладваліся менавіта ў гады камсамольскага  юнацтва. Гэта важнейшая чалавечая якасць засталася і па сённяшні час.

Аб сваім камсамольскім юнацтве таксама расказаў дырэктар ліцэя Сяргей Малюк і заклікаў навучэнцаў папоўніць рады БРСМ.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алеся Таргонская пазнаёміла рабят з цікавым жыццём у БРСМ, бо яна была першым сакратаром раённага камітэта БРСМ.

Пасля навучэнцы задалі ўсім ветэранам камсамола многа пытанняў. Адно з іх гучала так:

— Ці не прымалі вы ўдзел у будаўнічых атрадах, што ў той час стартавалі па краіне?

На што актыўна, з гонарам і цікава адказала Людміла Шруб (арганізатар мерапрыемства, дзейсная камсамолка):

— На першым годзе вучобы ў Магілёўскім культурна-асветніцкім вучылішчы імя Крупскай як лепшая навучэнка ездзіла байцом будаўнічага атрада ў горад Краснаполле Магілёўскай вобласці. Працавалі на цагельным заводзе. Стараннасць, мэтанакіраванасць, натхненне далі свае вынікі ў зарплаце і далейшых падзеях. А яны былі наступныя: на другі год была накіравана на гэты ж завод ужо ў якасці камандзіра будаўнічага атрада. Давераны мне атрад працаваў з энтузіязмам, даведзены план заўсёды перавыконвалі. Пасля працы выязджалі з канцэртамі ў бліжэйшыя вёскі, вялі актыўнае і цікавае жыццё. Афармленне лагера, наладжанне быту, песні каля вогнішча, танцы, гутаркі іншы раз да паўночы — нішто не мяшала таму, каб устаць рана і ў патрэбны час стаць на лініі, па якой рухалася цэгла. За высокія дасягненні атрад быў прызнаны пераможцам у вобласці і ўзнагароджаны экскурсійнай паездкай у горад Гродна.

Гэта на ўсё жыццё засталося ў памяці як самыя істотныя моманты камсамольскага жыцця.

Трошкі хачу дапоўніць. Неяк у размове з Людмілай да гэтай сустрэчы я пачула ад яе, што па сённяшні дзень ведае асноўныя палажэнні камсамольскага Уставу (такая вось была адказная). У час сустрэчы я папрасіла прадэманстраваць гэта. І яна амаль увесь Устаў прачытала на памяць. Пад шквал гарачых апладысментаў, канечне.

Апафеозам стала па просьбе слухачоў выкананне камсамольскіх песень. Спявалі ўсе разам. Радавалася, што многія камсамольскія песні ведае і сучасная моладзь. Не стаяла ўбаку і сама зала — прымала водгукі, каб, так мне здавалася, усё захаваць, зберагчы да наступнага новага стагоддзя.

Падчас свята я з вялікім задавальненнем перадала віншаванне ад маіх сыноў, былых камсамольцаў, якія нарадзіліся ў Лельчыцах і для якіх гэты горад з’яўляецца малой радзімай. Адзін з іх жыве ў Расіі, другі — у Беларусі.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,

Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: