У рамках рэгіянальнага этапу Пакроўскіх чытанняў у аграгарадку Сіманічы прайшлі раённыя праваслаўныя адукацыйныя чытанні на тэму «Моладзь: свабода і адказнасць» з удзелам спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, настаўнікаў, вучняў, прадстаўнікоў духавенства.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Грыб і благачынны Лельчыцкай акругі пратаіерэй Алег Несцярэня зазначылі надзённасць тэматыкі праваслаўных чытанняў, тым больш, што ёсць добры прыклад у гэтым накірунку — Глушкавіцкая сярэдняя школа, засяродзілі ўвагу на тым, што перад царквой і школай стаіць аднолькавая задача: выхаванне падрастаючага пакалення на прынцыпах маралі і духоўнасці, накіраванне  моладзі на тое, каб для яе асноўнымі арыентырамі ў жыцці сталі такія каштоўныя якасці, як міласэрнасць, дабрыня, спагада, спачуванне, любоў да бліжняга.

Чалавек на працягу жыцця сутыкаецца з рознымі сітуацыямі, калі патрэбна зрабіць выбар, бо ў душы ідзе адвечная барацьба дабра і зла. Аб маральным выбары разважала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Рамандзіна. Святлана Іванаўна выказала занепакоенасць тым, што прыгажосці шмат у прыродзе, але, на жаль, яна паступова знікае ў душах людзей, а на змену прыходзяць пустата, прагнасць, бяздушша. Кожны з нас у той ці іншай жыццёвай сітуацыі стае на бок дабра ці зла, такім чынам робіць свой маральны выбар: застацца верным або здрадзіць, прыйсці на дапамогу або праявіць абыякавасць, сказаць праўду або схлусіць і гэтак далей. Чаму аддаць перавагу? Маральны выбар залежыць ад характару чалавека, выхавання, адукацыі,  светапогляду і многіх іншых аспектаў, пры гэтым  асновай маралі з’яўляецца сумленне, менавіта яно стрымлівае, не дае пераступіць тыя ці іншыя граніцы дазволенага. Дабро дапамагае чалавеку расці духоўна, развівацца, захаваць гармонію ў адносінах  з акружаючымі і з самім сабою. Зло, наадварот, вядзе да духоўнай спустошанасці, разбурэння ўнутранага свету. Які выбар зробяць дзеці? Гэта залежыць ад нас, дарослых, ад таго, чым мы змаглі напоўніць іх душу падчас фарміравання як асоб.

Святлана Рамандзіна дадала, што ў гэтым годзе праводзіўся раённы этап абласнога конкурсу сацыяльных ролікаў « Мой маральны выбар» сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Лепшыя работы нашых школьнікаў былі адпраўлены на вобласць. Прыемна, што ў заключным этапе конкурсу вучаніца Стадоліцкай сярэдняй школы Алеся Ляўкоўская і навучэнка Лельчыцкай раённай гімназіі Маргарыта Касінская былі прызнаны пераможцамі і атрымалі дыпломы першай ступені. Галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама рэкамендавана выкарыстанне гэтых ролікаў педагогамі пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў на дадзеную тэматыку. Падчас чытанняў усе прысутныя мелі цудоўную магчымасць з імі пазнаёміцца.

Дзе, як не ў сям’і, фарміруюцца характар дзіцяці, пачуццё адказнасці, добрыя або дрэнныя звычкі, уменне спраўляцца з цяжкасцямі. Аб хрысціянскім выхаванні ў сям’і распавядала прысутным загадчыца лельчыцкіх ясляў-саду №4 Людміла Трошка. Людміла Піліпаўна зазначыла, што галоўнае ў праваслаўнай сям’і — выхаванне духоўных якасцяў, любві да людзей і веры ў дабрыню. Праваслаўныя бацькі навучаюць дзяцей не скардзіцца на тых, что знаходзіцца вакол нас, а прымаць сітуацыю як выпрабаванне і пераадольваць. Праблема сучасных бацькоў — клопат толькі аб стварэнні матэрыяльнага дабрабыту для дзяцей. У пагоне за лепшым і якасным губляецца самае важнае — іх духоўнае станаўленне. Пры такім раскладзе спраў дарослыя дзеці працягваюць гонку, пачатую бацькамі. Але пры гэтым не разумеюць сэнсу жыцця і свайго прызначэння на зямлі.

Вопытам праваслаўнага выхавання сучаснай моладзі падзялілася педагог Глушкавіцкай сярэдняй школы Марыя Бурым. Выступленне Марыі Васільеўны суправаджалася паказам прэзентацыі аб праведзенай рабоце ва ўстанове адукацыі ў гэтым накірунку, дасягненнях на праваслаўнай ніве і слайдамі з фотаздымкамі, на якіх адлюстраваны святыя месцы Беларусі, дзе пабывалі вучні падчас паломніцкіх паездак. На базе Глушкавіцкай школы больш дзесяці гадоў працуе праваслаўны клуб «Мір», якім доўгі час кіравала настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Краўчанка — чалавек добрай, светлай душы, глыбокай веры. Калі Галіна Адамаўна пайшла на заслужаны адпачынак, то перадала створаны ёю маленькі астравок праваслаўя калезе  — Марыі Бурым.

Потым вучаніца Глушкавіцкай школы Ліра Маркевіч прачытала ліст-зварот да моладзі, у якім падзялілася сваімі думкамі і разважаннямі аб будучым сямейным жыцці.

Ніхто з нас не стане адмаўляць, што добрая кніга заўсёды выхоўвае, і важнасць урокаў літаратуры тут нельга пераацаніць. Пра фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцяў праз літаратуру вяла размову настаўніца-філолаг лельчыцкай сярэдняй школы №2 Любоў Ліпская. У чым прызначэнне чалавека на зямлі, яго шчасце? Адказы на гэтыя пытанні настаўніца шукала разам з васьмікласнікамі. Пасля чытання і абмеркавання твораў пра шчасце вучні атрымалі заданне: напісаць водгук на верш Максіма Танка «Шчасце». І вынікі прыемна ўразілі. Любоў Пятроўна зачытала ўрывак з адной работы: «У маім жыцці многа сяброў, якія лічаць шчасцем прыгожую вопратку, матэрыяльныя каштоўнасці, паездку за мяжу. А я лічу, што яго не патрэбна шукаць за гарамі ці ехаць па яго ў другую краіну. Яно тут. Большага мне і не трэба: я шчаслівая ад таго, што ў мяне ёсць ногі, рукі, я магу бегаць, скакаць, танцаваць, сустракаць світанні.

Уладкоўваюся я ва ўласным крэсле з кубкам чаю і любімай кнігай у руцэ. З кухні даносіцца цудоўны пах яблычнага пірага, прыгатаванага маці. Тата прыходзіць з працы з маленькімі, але вельмі прыемнымі сюрпрызамі. Малодшая сястрычка зноў прыбягае спытаць, як рашыць задачу.

Увечары уся сям’я збіраецца за сталом на вячэру і абмяркоўвае яшчэ адзін пройдзены дзень. Усё гэта прыносіць радасць і заспакаенне. І хіба гэта не шчасце, якое можна жадаць? Цішыня і спакой на душы! Толькі ўслухайцеся ў гэтыя словы: род, родныя, радасць. Яны сугучныя. Радавацца кожнаму дню, цаніць простыя рэчы, любіць тых, хто побач, — гэта і ёсць шчасце».

Ад гэтых слоў адчула такую акрыленасць, такі душэўны пад’ём! Вось яны — светлыя праменьчыкі добрай, чулай душы! І няхай гэтых светлых праменьчыкаў у нашым жыцці будзе як мага больш!

З вялікай цеплынёю пра жамчужыну сваёй малой радзімы — праваслаўны храм у гонар Богаяўлення-Хрышчэння Іісуса Хрыста, унутранае ўбранне якога зачароўвае сваёй велічнасцю і прыгажосцю, гаварыла вучаніца 11 класа Сіманіцкай сярэдняй школы Марыя Шостак. Яна нагадала гісторыю свайго храма, слаўную і пакутлівую, расказала аб тым, што стараннямі айца Іаана пабудавана і дзейнічае нядзельная школа для дзяцей, зімовы храм-калакольня, асвечаны ў гонар святой Параскевы, што вернікі маюць магчымасць прыхіліцца да святынь, якія захоўваюцца ў Божым доме.

Пра святога нашай зямлі — свяшчэннамучаніка, прасвітара Алексія Лельчыцкага — падрабязна расказала настаўніца Лельчыцкай сярэдняй школы №2 Наталля Гаўрылавец. Алексій Лельчыцкі — прыклад рэўнаснага служэння Богу, непахіснасці веры, адданасці хрысціянскім запаведзям. Нягледзячы на ганенні з боку бязбожнай улады, ён да канца застаўся верным Богу і свайму святарскаму абавязку.

Дзяк Сіманіцкай царквы Яўген Зуевіч паведаў трагічную гісторыю з жыцця свайго прадзеда Сцяпана Зуевіча, пакаранага ў час рэпрэсій за веру ў Бога. Ён да канца заставаўся цвёрдым, непахісным у сваім маральным выбары, не адмовіўся ад веры, хаця за гэта заплаціў сваім жыццём.

Працягваючы тэму агульнай размовы, настаяцель прыходу храма Богаяўлення аграгарадка Сіманічы пратаіерэй Іаан Палын спыніўся на хрысціянскім разуменні свабоды і адказнасці. Айцец Іаан расказаў праваслаўную прытчу пра сейбіта, якая мае глыбокі духоўны сэнс: толькі калі насенне трапіць на ўрадлівую глебу, яно прынясе добры ўраджай. Насенне — гэта слова Божае, а сэрца чалавечае — глеба. Толькі тады атрымаецца ад пасеянага слова плён, калі чалавек чуе слова Божае, па-сапраўднаму яго разумее. Гэта можна перанесці і на выхаванне. Калі, падобна працавітаму сейбіту, выхоўваць дзіця з маленства, акружаць яго любоўю і клопатам, размаўляць, вучыць, тлумачыць, чаму нешта рабіць добра, а іншае — дрэнна, сваімі паводзінамі даваць станоўчы прыклад, то  насенне трапіць на ўрадлівую глебу, якая дасць добрыя плады, а калі, наадварот, адносіцца да дзяцей абыякава, то добрага выніку не варта і чакаць.

Некалі знаёмы крануў мяне глыбокай  фразай аб тым, што любіць — значыць аддаваць. Узгадваецца мудрае выказванне: «Розум багацее ад таго, што атрымлівае, душа — ад таго, што аддае». А што мы з вамі можам аддаць любімым, родным ды і наогул акружаючым нас людзям? Сваю дабрыню, пяшчоту, клопат, усмешку, добрае слова падтрымкі і суцяшэння — гэта ўсё сагравае душу, дае вялікі зарад энергіі, прыбаўляе жыццёвыя сілы. Але аддаваць можа толькі чалавек духоўна багаты, з унутраным маральным стрыжнем, што праяўляецца ў яго добрых учынках і высакародных справах дзеля іншых людзей. Думаю, у гэтым і ёсць галоўны сэнс нашага зямнога быцця. Менавіта да такой вышыні і духоўнасці мы павінны імкнуцца, ад гэтага залежыць маральны дабрабыт грамадства, яго выхаванасць. Да гэтай высновы прыйшлі ўдзельнікі падчас праваслаўных чытанняў, менавіта такі пасыл патрэбна даваць нашай моладзі, каб яна не страціла апору ў жыцці, не згубіла маральныя арыенціры міласэрнасці, дабра, справядлівасці, сумлення.

У рамках чытанняў названы пераможцы раённага этапу ХІV міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці «Прыгажосць Божага свету», сярод якіх — Міраслава Ястрэмская з Глушкавіцкай школы, Алёна Раманава з Дуброўскага дзіцячага саду-сярэдняй школы, вучні лельчыцкай школы №1 Дар’я Таргонская і Ганна Лукашэвіч, навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Народныя промыслы» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі — Вадзім Алешка і Прыбалавіцкай сярэдняй школы — Наталля Юськова. Пісьмы з падзякай за перамогу ў праваслаўнай алімпіядзе атрымалі вучаніцы Сіманіцкай сярэдняй школы Надзея Верасовіч і Ксенія Федаровіч. За особы ўклад у справу духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення ў сістэме свецкай адукацыі Ганаровай граматай узнагароджаны настаўнікі Лельчыцкай сярэдняй школы №2 і Сіманіцкай сярэдняй школы Наталля Гаўрылавец і Валянціна Цалка. Усім удзельнікам раённых праваслаўных чытанняў благачынны Лельчыцкай акругі пратаіерэй Алег Несцярэня ўручыў пісьмы з падзякай.

Падчас мерапрыемства краналі за душу песні і вершы духоўнай тэматыкі, падрыхтаваныя вучнямі і настаўнікамі гарадскіх, а таксама Сіманіцкай і Глушкавіцкай школ, раённай гімназіі, вабіла вока выстава творчых работ «Прыгажосць Божага свету». Духоўную радасць і падтрымку атрымалі ўдзельнікі чытанняў падчас экскурсіі ў храм Богаяўлення аграгарадка Сіманічы, якую правёў яго настаяцель, пратаіерэй Іаан Палын.

Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: