Як люблю я цябе, Беларусь ты мая,

І як дорага мне прыгажосць уся твая.

Вось я полем іду цёплай светлай парой

І любуюся я нашай роднай красой.

Якія простыя, шчырыя, пранікнёныя словы! А калі яны гучаць з дзіцячых вуснаў, то верш успрымаецца неяк па-іншаму, нават у сэрца «голачкай коле».

У Год малай  радзімы ў дзяржаўнай установе адукацыі «Лельчыцкі яслі-сад № 5» калектыў працаваў над гадавой задачай па фарміраванню ў выхаванцаў пачуцця патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці ў працэсе розных відаў дзейнасці, для рэалізацыі якой праведены шэраг мерапрыемстваў.

Выхавацелі ўсіх групп прынялі ўдзел у аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю прадметна-развіваючага асяроддзя па патрыятычнаму выхаванню і стварылі спрыяльныя ўмовы для нацыянальнай самасвядомасці дзяцей.

Фотаматэрыялы выставы «Мая малая радзіма», прадстаўленыя музычным кіраўніком Уладзімірам Шпакоўскім, уразілі дарослых і дзяцей незвычайнасцю краявідаў Лельчыцкага раёна. Дзяўчынкі і хлопчыкі з вялікай цікавасцю пабывалі ў міні-музеі «Беларуская хата», каларыт якой стварылі працаўнікі яслей-сада.

 

Калі ў садку праходзіў конкурс на лепшае выкананне вершаваных беларускіх твораў сярод нашых выхаванцаў, то нам, дарослым, было вельмі хвалююча і радасна за сваіх дзетак. Кожная группа для ўдзелу ў конкурсе «Гучы, беларускае слова» падрыхтавала па некалькі ўдзельнікаў. Тэматыка вершаў была разнастайнай: ад тэкста гімна Беларусі да гумарэсак. Членам журы вельмі цяжка было падводзіць вынікі конкурсу, бо нават навучэнцы гімназіі, былыя нашы выхаванцы, Марыя Семенюк і Аня Шапарда пажадалі прыняць удзел ў конкурсе. Усе прыемна здзівіліся, калі Марыя прачытала верш пра Лельчыцы, які напісала яе бабуля Зоя Хілько. На заканчэнні члены журы, метадыст адзела адукацыі спорту і турызму Любоў Буцькавец, загадчык установы Тацьяна Сарнаўская ўсім удзельнікам уручылі дыпломы па розных намінацыях і заахвочвальныя прызы. Але галоўнае — хлопчыкі і дзяўчынкі самі гаварылі па-беларуску.

А калі цётка Алена (выхавацель старэйшай групы Алена Акуліч) запрасіла да сябе на вячоркі дарослах і дзяцей, то наша беларуская мова загучала, заззяла пералівамі народных песень. У гэты вечар музычная зала была стылізавана пад хату нашых продкаў. Там была печ, пад столяю вісела дзіцячая калыска, усё было заслана вышытымі абрусамі і рушнікамі, стаялі розныя прылады, а на стале — пачастункі для гасцей, бо беларуская хата пірагамі і хлебам багата. Ох, і весела было на вячорках у цётачкі Алены! Дзеці спявалі прыпеўкі, беларускія народныя песні, танцавалі «Нарэчаньку», полечку, дапамагалі гаспадыні збіць масла ў маслабойцы, гулялі з Коцікам у хвосцікі і ў Мікіту, расказвалі небыліцы. Гэта цудоўнае, яскравае фальклорнае свята дапамагло выхаванцам старэйшай групы дакрануцца да жыцця людзей, якія жылі ў мінулыя гады на нашай малой радзіме.

Дарэчы, яшчэ адно найцікавейшае мерапрыемства было праведзена ў нашым садку: пазнавальна-забаўляльная праграма «Лельчыцы — мая малая радзіма» для выхаванцаў другой старэйшай групы (№4) з удзелам бацькоў. Праграма мерапрыемства складалася з сямі раўндаў для дзвух змешаных каманд «Буслік» і «Дубочак». У іх склад уваходзілі як дзеці, так і дарослыя. Удзельнікі каманд ваконвалі розныя заданні, напраўленныя на высвятленне  ведаў пра наш пасёлак Лельчыцы і яго прошлае. Напрыклад, дзеці складвалі разрэзаныя малюнкі герба і флага нашага раёна, спаборнічалі ў лепшым выкананні вершаў пра Лельчыцы, а дарослыя павінны былі назваць усіх пачэсных грамадзян Лельчыцкага раёна, расказаць пра некаторых з іх і назваць вуліцы нашага пасёлка, якія названы ў гонар знакамітых людзей. Між іншым, дарослыя ўдзельнікі паказалі добрыя веды ў гэтым напрамку. Яны таксама з лёгкасцю назвалі і расказалі пра прымяненне прадметаў быту нашых продкаў, якімі мы ўжо даўно не карыстаемся (верацяно, маслабойка, пранік, серп). Паміж праграмнымі заданнямі нашы выхаванцы ў нацыянальных касцюмах прадстаўлялі музычныя нумары: вакальна-харэаграфічныя пастаноўкі «Мікіта», «Саўка ды Грышка», танцавальная кампазіцыя «Полька-весялуха», беларускія дзіцячая прыпеўкі. Пасля правядзення такой цікавай праграмы бацькі выказалі ўдзячнасць  педагагічнаму калектыву і прапанавалі часцей праводзіць такія змястоўныя сумесныя мерапрыемствы пазнавальнага характару.

Педагогі ўсіх узроставых груп паказалі заняткі, на якіх дзеці прадэманстравалі глубокія веды і разуменні культуры беларускага народа і свайго роднага горада.

Усім вядома, што любая сумесная праца ў сям’і спрыяе яе ўзмацненню,  аб’яднанню, а калі работа дае яшчэ і веды пра сямейныя карані, то цэннасць гэтага працэсу ўзрастае ўдвая. З гэтай мэтай ў нашай дзяржаўнай установе была арганізавана выстава сямейных генеалагічных дрэў «Мой радавод». Многія сем’і з розных узроставых груп праявілі творчы падыход да афармлення свайго радавода і прадставілі цікавыя работы для выставы.  Лепшае генеалагічнае дрэва прадставіла сям’я Палуянавых (Аліна Іванаўна і Сяргей Анатольевіч з дачушкамі Аняй і Палінай). Яны атрымалі «Падзяку» ад кіраўніцтва нашага садка.

Усе праведзеныя мерапрыемствы дапамаглі нашым выхаванцам і іх бацькам адчуць сябе неадрыўнай часткаю нашай малой радзімы, якім для нас усіх з’яўляецца наш родны палескі куточак пад лагоднай назвай Лельчыцы. Усе нашы вершы, танцы, песні напомнілі нам аб ушанаванні роднай мовы, аб яе ўнікальнасці, непаўторнасці, мілагучнасці. І толькі мы, яе нашчадкі, павінны зберагчы сваю мову для будучых пакаленняў беларусаў.

Ірына ШПАКОЎСКАЯ,

музычны кіраўнік ДУА «Лельчыцкі яслі-сад № 5».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: