І зноў прыгожая палеская вёсачка Астражанка, патанаючая ў кветках і зеляніне, гасцінна прымала ўсіх тых, хто ў ёй нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, спазнаў першае каханне, атрымаў першыя ўрокі жыцця… Не, такое не забываецца! Бо дзе б ты ні быў, куды б цябе ні закінуў лёс, родная старонка, бацькоўская хата, знаёмыя сцежачкі заўсёды цягнуць да сябе. Таму з’ехаліся на сустрэчу ўраджэнцы вёскі з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны, каб прайсці па мясцінах дзяцінства і юнацтва, пабачыцца з роднымі, сябрамі, аднавяскоўцамі, моцна абняць іх, пагутарыць пра жыццё-быццё…
Асабліва мнагалюдна было ў цэнтры вёскі, каля мясцовага клуба. Тут, пад высокімі разгалістымі клёнамі, размясцілася імправізаваная сцэна. Шчыра павітала прысутных выконваючы абавязкі старшыні Буйнавіцкага сельвыканкама Наталля Хамутоўская. Яна павіншавала ўсіх са святам, пажадала моцнага здароўя, даўгалецця, шчасця і дабрабыту ў кожнай сям’і, каб часцей збіраліся на роднай зямлі, не забывалі свае карані. Потым пад бурныя апладысменты ўручыла лісты падзякі старэйшыне вёскі Валянціне Багдановіч і памочніку ляснічага Астражанскага лясніцтва, дэпутату Астражанскай выбарчай акругі Уладзіміру Цалка за вялікі ўклад у вырашэнне пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва і актыўную работу па добраўпарадкаванні населенага пункта. Гэта сапраўды неабыякавыя да сваёй малой радзімы людзі, якія душой і сэрцам прапісаны ў родным краі.
Па славянскім звычаі жанчыны ў нацыянальных касцюмах хлебам-соллю сустракалі ўсіх, хто прыйшоў і прыехаў на свята, запрашалі адведаць духмянага караваю, спечанага руплівымі, працавітымі гаспадынямі.
А якую прыгажосць навокал стварылі арганізатары свята і іх памочнікі! З вялікай любоўю, стараннем аформілі цэнтральную частку вёскі. Чаго тут толькі не было! Здаецца, ужо шмат бачыла, бо за гады працы ў рэдакцыі пабывала на розных мерапрыемствах, але тут уразіў свой адметны, арыгінальны падыход. Многія збіраліся ля фотавыстаў «Школьные годы чудесные», «Как молоды мы были», «Солдат всегда солдат». Людзі ўглядваліся ў здымкі, пазнавалі аднавяскоўцаў, усміхаліся, нешта казалі адзін аднаму. Ішлі ўспаміны, успаміны, успаміны. Захаплялі работы таленавітых землякоў: карціны і малюнкі Анастасіі Несцярэні і Людмілы Баіравай, вышытыя ніткамі і пацеркамі іконы, пейзажы Галіны Хамец, драўляныя вырабы Мікалая Гаркушы, фотаздымкі Яўгена Раеўскага, які пакінуў горад і жыве ў вёсцы, робіць сваімі рукамі дамы з натуральных матэрыялаў — дрэва, саломы і гліны. А хіба можна было прайсці міма вугалка «Сялянская хата», дзе так пацешна глядзеліся зробленыя сваімі рукамі баба і дзед з гармонікам у руках! Абраз Божай Маці, размешчаны ў чырвоным куце, фотаздымкі ў рамцы, вышытыя карціны на сцяне, самаробная калыска, тканыя дарожкі на падлозе, старадаўнія прылады працы — усё гэта напамінала пра жыццё і заняткі нашых продкаў. Прыцягвалі ўвагу выставы рознакаляровых хустак, вышытых ручнікоў, іншых шэдэўраў мясцовых рукадзельніц, размешчаных у выглядзе сонечных прамянёў. Колькі часу, фантазіі, творчасці спатрэбілася, каб стварыць такую непаўторную, каларытную прыгажосць! А колькі начэй прыйшлося недаспаць! Ды і гэта яшчэ не ўсё! Жадаючыя набывалі рознакаляровыя стужкі, праходзілі праз «вароты шчасця» і завязвалі іх на галінках дрэў, загадваючы жаданні. І яны, зразумела, абавязкова споўняцца!
Усюды панавалі вяселле, радасць, святочны настрой. Знайшоўся занятак і для самых маленькіх: яны скакалі на батутах, частаваліся прысмакамі. А ўдзельнікі бяспройгрышнай латарэі з задавальненнем атрымлівалі падарункі. Шчаслівым уладальнікам суперпрыза стаў ляльчанін Юрый Маркевіч.
З раніцы і да вечара ракою ліліся ў вёсцы зычныя спевы. Музычныя падарункі прывезлі астражанцам і гасцям свята народны вакальны ансамбль «Вербніца», народны мужчынскі вакальны ансамбль «Лель», салісты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама Міхаіл Ліпскі і Святлана Есіна. Артысты спявалі, а тым часам дарослыя, дзеці, моладзь танчылі, як кажуць, да ўпаду.
Сонейка так лагодна свяціла на людзей, навокал было так добра і светла ад іх ўсмешак, цеплыні ў вачах. Сустрэча атрымалася незабыўнай, шчырай, сардэчнай, яна яшчэ доўга будзе саграваць сэрца кожнага, а душа — з нецярпеннем чакаць чарговага спаткання з роднымі, землякамі на бацькоўскай зямлі…
Старэйшына вёскі Валянціна Багдановіч ад імя жыхароў Астражанкі шчыра падзякавала за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні сустрэчы землякоў выконваючага абавязкі старшыні Буйнавіцкага сельвыканкама Наталлю Хамутоўскую, ляснічага Астражанскага лясніцтва Якава Лісіцкага, яго памочніка, дэпутата Астражанскай выбарчай акругі Уладзіміра Цалка, а таксама Еву Крывашэеву, Тамару Палын, Таццяну Ляхавец, Надзею Канопліч, мастацкага кіраўніка Буйнавіцкага цэнтра культуры і дасугу Антаніну Кіпцік, работнікаў мясцовага клуба — Таццяну Цалка і Ганну Гопка, а таксама ўсіх, хто прыехаў у родную вёску і дапамог стварыць сапраўднае свята.
Фота Святланы ЛІПСКАЙ.