Жыццёвы і працоўны шлях Пятра Юницкага

0
1332

У нашым рэгіёне ёсць людзі, якія сваёй творчасцю, працай, подзвігам уславілі родную зямлю. Праява цікавасці да гэтых людзей, да іх жыцця, лёсу ёсць найважнейшая ўмова паспяховага развіцця Беларусі. Цікавасць да гісторыі малой радзімы спрыяе ўмацаванню любові да краіны. Асоба, якая ведае свае карані, заўсёды будзе адказнай  за магутнасць сваёй Айчыны, за захаванне яе матэрыяльных і духоўных багаццяў.  Таму мы, навучэнцы Лельчыцкай раённай гімназіі, з задавальненнем звяртаемся да гістарычнага мінулага нашага краю, вывучаючы жыццёвы, працоўны шлях знакамітых землякоў.

Ганаровае званне «Заслужаны работнік Беларусі» атрымалі 18 чалавек. Людзі розных прафесій удастоены такой высокай узнагароды. У нашым раёне ёсць заслужаныя лесавод, урач,  эканаміст, юрыст, настаўнікі, работнік культуры. Мы вырашылі даследаваць жыццёвы і працоўны шлях ураджэнца Лельчыцкага краю, заслужанага эканаміста БССР Юніцкага Пятра Адамавіча.

Юніцкі Пётр Адамавіч нарадзіўся 3 мая 1926 года ў вёсцы Буда Лельчыцкая, што размешчана за 9 км на паўночны ўсход ад раённага цэнтра.  Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут стварылі пачатковую школу, дзе вучыліся 34 хлопчыкі. Настаўнікам працаваў Лаўрэнцій Ляшчынскі. У мясцовай школе вучыўся Пётр Адамавіч. Хлопчык з малых гадоў праявіў здольнасць да вучобы. З цікавасцю наведваў заняткі, з задавальненнем рыхтаваўся да ўрокаў.

У 1941 годзе мірнае, спакойнае жыццё скончылася — пачалася Вялікая Айчынная вайна. Перад вайной у вёсцы налічвалася  145 двароў, 315 жыхароў. На пачатак вайны Пятру Адамавічу споўнілася 15 гадоў. Юнак, як і яго аднавяскоўцы, марыў  вызваліць родную зямлю ад ворага. Таму не дзіва, што ён — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У красавіку 1943 года нямецка–фашысцкія захопнікі спалілі ўсю вёску і загубілі 22 жыхары. Адпомсціць за аднавяскоўцаў  і родных — мэта юнака. Пётр Адамавіч мужна змагаўся з фашыстамі, за што быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Пасля  вызвалення Беларусі пачалося мірнае жыццё, хаця яно не было лёгкім. Трэба было пачынаць жыць з нуля: вёскі і гарады былі разбураны, людзі павінны былі аднаўляць гаспадарку. Тым не менш, мэтанакіраваны юнак марыў прадоўжыць адукацыю. Яго жыццёвыя шляхі–дарогі завялі ў Пінск, а потым у Мінск. У 1961 годзе Пётр Адамавіч скончыў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, а ў 1967 годзе — Беларускі інстытут народнай гаспадаркі.  У сталіцы не імкнуўся застацца: вабілі родныя краявіды.

Пётр Адамавіч працаваў у Лельчыцкім райвыканкаме, затым у Лельчыцкім аддзяленні Дзяржбанка. Яго прызначылі ўпраўляючым Лельчыцкага аддзялення Дзяржаўнага банка СССР. Сам працалюбівы, добрасумленны, адказны,  Пётр Адамавіч патрабуе гэтага ж і ад падначаленых.  Ён ніколі не лічыўся са сваім асабістым часам дзеля справы, працаваў заўсёды надзвычай актыўна і плённа. Пётр Адамавіч —  прафесіянал сваёй справы. Аптымізм, сумленнасць, патрабавальнасць, працавітасць, пунктуальнасць, далікатнасць у зносінах з кліентамі, падначаленымі  — вось тыя якасці, якія характарызуюць кіраўніка банка.

За шматгадовую актыўную працу ў Дзяржбанку і дасягнутыя поспехі Пятру Юніцкаму 18 красавіка 1974 года было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны эканаміст БССР», а 30 мая 1980 года імя Пятра Адамавіча занесена ў Кнігу Пашаны Гомельскай абласной канторы Дзяржбанка.

Пётр Адамавіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй» і інш. Звесткі пра жыццёвы і працоўны шлях Пятра Юніцкага змешчаны ў  Галерэі славутых людзей, што знаходзіцца ў Лельчыцкай раённай гімназіі, у музеі Дзярж-аграпрамбанка, у Лельчыцкім краязнаўчым музеі.

Жыццё і працоўная дзейнасць  заслужанага эканаміста БССР Юніцкага Пятра Адамавіча,  яго адносіны да працы, да Радзімы — прыклад для нас, падрастаючага пакалення.

Падрыхтавалі вучні Лельчыцкай раённай гімназіі, удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» пад кіраўніцтвам педагога Валянціны Казачок.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: