Самы стары помнік Лельчыцкага раёна захаваўся ў Прыбалавічах

0
1116

Продкі пакінулі нам багатую спадчыну, якую мы павінны захоўваць, аберагаць і беражліва ставіцца да таго, што ў нас ёсць. На тэрыторыі нашага раёна захавалася немнога культурна-гістарычных помнікаў XVIII стагоддзя як з-за аб’ектыўных, так і ў сілу суб’ектыўных прычын. Адзін з іх знаходзіцца ў маёй любімай вёсцы Прыбалавічы.

Церковь Покрова Пресвятой Богородицы в деревне Приболовичи / Фото: С. Плыткевич

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы — гэта самы старажытны помнік у Лельчыцкім раёне, які захаваўся да сённяшніх дзён у сваім першапачатковым архітэктурным абліччы. Гэтым яна абавязана ўсім сваім вернікам: яны баранілі яе, калі патрабавалася — адбудоўвалі. На працягу двух з лішнім стагоддзяў з пакалення ў пакаленне жыхары вёскі прыходзяць і дапамагаюць прыходу, таму з чыстай душой і сумленнем ідуць на набажэнствы, хрысцяць сваіх дзяцей, бяруць шлюб, хаваюць старых. І вераць, вераць у лепшае, бо на веру нас натхняе святар Пятро Акуліч, які з’яўляецца настаяцелем царквы з 1995 года. Гэты ўжо зусім немалады чалавек з незвычайным натхненнем працягвае пачатую папярэднікамі добрую справу і вось ужо шмат гадоў сваімі малітвамі абярагае нашу вёску ад гора і злачынстваў. Сумленна і верна праводзіць сваю службу святар, а ў гэтым яму дапамагае самабытны царкоўны хор. За адданасць святой справе, дбайнае  служэнне ў славу Святой Маці Царквы і актыўны ўдзел у адраджэнні духоўнага жыцця на давераным прыхо-дзе Пятро Акуліч неаднаразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі.

Сёння царква відавочна змянілася. У ёй камфортна і ў спалучэнні з велічнасцю па-хатняму ўтульна, і ў гэтым ёсць вялікая заслуга нашага святара.

Настаяцель гаворыць: «Царква — гэта вялікая майстэрня, у якой Гасподзь сваёй любоўю ўсталёўвае тую прыгажосць, дзеля чаго быў створаны чалавек. Яна намолена вернікамі і знаходзіцца пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы».

Менавіта ў царкоўных пастулатах і гаворцы пратаіерэя Пятра можна пачуць стогадовую мудрасць  і маральнасць,  гуманізм і ўсеагульную памяркоўнасць. Гэта ўсё дае добрыя вынікі — з кожным годам у нас здараецца менш няшчасных выпадкаў і злачынстваў, праяўляецца міласэрнасць і павага адзін да аднаго.

Хочацца адзначыць, што святар з вялікай любоўю адносіцца да дзяцей. Таму Дзень ведаў, свята апошняга званка і іншыя школьныя мерапрыемствы праходзяць з удзелам настаяцеля царквы, вучні ўдзельнічаюць у розных конкурсах на праваслаўную тэматыку, бо любяць даследаваць і пазнаваць гісторыю сваёй вёскі.

Мая прапанова даследаваць наш храм не аставіла вучняў абыякавымі. Крыху раней, у раённым конкурсе даследчых работ тэма «Роля царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы як гістарычнага помніка  XVIII стагоддзя ў жыцці маіх аднавяскоўцаў» была адзначана дыпломам I ступені, а на абласным конкурсе — дыпломам III ступені. На маю думку, тыя, хто хоць раз дакрануліся да святыні, не могуць зрабіць дрэнны ўчынак.

Як часта зараз можна пачуць, што ў наш няпросты час не хапае дабрыні, спагады і павагі ў чалавечых адносінах. Людзі сталага ўзросту больш заклапочаны праблемамі дабрабыту, а значная частка моладзі бавіць час у камп’ютарных гульнях ды сацыяльных сетках. Але ж у жыцці, акрамя матэрыяльных, існуюць і духоўныя каштоўнасці. Як вядома, не хлебам адзіным павінен жыць чалавек, а і словам Божым. Таму з 2013 года  святаром Пятром Акулічам арганізавана Нядзельная школа, у якой урокі дабрыні праводзіць былая настаўніца Любоў Валынец. Такія ўрокі даюць добрыя вынікі: дзеці сталі больш паслухмяныя, бо вучацца адзін аднаму дараваць, дапамагаць, спачуваць.  Праваслаўныя ўрокі заклікаюць вучняў да подзвігу дзейснай любові, якая праяўляецца ў самаадданым служэнні бліжнім, а найперш тым, хто мае асаблівую патрэбу ў нашай падтрымцы: гаротным, хворым, адзінокім, засмучаным, і калі гэтая любоў будзе сапраўдная, то людзі будуць па-сапраўднаму шчаслівыя, бо служачы іншым, чалавек набывае непараўнальна больш, чым аддае.

Хачу сваіх аднавяскоўцаў і праваслаўных вернікаў павіншаваць з вялікімі святамі, якія мы толькі што адзначылі. Пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, няхай Прасвятая Багародзіца і далей дапамагае і абараняе ўсіх пад сваім покрывам.

Святлана Акуліч, настаўнік Прыбалавіцкай сярэдняй школы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: