«Я не мог паступіць інакш»: шлях салдата Мацвея Некрашэвіча

0
84

Вайна Мацвея Некрашэвіча, студэнта Мазырскага педвучылішча, застала за падрыхтоўкай да апошняга экзамена. Паспяхова здаўшы яго, малады настаўнік увайшоў у школьны клас толькі праз пяць гадоў, бо ў ліпені 1941 года ў ліку добраахвотнікаў уступіў у рады Чырвонай Арміі. Нялёгкім быў шлях салдата ад Лельчыц да расійскага горада Ялец. Прайсці яго прыйшлося пехатою, паўгалодным, пад бесперапыннымі бамбёжкамі і абстрэламі варожай авіацыі.

Ад вынікаў бітвы пад тым самым Яльцом у многім залежыў далейшы лёс вайны. Каб знішчыць ворага, патрабавалася не толькі вялікае ваеннае майстэрства камандавання, але і бясстрашны гераізм простага салдата. Удзельнікам гэтай бітвы быў і Мацвей Некрашэвіч. Там ён атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне. Потым — баі з ворагам на іншых участках фронту. Але ў жніўні 1942 года ён атрымаў цяжкае раненне, і пасля працяглага лячэння Мацвея прызналі годным да нестраявой службы, але салдат застаецца ў дзеючай арміі.

— Я не мог паступіць інакш, — расказваў Мацвей Данілавіч, — бо бачыў зверствы фашыстаў на  акупіраванай тэрыторыі. Ад рук фашыстаў-акупантаў загінуў мой старэйшы брат і бацька. Я павінен быў адпомсціць…

Вайну наш зямляк завяршыў у складзе войск 2-га Украінскага фронту. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені і дзесяццю медалямі.

У канун 1946 года Мацвей Данілавіч Некрашэвіч звольніўся з арміі. Яго накіравалі настаўнікам у родную школу. Праз год прызначаюць завучам, а ў 1953 годзе — дырэктарам. Са жніўня 1971 года Мацвей Данілавіч — дырэктар Лельчыцкай сярэдняй школы №2. 45 гадоў жыцця ён аддаў любімай справе. Узнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР, органамі адукацыі, знакам «Выдатнік народнай асветы СССР». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі ў 1965 годзе Мацвею Данілавічу Некрашэвічу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік школ БССР», у 1986 годзе ён атрымлівае нагрудны знак «Выдатнік асветы СССР».

Ганаровы грамадзянін Лельчыцкага раёна Мацвей Данілавіч неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, ён унес значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага рэгіёну.

Нарадзіўся Мацвей Данілавіч 23 снежня 1923 года ў вёсцы Грабяні. Мацвей данілавіч перадаў мне папку «Матэрыялы па краязнаўству». Час ад часу я яе пераглядаю і расказваю людзям пра гэтага цудоўнага чалавека, які застаўся для нас чалавекам высокіх маральных якасцяў, адданым сваёй справе кіраўніком, верным сябрам.

Яго жыццёвы шлях і прафесійная дзейнасць з’яўляюцца прыкладам самаадданага служэння Радзіме, высокай адказнасці за даручаны ўчастак работы. Яго здымак знаходзіцца ў абласным інстытуце перападрыхтоўкі.

Іван Леўкавец, вёска Грабяні.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: