Слова «этыкет» французскага паходжання. Гэта «ярлык», «этыкетка», «цырыманіял» (пачатак). У наш час гэта слова можна пачуць у кожнай краіне свету. Але ўсюды існуюць свае асаблівасці, якія фарміруюцца на працягу многіх стагоддзяў. Аднак у культуры любога народа яны набываюць свае прыкметы ў залежнасці  ад традыцый грамадства.

Напрыклад, у адной з краін з табой не стануць размаўляць, калі не ведаюць твайго імені.

Так, у розных краінах свету прынята свая колькасць прывітальных пацалункаў: у Парыжы цалуюцца двойчы, на Корсіцы — 5 разоў, у Японіі — 9. А на Усходзе, Аўганістане і іншых мусульманскіх краінах, калі вы выранілі хлеб, павінны яго падняць і пацалаваць. Карацей, так ярка сваю павагу гэтаму прадукту па-іншаму нельга выразіць.

Хаця ў нас назіраецца адваротнае. Часам можна ўбачыць хлеба-булачныя вырабы сярод смецця на звалцы. Праўда, у наш час ужо радзей.

Ну, а цяпер непасрэдна да этыкету ў нас, славян. Хочацца пачаць з выказвання вялікага Сухамлінскага, яго парад:

— Вы жывяце сярод людзей, кожны ваш учынак, ваша жаданне адбіваецца на людзях, ведайце, што існуе мяжа паміж тым, што вам хочацца, і тым, што можна. Вашы жаданні — гэта радасці ці слёзы вышых блізкіх, правярайце свае ўчынкі разуменнем, ці не прычыняеце вы зла, непрыемнасцяў, нязручнасцяў людзям сваімі ўчынкамі, рабіце так, каб людзям, якія акружаюць вас, было добра.

Таму перш за ўсё варта прыцягнуць увагу да асобных бакоў правільных і няправільных паводзін. Ветлівасць і шчырасць заменены брыдкаслоўем і мацяршчынай, якія сталі асноўным сродкам зносін не толькі паміж дарослымі, але  і паміж падросткамі (нават і дзяўчынкамі) — перадаюцца, як кажуць, з пакалення ў пакаленне.

Гэта мы чуем вельмі часта на вуліцах і дварах нашага пасёлка. Вушы проста, як кажуць, вянуць. Гучныя размовы і мелодыі з навушнікаў і мабільных тэлефонаў аж палохаюць прахожых іншы раз. А гучаць мелодыі, якімі карыстаеца ў асноўным моладзь, не толькі днём, але і ў вячэрні і нават начны часы.

Думаю, варта напомніць некаторыя важныя правілы этыкету:

  1. Вітаючыся са старэйшым ці жанчынай, першым руку не працягвай. Чакай, пакуль зробяць яны.
  2. Вітаючыся, здымі галаўны ўбор і не надзявай, пакуль не паціснеш руку.

Часам мужчына забывае, што павінен першым прывітацца з жанчынай, а чакае адваротнага.

  1. Калі насустрач ідзе старэйшы ці жанчына — уступі дарогу.
  2. Прабіраючыся да выхаду з вагона, аўтобуса ці тралейбуса, не расштурхоўвай тых, што стаяць наперадзе. Карыстайся не рукамі, а ветлівым голасам.
  3. Жадаючы звярнуць на што-небудзь увагу, не паказвай пальцам — рабі гэта непрыкметна поглядам ці паваротам галавы.

Многа парушэнняў ёсць і ў паводзінах за сталом, таму варта, лічу, закрануць некаторыя іх моманты:

  1. У час ужывання ежы не адкусвай вялікія кавалкі.
  2. Не размаўляй з поўным ротам. Праглыні, а потым адказвай на пытанні ці размаўляй.
  3. Не сёрбай гучна, не дуй на надта гарачыя стравы, не стукай лыжкай па талерцы. Трэба есці ціха.
  4. Мяса адрэзваць невялікімі кавалачкамі. Не разразаць на кавалкі ўсю порцыю, бо ваша талерка будзе мець неахайны выгляд, а ежа хутка астыне.
  5. Прыгатаваную птушку (куру, качку) браць з агульнай талеркі і есці. А калі адразаць ужо немагчыма, можна ўзяць костачку пальцамі і абгрызці.
  6. Косці з рыбы таксама дазваляецца вымаць не толькі відэльцам, але і пальцамі, прытрымліваючы скарыначкай хлеба. А потым пакарыстацца сурвэткай .
  7. Гарнір трэба набіраць на відэлец таксама з дапамогай хлебнай скарынкі.
  8. Не трэба есці лыжкай тое, што можна есці відэльцам.
  9. Мяккія стравы (рыба, сырнікі, заліўное, катлеты і іншае) нажом рэзаць не трэба, іх можна разламаць відэльцам.
  10. Нож трымаць у правай руцэ, а відэлец — у левай. Не перакладваць іх.
  11. Костачкі з кампота нельга выплёўваць на сподак. Трэба паднесці лыжку да роту, выплюнуць на яе і пакласці на сподак.
  12. Нельга цягнуцца праз увесь стол, каб што-небудзь узяць, ціхенька папрасі суседа перадаць.
  13. З агульнага блюда бярыце крайні да вас кавалак, не выбіраючы.
  14. Нельга разбіраць хлебам рэшткі соусу з талеркі.
  15. Брудны нож і відэлец пакладзіце на сваю талерку.
  16. Калі п’еш чай, не пакідай чайную лыжку ў шклянцы, пакладзі на сподачак.

Некалькі парадаў паводзін у грамадскім жыцці:

  1. У тэатры, музеі, пры праглядзе кінафільма, бібліятэцы, лекцыі, выставе, стадыёне, парку культуры трэба паводзіць сябе так, каб не мяшаць іншым.
  2. У тэатр, на канцэрт, мерапрыемства патрэбна прыходзіць у час, не спазняцца. Лепш прыйсці крыху раней.
  3. Прабірацца да свайго месца ўздоўж рада неабходна тварам да тых, хто сядзіць.
  4. Не размаўляць у час спектакляў, не крычаць, у антракце размаўляць з сябрамі ціха. Не трэба думаць, што ваша меркаванне як гледача цікава акружаючым.
  5. Не ўставай з месца, пакуль не апусцяць занавеску.
  6. У музеі ці на выставах нельга дакранацца рукамі да экспанатаў.

Вядома, што чалавек не нараджаецца добрым, злым, высакародным, грубым, тактычным, культуру ён набывае прыжыццёва, у працэсе выхавання. Да асноўных патрабаванняў этыкету, які вызначае тактыку паўсядзённых дзеянняў і ўчынкаў, адносяцца ветлівасць, галантнасць, далікатнасць, карэктнасць, церпялівасць, сціпласць, тактычнасць, абавязковасць, дакладнасць.

Засваенне іх і адрознівае выхаванага чалавека. У чым жа іх сутнасць?

Галоўным у сапраўднай ветлівасці з’яўляецца павага асабістай годнасці кожнага чалавека, з кім мы сутыкаемся.

Паслужлівасць — прапанова дапамогі хвораму, пажылому, нямогламу, жанчыне і дзіцяці.

«Дазвольце мне!» — ветліва прапаноўвайце свае паслугі.

Галантнасць — элегантная ласкавасць у зносінах, без крыўд.

Апошні час — гэта культура паводзін мужчын у жаночым акружэнні, вялікая павага да цудоўнага жаночага полу.

Карэктнасць — гэта з годнасцю паводзіць сябе ў самых складаных сітуацыях. Нават знішчальны адпор хамству рабіць у карэктнай форме.

Церпялівасць патрабуе таго, каб знайсці з кім-небудзь агульнае, неабходна праяўляць церпялівасць да яго манераў, індывідуальнай своеасаблівасці, гэта страхуе ад канфліктаў.

Сціпласць разглядаецца ў чалавеку ў спалучэнні з іншымі яго годнасцямі, тады яна і будзе ўпрыгожваць.

Тактычнасць абавязвае нас захоўваць меру ва ўчынках і дзеяннях.

Быць тактычным — значыць вызначыць лінію паводзін, якая садзейнічае ўстанаўленню кантактаў, узаемаразумення з людзьмі.

Абавязковым і дакладным называюць чалавека з развітым пачуццём абавязку, здольнасцю выконваць тое, што паабяцаў, трымаць слова.

Рыса абавязку звязана з дакладнасцю, акуратнасцю, пунктуальнасцю.

І чым раней мы прывучаем сябе да гэтага, тым хутчэй узнікнуць неабходныя звычкі.

Мы уступаем у зносіны з непадобнымі адзін да аднаго людзьмі ў самых розных абставінах. Таму талент зносін, здольнасць знаходзіць кантакты з акружаючымі заснаваны на творчым падыходзе да арганізацыі ўзаемадзеяння з імі.

Вельмі жадаю, каб аб тым, што датычыцца этыкету, культуры паводзін, мы не толькі ведалі, але і прымянялі ў паўсядзённым жыцці. Тады і жыць будзем больш прыстойна і шчасліва.

Святлана Мядзведзева

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: