У нашым сучасным жыцці назіраецца многа адмоўных з’яў, прысутнасць якіх, канечне, не радуе. Нам не раз даводзілася чуць аб учынках хуліганаў, якія рэзалі сядзенні ў аўтобусах ці разбівалі шкло ў электрычках. «Вось вандалы!» — думалі мы, злосна ківаючы галовамі. Гэта слова настолькі моцна ўвайшло ў наш быт, што мы рэдка задумваліся аб яго значэнні. Дык хто ж такія вандалы?
Як сцвярджае «Савецкі энцыклапедычны слоўнік», вандалы — гэта група германскіх плямёнаў, якія заваявалі ў 429-439 гг. Паўночную Амерыку і заснавалі ранняе феадальнае каралеўства. У 455 г. разграбілі Рым, знішчылі многія помнікі культуры. Дарэчы, вандалізм — адна з форм дэструктыўных (разбуральных) паводзін чалавека.
У апошні час СМІ расказваюць нам аб розных актах вандалізму, часам справакаваных незадаволенасцю народных мас дзеяннямі ўлад, але часцей пагромы ўзнікаюць спантанна. Многія інцыдэнты бываюць проста бессэнсоўнымі і здзейсніваюцца мясцовай моладдзю (гэта назіраецца ў Італіі).
Хачу адзначыць, што ў нашай краіне ў сучасны перыяд разбурэнне гістарычных помнікаў ці твораў мастацтва не назіраецца. Але ёсць прыклады наўмысна разбітай або пашкоджанай як прыватнай, так і грамадскай уласнасці. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца паваленыя агароджы, паламаныя або і знікшыя лаўкі для адпачынку, устаноўка якіх патрабуе не толькі працы людзей, але і адпаведных сродкаў.
З лаўкамі менавіта адбываюцца нейкія прыгоды: то іх па-варварску ламаюць, а то і зусім знішчаюць. Як усе радаваліся, асабліва пажылыя, калі з’явілася лаўка каля газетнага кіёска, у цэнтры Лельчыц. Тут можна было не толькі адпачыць, але і пазнаёміцца са свежай прэсай, нават абмеркаваць з суседам па лаўцы. Таму вельмі перажывалі, калі лаўка раптам знікла. Па просьбе тых пажылых, лічу, з’явілася новая. Але век яе аказаўся нядоўгім. Хтосьці вельмі «пастараўся», каб прывесці яе ў нягоднасць. Думаецца, колькі ж трэба прыкласці намаганняў на гэта. Вось каб накіраваць іх на што-небудзь карыснае!
Можна, на мой погляд, аднесці да прыкмет разбурэння і тое адмоўнае, што парушае наш быт, мяшае прыгожа жыць. Запрашаю паглядзець, што робіцца часам каля скрынь па збору смецця. У многіх, пэўна, не дацягваюцца рукі да іх, а таму пакеты аказваюцца побач, а не ўнутры. Хочацца крыкнуць: «Людзі, вы ж разумныя! Чым і адрозніваецеся ад так званых нашых малодшых братоў. Ды і яны іншы раз не дазваляюць сабе такога».
Хвалююць таксама і экалагічныя праблемы. Не звяліся яшчэ звычкі ў некаторых людзей пасля сябе пакідаць смецце ў лясах, каля ракі, тым самым яны паказваюць не толькі сваё бескультур’е, але і падаюць дрэнны прыклад падрастаючаму пакаленню.
А лес — наша здароўе і багацце, ён не толькі для адпачынку, тут людзі збіраюць дзікаросы, што з’яўляецца для многіх жыхароў нашага раёна добрай матэрыяльнай падтрымкай.
Хочацца яшчэ адзначыць, што не знікла з жыцця нашага грамадства блізкая да вандалізму з’ява — жорсткасць. Яна існуе ў сямейных адносінах (насілле), у адносінах да дзяцей, братоў нашых малодшых, наогул паміж людзьмі. Вельмі хочацца, каб у жыцці нашага грамадства панавалі спагада, міласэрнасць, дабро.
Святлана Мядзведзева.
Фота носяць ілюстрацыйны характар