Анатоль Кашэвіч аб тым, як жылося палонным у адным з нямецкіх лагераў

0
486

Што ж, няхай тыя, хто не ведае, што такое вайна, не вераць, да чаго можа дайсці ў сваёй апантанасці, злосці чалавек-звер — фашыст, што можа вынесці той, хто хоча жыць. Важна, каб пра гэта памяталі, не забывалі мы, хто на свае вочы бачыў тое, што — дай Бог! — можа ніхто ніколі ўжо не ўбачыць. У кожнага пакалення сваё жыццё, свая памяць. І менш за ўсё трэба каго б там ні было папракаць, наракаць то на тое, то на гэтае, трэба кожнаму помніць сваё, тады ўсе разам будуць помніць усё…

Увесь той жах, у якім з голаду і хвароб каналі мільёны савецкіх мужчын з тых, хто ў Вялікую Айчынную вайну меў няшчасце не па сваёй волі трапіць немцам у лапы, мне расказаў у свой час адзін з палонных, які разам з дзясяткамі тысяч трапіў у нямецкі лагер для палонных, калі адыходзіла наша войска ў пачатку вайны паабапал шашы ад Брэста ў бок Мінска.

— Адступалі мы вялікім натоўпам, — пачаў мой суразмоўца, — не маючы пры сабе нават вінтоўкі і патронаў. Адна вінтоўка Мосіна ўзору 1891 года была на два-тры чалавекі. І з ёю патрэбна было выступіць супраць варожых танкаў, нямецкіх мінамётаў і гармат усіх калібраў, якія ўжо перасоўваліся пры дапамозе механічнай цягі. А ў нас што было?

Немцы нашых засталі з разабранымі супрацьтанкавымі гарматамі, якія яшчэ перасоўваліся пры дапамозе цяглавай сілы або ўручную. Нас акружылі з усіх бакоў, прымусілі пакідаць вінтоўкі і як статак жывёлін завярнулі ў зваротным напрамку і пад прымусам пагналі на Захад.

Па дарозе параненых і знясіленых канваіры расстрэльвалі адразу, каб не заміналі ім. На тэрыторыі Польшчы, каля горада Бяла-Падляска, немцы загналі нас, палонных, на чыстае поле, дзе быў ужо падрыхтаваны вялізны лагер, які цягнуўся кіламетр у даўжыню і ў шырыню. Усё гэта было абгароджана трохмятровай сцяной з калючага дроту, а наверсе парабілі засекі. Па ўсім перыметры агароджы паставілі вартаўнічыя вежы з кулямётамі і пражэктарамі, а па дротах пусцілі электрычны ток.

Ні будынкаў, ні зямлянак за агароджай не было, не дазвалялася нашым салдатам капаць ямы-схованкі на тэрыторыі лагера. Няшчасныя нашы палонныя — у гімнасцёрках, зрэдку хто ў шынялі — чакалі свайго канца пад адкрытым небам — у дождж, а пазней — і ў снег.

У першыя ж дні палону вывелі за вароты невялічкую групу людзей і прымусілі іх капаць вялізны роў, не хаваючы ад палонных, для чаго ён паслужыць. У гэты роў амаль штодня ахоўнікі спіхвалі многіх палонных — проста жартавалі і расстрэльвалі іх. Нават утварылі для сябе такую забаву: выводзілі некалькі чалавек рускіх і столькі ж яўрэяў, або цыган, давалі рускім зброю, каб тыя забівалі яўрэяў. Калі тыя адмаўляліся — рабілі наадварот, — і з гэтага вартавыя пацяшаліся.

Праз колькі дзён на тэрыторыі лагера нельга было ўжо знайсці ні адной травінкі, ні карэньчыка, ні лісточка. Паступова пагрызлі ўсе кожаныя рамяні,  скураныя часткі абутку і нават капыты дохлых коней і быдла, якое знаходзілі ў ямах, якія дазволілі ім капаць на тэрыторыі лагера, каб схавацца ад дажджу і снегу. Адзін чарпачок баланды прыходзіўся на аднаго чалавека ў суткі. Тыя ваеннапалонныя, якіх іншы раз адпраўлялі на работы, прыносілі з сабою нейкія прадукты харчавання, дзяліліся з другімі. А хто працаваў на дарогах, прыносіў з сабою лісце дрэў, траву, карэнні, якімі таксама дзяліліся з іншымі.

Роў паступова запаўняўся і запаўняўся трупамі. Немцы іншы раз кідалі за драцяную агароджу сапсаваную агародніну, нейкія кавалкі прытухлага мяса, невядома, з чаго яно было або з каго. Няшчасныя выпаўзалі са сваіх абжытых нораў, бярлог, ям і ўмомант накідваліся на ўсё гэтае,  збіваліся ў вялікі шматтысячны натоўп. Немцы назіралі за ўсім гэтым праз калючы дрот і цешыліся. А калі заўважалі, што палонныя штосьці не падзялілі, ускідвалі аўтаматы і пасылалі чэргі ў суцэльную масу звар’яцелых ад голаду людзей.

Агульная яма зноў папаўнялася сотнямі забітых і параненых. Яны былі непатрэбны нікому, у гэтым лагеры фашысты імкнуліся да таго, каб усе да аднаго вязні сканалі ад голаду. У іх гэта атрымоўвалася нядрэнна.

Але ж канчаткова згаладнелыя чалавечыя істоты, трацячы ўсялякія нормы людскіх паводзін, напрыканцы свайго існавання, знаходзяць у сабе нейкія сілы, каб паспрабаваць змагацца за сваё жыццё.

— Гэта і адбылося ў лагеры, — з сумам працягваў мой суразмоўца. — Людскія цені знайшлі ў сабе сілы на спантанны бунт. У адзін момант з усіх куткоў лагера вязні, трымаючы падрыхтаваныя для гэтага выпадку дошкі, анучы, замызганыя шынялі, падраныя і гнілыя гімнасцёркі, з адчайным крыкам «Ур-а-а!» рынуліся на драты. Жывы людскі вал умомант абляпіў агароджу. Усе імкнуліся хутчэй выбрацца на волю.

З вышак запусцілі ракеты. Затым па жывой і шчыльнай людской масе секанулі кулямёты.

Многіх, каму ўдалося пакінуць лагер, уцячы з гэтага аду, высачылі потым сабакамі і вярнулі назад. Толькі зусім невялікай колькасці вязняў удалося ўцячы, перайсці на тэрыторыю Беларусі. Пасля гэтай ночы роў быў перапоўнены забітымі і параненымі, пачалі капаць новы і сцягваць туды трупы, сцягвалі з-за платоў і тэрыторыі лагера…

Гісторыя не данесла, колькі дакладна палонных загінула ў першыя месяцы акупацыі, а на 10 жніўня 1941 года налічвалася іх у гэтым лагеры каля 80 тысяч чалавек, выжыць, уцячы з гэтага пекла ўдалося зусім нязначнай колькасці. А колькі другіх было такіх жа лагераў смерці па ўсёй Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі і гэтак далей, дзе былі забіты або змораны голадам нашы салдаты і мірныя жыхары. Незлічоная колькасць.

Маё пакаленне, таксама нашчадкі добра ведаюць, што нашы людзі ў той час ад Архангельска, Карэліі, Ленінграда, Масквы, Сталінграда, Каўказа і аж да Варшавы, Прагі, Бялграда і Бярліна густа ўслалі святую зямлю сваімі касцямі, і менавіта таму рэшта іх, савецкіх людзей, дачакалася так жаданай Перамогі над фашысцкай Германіяй.

Анатоль Кашэвіч, вёска Чырвонабярэжжа.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: