Якімі сцвярджэннямі сябе мы не запэўнівалі б, у што верылі і не верылі б, але ж заўсёды прыходзім да адзінай высновы: наша здароўе ва многім залежыць ад здароўя прыроды, што стваралася яна сама па сабе на працягу доўгіх тысячагоддзяў.
Прырода, асабліва на нашым Палессі, на лугавінах рэк, дыхала свежым паветрам, наваколле песціла вока. Усе далёкія сівыя стагоддзі прытокі Прыпяці неслі свае балотныя воды па прасторах Палесся, разам з іншымі лічылася шматводнай і наша Убарць. Яе выток знаходзіцца на ўскрайку Прыдняпроўскага ўзвышша, каля вёскі Сімоны Емільчынскага раёна Жытомірскай вобласці. Ад вытока да вусця даўжыня Убарці складае 292 кіламетры, што прыкладна адпавядае лінейнай адлегласці ад Лельчыц да Мінска.
Убарць раней была багата рыбай. Увачавідкі можна было бачыць, як каля віроў касякамі стаялі супраць цячэння тоўстаспінныя язі, увесь час усплываючы на паверхню і ловячы апалых з дрэў вусеняў, жукоў. Кругі-абручы, зробленыя язямі, заўсёды прыцягвалі ўвагу чалавека.
У палескіх рэках вадзілася зашмат плотак, мянькоў, верхалёдак, печкуроў і іншай рыбы. І гэта ўсё працягвалася да таго часу, пакуль у гэтае прыгожае навакольнае асяроддзе не ўмяшаўся чалавек, не пачаліся меліярацыйныя работы.
У дадатак да ўсяго нам з вамі не патрэбна выкідваць з рахунку чарнобыльскую навалу. На нашу беларускую зямлю выпала немалая колькасць радыёнуклідаў. Таму, пэўна, і застаюцца забруджанымі асабліва лясныя дары прыроды.
Калі гаварыць пра здароўе навакольнага асяроддзя, хіба можна абысці такое пытанне, як пластыкавая ліхаманка? Вядома не. Бо такую частку свету ўжо засмяцілі пластыкам, што нават цяжка і падумаць…
На жаль, здараецца так: спачатку чалавек зробіць шкоду — а затым толькі азірнецца… Зусім было б не поўнае абагульненне да агульнага зберажэння прыроды, калі б не ўлічыць тое, што многае залежыць ад нас з вамі. Мы не заўжды сочым за тым, каб папярэдзіць злачынствы ў неасцярожным або знарокавым падпальванні лясоў, тарфянікаў, што наносіць вялізную шкоду наваколлю.
Проста мала задумваемся і клапоцімся аб тым, што потым скажуць пра нас нашчадкі, што ім застанецца ад нас? На гэтую тэму трапна выказаўся ў свой час беларускі пісьменнік Пімен Панчанка: «Многа ліха — ды ўсюды ціха. А зямля дакуль будзе цярпець? А нашчадкам нашым чым жа дыхаць? — Мы ўжо задыхаемся цяпер».
Пройдзе час, вырастуць новыя пакаленні, якія захочуць ведаць гісторыю свайго роднага краю, зазірнуць у мінулае дваццатае стагоддзе, калі на палескіх землях адбываліся карэнныя пераўтварэнні балот у сельскагаспадарчыя землі. Напэўна, у нейкай меры яны будуць нам удзячны за тое, што ім пакінулі ў спадчыну значную частку балот, якія не крануты меліярацыяй. Гэта Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік, які прадстаўляе сабой суцэльны лесабалотны масіў. Яго плошча больш за 63 тысячы гектараў. Ён распасціраецца з захаду на ўсход на 64 кіламетры і з поўначы на поўдзень — на 23 кіламетры. Для нашчадкаў запаведнік захаваў раслінны і жывёльны свет Палесся.
Даведаецца будучае пакаленне і пра сусветную чарнобыльскую катастрофу, будуць абарочвацца назад, да нашага пакалення і думаць: як гэта здарылася, што за людзі тады жылі, як яны адчувалі тое, што адбываецца, змагаліся, каб выжыць, што думалі пра тое, які ўплыў зрабіла катастрофа на жывую прыроду? І многае-многае для іх застанецца незразумелым…
А нам з вамі, пакуль ёсць час, патрэбна падумаць і не дапусціць ніякіх спажывецкіх адносін да багаццяў нетраў і вод, расліннага і жывёльнага свету. Бо толькі стратэгія беражлівасці, ініцыятыўная і свядомая пазіцыя велікадушнасці да навакольнага асяроддзя змогуць стрымаць працэс разбурэння прыроды.
Анатоль Кашэвіч, вёска Чырвонабярэжжа



















