Часта ўспамінаю першыя гады працы ў школе. Пасля заканчэння Гомельскага педвучылішча адбылася доўгачаканая сустрэча з вучнямі. Мяне першакласнікі сустрэлі з цікавасцю, неяк насцярожана, запомніліся іх па-добраму адкрытыя, надта пытлівыя вочкі.

Я, канечне, імкнулася апраўдаць іх надзеі, але першыя крокі не такія і ўпэўненыя, таму вучылася разам з імі. Але ж было вялікае жаданне прынесці як мага больш карысці: даць веды, выхоўваць лепшыя чалавечыя якасці.

Хачу адзначыць, што падтрымку і дапамогу атрымлівала ад маіх калег-настаўнікаў. Я валодала свежымі ведамі, а яны — вопытам. Спалучэнне аднаго з другім надта дапамагала ў працы.

У памяці засталіся бацькоўскія сходы майго класа, на якіх часта ўзнікалі пытанні наконт выхавання: з якога часу ад нараджэння дзіцяці пачынаць, як адносіцца да яго адмоўных учынкаў і гэтак далей (дарэчы, такія пытанні ад бацькоў узнікалі і значна пазней, калі пасля заканчэння філалагічнага факультэта я ўжо працавала са старэйшымі вучнямі і была, канечне, больш, як кажуць, узброена).

А ў тыя часы не на ўсе пытанні, безумоўна, я магла грунтоўна адказаць. Таму і вырашыла звярнуцца да прац знакамітых педагогаў, навукоўцаў.

І ў адным з артыкулаў прачытала аб звароце маці да прафесара педагогікі, з якога часу пачынаць выхаванне толькі што народжанага дзіцяці. У сваю чаргу прафесар зацікавіўся ўзростам немаўляці. Маці адказала, што яму ўсяго тыдзень. «Вось на тыдзень вы і спазніліся», — так зазначыў прафесар. Маці, зразумела, была здзіўлена такім адказам. А мяне значна зацікавіла такое меркаванне. Хаця ў той час была вельмі распаўсюджана і народная мудрасць: «Пачынаць выхоўваць дзіця патрэбна не тады, калі яно ляжыць уздоўж лаўкі, а тады, калі — упоперак».

У хуткім часе мне ў рукі трапіла невялічкая кніжачка Л. Успенскага «Культура мовы». Думаю, што асобныя моманты з яе будуць цікавымі і карыснымі для маладых бацькоў і ў наш час.

Аўтар пачынае свой аповед з таго, што прапануе шэраг самых простых, элементарных прыёмаў, якія змогуць дапамагчы маладым бацькам развіваць у дзецях складаны комплекс імкненняў і навыкаў, які называем культурай мовы і паводзін.

А пачынаць неабходна, калі толькі дзіця нарадзілася, калі яно мірна ляжыць у сваім ложачку і глядзіць на ўсё яшчэ пустымі вочкамі ці проста пускае пузыркі.

Але ж вы размаўляйце з ім, размаўляйце ўвесь час, пакуль яно не спіць. Размаўляйце, калі мяняеце распашонкі, калі купаеце або корміце. Гаварыце. Гаварыце. Гаварыце…

Аб чым? Пакуль што гэта не мае значэння. Калі не знаходзіце слоў, якія звычайна самі льюцца з вуснаў маці, чытайце ўслых самой сабе, як і яму, што прыдумаеце: вершы і словы песень, якія памятаеце, або тое, што прачыталі ў газеце, кнізе ці новым нумары часопіса.

Але чытайце ціха, мяняйце інтанацыю і паніжайце голас. Нельга каля дзіцяці гаварыць вельмі гучна, крычаць, сварыцца, дазваляць сабе сярдзіты, злы выраз твару: дзіця спалохаецца і заплача, і хто ведае, як гэта адклікнецца ў ім праз многа гадоў. Гаварыце з ім так, як будзеце гаварыць гады праз два, калі ён ужо будзе «разумець многае». Пры размове глядзіце на яго маленькі тварык: глыбокае супакаенне пачне хвалямі набягаць на яго, ён стане рухаць губкамі, быццам усміхацца, і, нарэшце, ціхенька засне.

Праходзіць час. І вось дзіцяці ўжо два гады. Цудоўна, калі каля яго ёсць казачніца — бабуля ці гэтым талентам валодаюць бацька і маці ці нават цётка. А як гэтага няма, дык сядзьце каля дзіцяці з кнігай і, загадзя падрыхтаваўшыся (таму што горш нічога не можа быць, калі казачнік збіваецца, блытаецца, не выразна вымаўляе) і проста чытайце яму казку. А яшчэ як выхаваўчы элемент вельмі карысныя для дзяцей песні-калыханкі, надта патрэбныя ім на ўсіх ступенях развіцця — ад самага нараджэння і да тых дзён, калі вы палічыце, што ўжо няма неабходнасці «засынаць з дапамогай казкі».

Хачу адзначыць, што для дзіцяці, калі, канечне, вы не лічыце яго музыкальным феноменам, не мае значэння, што яму спяваюць, хто спявае  і як.

Вашаму дзіцяці ўжо каля 5-6 гадоў. І калі вы яго не здалі ў рукі прафесійных педагогаў у дзіцячым садку, патрэбна падумаць аб тым, каб ён пачаў чытаць сам, бо літары ўжо ведае.

Уявіце, што ў доме многа кніг, якія з’яўляюцца прадметам павагі і любві, і кнігі ўвесь час выкарыстоўваюцца, бо вакол дзіцяці тыя, хто чытае. Ды яшчэ малое і чуе чытанне ўслых, а пры гэтым усе ці смяюцца, ці абмяркоўваюць прачытанае — цікавасць да друкаванага слова ў яго, канечне, з’явіцца і будзе расці.

Калі заўважыце такую цікавасць, спыніцеся на самым важным і папрасіце: «А цяпер ты прачытай». Будзеце тлумачыць гэта тым, што вочы стаміліся (гэта пра бабулю ці дзядулю) ці проста чымсьці неадкладным занятыя, а вельмі хочацца даведацца, што здарылася далей з героямі.

Час ідзе, дзіця ваша ўжо падростак, але ж не прыпыняйце размовы з ім. Усё вас павінна цікавіць у яго паводзінах і ўчынках, у поспехах і няўдачах. Спакойна і разважліва патрэбна параіць, як выйсці з той ці іншай сітуацыі дастойна. Карацей, без крыку і павучанняў, на правах старэйшага сябра, дарадцы. Тады вы зможаце не толькі набыць, але і захаваць давер, цёплыя адносіны са сваімі дзецьмі на ўсё жыццё, нават і тады, калі ў іх ужо будуць свае сем’і.

Ведайце, дзеці капіруюць нас ва ўсім: паводзінах, учынках, мове.

Надзвычай буду рада, калі хто-небудзь з маладых бацькоў палічыць важнымі ў выхаванні сваіх дзяцей некаторыя моманты з артыкула і прыменіць іх на практыцы. Поспехаў вам.

Святлана Мядзведзева, г. п. Лельчыцы.         

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: