Навучэнцы Ліплянскай сярэдняй школы не маглі стрымаць хвалявання. Яшчэ б! У школу прывезли сучасныя камп’ютары, тэлевізары, праектар, швейныя машыны, інтэрактыўную дошку, жалюзі, прынтар, школьную мэблю. Дзеці з нецярплівасцю чакаюць пачатак наступнага навучальнага году, каб хутчэй апрабаваць усе навінкі.
Спонсарам абнаўлення матэрыальна-тэхнічнай базы ўстановы стаў Ігар Жабароўскі, які ў дзяцінстве пражыў некалькі гадоў у Ліплянах. Сёння ён кіруе вучэбным цэнтрам «Інфаўрок» у Мінску. Аб гэтым нам паведала дырэктар Ліплянскай школы Наталля Калеснік.
— Набытыя тэхнічныя сродкі сталі сапраўднай знаходкай для школы і дадуць магчымасць на высокім узроўні ажыццяўляць вучэбны і выхаваўчы працэс. А новая мэбля, жалюзі прыдалі памяшканням сучасны эстэтычны выгляд, — падкрэсліла Наталля Іванаўна. — Гэта сапраўдны падарунак для нашай сельскай школы. Мы ўдзячны, што Ігар Вячаслававіч не забыў, што ёсць у Беларусі куточак маленькай Радзімы, і ў бягучым годзе аказаў установе адукацыі значную дапамогу. Ад імя калектыву педагогаў, дзяцей, бацькоў выказваю шчырыя словы падзякі, жадаю здароўя, шчасця і міру Ігару Жабароўскаму і ўсім, хто праявіў ініцыятыву, прымаў удзел у арганізацыі, падрыхтоўцы і забеспячэнні спонсарскай дапамогі.
— Шчырыя словы падзякі адрасуем і матулі Ігара Вячаслававіча, Лось (Танчынскай) Таццяне Іванаўне, выпускніцы Ліплянскай васьмігадовай школы, якая выдатна вучылася і не забыла сцяжынку да яе і цяпер, шануе бацькоўскую хату, сваю вёску і змагла выхаваць у свайго сына любоў да Радзімы, павагу да землякоў, шчырасць да дзяцей, — працягвае дырэктар школы. — Ігар Вячаслававіч некалькі гадоў свайго дзяцінства пражыў у Ліплянах, але менавіта гэтае месца лічыць сваёй малой радзімай. Мы верым, што добрыя справы не знікнуць, нельга забыць дабро, зробленае дзецям, сваім аднавяскоўцам, сваёй малой радзіме.
Яўгенія Ляхавец