У ліку гаспадарак, якія ўключыліся ў дадзены від сельгасработ, — ААТ «Зорка Палесся».
На мілашавіцкіх палетах працуць корманарыхтоўчыя камбайны, да якіх пад’язджаюць самазвалы і трактары з прычэпамі. Сабраны ўраджай каралевы палёў яны звозяць у сіласныя траншэі. Тэхналогіі закладкі застаюцца ранейшымі.



Па словах кіраўніка гаспадаркі Генадзя Дражына, ураджай кукурузы, як і збожжа, у гэтым годзе неблагі. Зараз ураджайнасць 267 цэнтнераў з гектара пры агульнай мінулагодняй — 230. Мяркуецца, што нарыхтоўка прадоўжыцца да сярэдзіны кастрычніка. Зараз надвор’е толькі садзейнічае сельгасработам.

— Толькі нядаўна КВК выйшлі ў поле. Кукуруза высокая стаіць, добра выспела. Ёсць што нарыхтоўваць. У мінулыя гады культура сябе добра паказала, думаю, што і гэты год будзе на яе ўрадлівы. Настрой у механізатараў і камбайнёраў выдатны, — падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі.



У сельгаспрадпрыемстве на каралеву палёў робяць стаўку і надаюць шмат увагі. Так што яе можна назваць культурай стратэгічнай. Плошчы сёння ў супастаўленні з мінулагоднім перыядам павялічылі з 300 да 1 475 гектараў. Перасявалі тыя ўчасткі, што атрымаліся найбольш пашкоджанымі ў выніку замаразкаў.

Усяго, па дадзеных райсельгасхарчу, ужо ўбрана 664 гектары, альбо 6 працэнтаў плошчы кукурузы. Ураджайнасць у сэрэднім складае 158 цэнтнераў з гектара. Таксама ў гаспадарках раёну зараз сеюць рапс і сурэпіцу, рыхтуюць глебу пад азімыя збожжавыя культуры, праводзяць ўборку саломы з палеткаў.
Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фота аўтара.



















