Памяці Ніны Сяўрук: крыштальнае святло яе зоркі

0
246

Яны сыходзяць… Сыходзяць  па-рознаму:  адны  непрыкметна, амаль незаўважна; другія раптоўна, нечакана; трэція нібы з’язджаюць, стомленыя звыкласцю ды забыццём; іншыя з выразным болем на твары і ў душы, ад няведама адкуль прыліплых хваробаў; асобныя нявечацца старасцю;  частка трапляе ў пастку з выпадку згубы; ёсць і такія (чаго граха таіць), смяротны крыж  каторых  ускінуўся па іхняй волі.  Сыходзяць беспаваротна, безаглядна, назаўсёды. Туды, адкуль не вяртаюцца, толькі цешаць сябе ўяўленнем: там сапраўды лепш! Сыходзяць нашы  Настаўнікі… Пакідаючы нам роспач, смутак, вярэдлівы жаль. І несуцешную самоту, быццам мы, тыя, хто застаецца, губляем з адыходам сваіх настаўнікаў прыхаваныя зярняткі сваёй сутнасці, саміх сябе. Ды міжволі ахутваемся яшчэ адным жахам — пачуццём  сарамлівай крыўды на некага  патаемнага, хто не збярог дарагога табе чалавека, гвалтоўна вырваў яго існаванне, адправіў у нябыт. І шкрабецца па сэрцы адчуванне такой звычайнай, такой шчымлівай простай чалавечай віны.

25 снежня на святы дзень каталіцкага Раства не стала Настаўніцы (менавіта з вялікай літары!) роднай мовы Сяўрук Ніны Адамаўны — чалавека светлага, шчырага, высокароднага, прыгожага знешне і душою, з вялізным палымяным сэрцам, поўным ненатольнай смагаю жыцця. Яе ведалі многія — і не толькі ў родных Стадолічах, але і ва ўсім раёне, вобласці і за яе далёкімі межамі. Яшчэ жыць ды жыць бы! Не прый-шлося — перашкодзіла працяглая хвароба.

Ніна Адамаўна нарадзілася малодшай дачкою ў сялянскай сям’і Баравічэнкаў: былога партызана-франтавіка Адама Сямёнавіча і дзяўчыны-украінкі Марыі Архіпаўны ў вёсцы Стадолічы, з якой не развітвалася ніколі — бадай толькі пад час набыцця прафесіі  ненадоўга «здраджвала» сваёй любай вёсачцы, — і ёй жа, як і шматлікім пакаленням маладых стадалюкоў прысвяціла сваё жыццё, аддала да апошняга свае сокі, прысягнула навекі ім адданасцю, шчырасцю, верай і любоўю.

Расла маленькая Нінка жвавенькім блакітнавокім анёлкам, замест крыльцаў каторага на плячах дзяўчынкі лучыліся кудзелькі бялюткіх зіхлівых валаскоў, а на твары — нібы выпуклая з дзвюмя ледзьве прыкметнымі адтулінкамі лустачка бяросты  — кірпаты носік ды поўная лагоды, незгасальная ніколі — нават пры дзіцячых слёзках — усмешка. Быццам кветку пранясе Ніна Адамаўна сваю пярлінную па прыгажосці, шчымлівую па выразнасці, цяплюткую па дабрыні ўсмешку праз усё жыццё, прыдасць ёй дарослай зачараванасці, амаль няўлоўнай задуменнай жаноцкасці, у нечым нават сур’ёзнай разважлівасці масцітага педагога-дыдакта — і ўсмешка стане адметным пашпартам  гэтай цудоўнай жанчыны, запомніцца кожнаму, хто так ці інакш зносіўся з ёю.

Часы дзяцінства Ніны Адамаўны былі не з лёгкіх, прыйшлося спазнаць і   нястачы, і страты, але ж не галадалі: маці працавала ў магазіне, бацька быў млынаром, пасля  ўладкаваўся ў адкрыты ў вёсцы камбінат бытавога абслугоўвання, маў ладны кравецкі навык і абслугоўваў разнастайныя густы сваіх аднавяскоўцаў. Ды і дамашняя гаспадарка падавалася цімалаю, таму з малых гадоў прылаўчалася малеча  да сялянскае працы — на зямельцы і ля свойскай жывёлы. Трымалася старэйшай сястры Галінкі, цікавала за яе спрытам — і ў самой атрымоўвалася не горш. Яшчэ трохгадоваю гарэзай як прырасла да школьніцы-сястры, імчала за той на заняткі, дзе з дазволу выкладчыкаў уладкоўвалася на апошнюю парту ды нешта карэмзала алоўкам на аркушы паперы. Вучні пасмейваліся з яе, ласкава празвалі  «Гальчын хвосцік», а Нінка вывучала літары, лічыла на пальчыках, малявала, ледзьве чутна падпявала на ўроках спеваў.  А затым  і сама стала першакласніцай — ужо ўмела чытаць і пісаць, абгортваць падручнікі, выконваць фізічныя практыкаванні. Першая настаўніца — нібы незямная, казачная… Ці ж не тады ўпершыню ўзнікла жаданне таксама стаць настаўніцай, такой не падобнай на вяскоўцаў і ведаць усё-усё? Цяпер не спытаеш. Скончыўшы  8  класаў, выдатніца Ніна адмаўляецца ісці ў  дзявяты, забірае пасведчанне аб няпоўнай сярэдняй адукацыі і паступае на вучобу ў Пінскае педагагічнае вучылішча, каб урэшце самой стаць выкладчыцай малодшых класаў. Мара здзейснілася. Адвучылася з прагай да ведаў: у дыпломе пасля заканчэння — адны выдатныя адзнакі. Ці не адразу з выпускнога ў вучылішчы — дамоў, у родныя Стадолічы, у сваю школу. Ужо дарослым спецыялістам — настаўніцай. Ды неяк адчула, што атрыманых ведаў недастаткова, таму праз год  выдатна здае ўступныя іспыты ў Мазырскі педагагічны інстытут на  філалагічны факультэт і становіцца студэнткай-завочніцай аддзялення роднай мовы і літаратуры. Прыйшлося нялёгка — і працаваць, і вучыцца. Але ж цяжару не адчувала: крылы для ўзлёту давала маладосць, любоў да свае працы, разуменне  правільнасці выбару сваёй жыццёвай пуцявіны, свае патрэбы дзецям напаўнялі выразным сэнсам існаванне дзяўчыны як асобы, як чалавека. А тут і каханне заспела: такое, пра якое нават не мроілася. Чысцюткае, бясплотнае, шчымліва-узнёслае, да поўнага самазабыцця. О Божа! Хіба ж ёсць такія словы, што здольны адлюстраваць гэтае вышэйшае з чалавечых   пачуццяў?! Яно было першым, стала адзіным — і на ўсё жыццё! Хлопца звалі як і бацьку Ніны — Адам, хіба што прозвішча іншае — Сяўрук.  Агністы, спрытны, весялун. Ніводнага танца не прапусціць, а калі возьме ў рукі гармонік, то і столя ходарам заходзіць.  Ды і здатны які: да чаго не дакранецца, усё выйдзе ладам. І таксама свой — стадалюк. Згулялі вяселле — і не толькі натольвалі смагу з куфэрка кахання, але ж і зацуглілі крылатага каня сямейнага шчасця. Амаль паўвека бездакорнага шлюбу на аснове ўзаемаразумення і ўзаемнай павагі з’ядналі лёсы Ніны Адамаўны і Адама Марцінавіча ў адзіны ды адарылі іх роднасныя душы агульнай плоццю: да апошняга выдыху жонкі муж заставаўся побач. Як і Галінка — сястра, сяброўка, апора і падтрымка…

Так, Ніна Адамаўна спаўна спазнала шчасце: у сям’і, прафесіі, творчасці, грамадскай дзейнасці, вучнях, сябрах, калегах, у суседзях і добрых людзях. Бо яна валодала невычарпальным талентам — талентам веры ў чалавека, у яго дабрыню. Яна прайшла  доўгі прафесійны шлях: ад настаўніцы пачатковых класаў да намесніка дырэктара па вучэбнай працы, застаючыся на кожнай пасадзе годным чалавекам. Кар’ера  яе не вабіла, галоўнымі для яе былі адданасць дзецям, любоў да іх. Высокаэрудаваная, з тонкім псіхалагічным успрыманнем, з дасканалым валоданнем сваім прадметам — мовай свайго народа  і здольнасцю адчуваць моц і гаючасць роднага  слова, з шырокім узроўнем метадычнай падрыхтоўкі — вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі — Ніна Адамаўна падобная жывіцы, што ўрэшце ператвараецца ў бурштын. Такі, што ніколі не страчвае першароднага зіхцення — зорка гэтай прывабнай, неардынарнай жанчыны ой, як яшчэ доўга будзе лунаць-пералівацца на высокім настаўніцкім небасхіле! Працягне жыць у яе вучнях — бо веды, пасеяныя  ў галовы сваіх выхаванцаў  Нінай Адамаўнай, сталі лёсавызначальнымі  не аднаму тузіну маладзёнаў. А гэта і прызнанне, павага, і чалавечая годнасць. Але ж галоўнае — любоў  узаемапранікняльная — настаўніцы да вучняў і вучняў да настаўніцы. Сумнення ў гэтым няма.

Асабістае шчасце Ніна Адамаўна самааддана спалучала са служэннем  людзям, яна неаднаразова абіралася  мясцовым дэпутатам, узначальвала вясковыя арганізацыі жанчын, пенсіянераў…  Працяглы час Ніна Адамаўна выконвала яшчэ адзін пачэсны  грамадзянскі абавязак — з’яўлялася старэйшынай вёскі, справядлівай і паважанай. І на ўсё хапала сіл: аддавала сябе іншым  поўнасцю, не шкадуючы, не патрабуючы  ўзнагарод. Жыла сціплым, насычаным ды такім узнёслым, смакавітым, годным — сапраўдным  чалавечым жыццём!  Жыла… Была… Была многа кім! Толькі не былой настаўніцай — былых настаўнікаў не бывае! Застаюцца імі навечна.

То няхай зямелька-маці будзе пухам яе плоці,  а яе душы — Бязмежжа Нябёсаў.

 Анатоль ЖОГЛА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: