На палетках раёна збожжаўборка ўступіла ў актыўную фазу. Лідзіруючыя пазіцыі па тэмпах займае ААТ «Сінпольскае». За дзень камбайны могуць абмалочваць не адзін палетак, пераязджаць у розныя ўрочышчы, бо ў гаспадарцы шмат пасеваў. Збожжа выспела неблагое, па ўсяму відаць, што хлебны каравай нашага раёна будзе вялікім і не горшым за мінулагодні. На ўборцы задзейнічаны лепшыя механізатары, сярод якіх ёсць сваякі. У такіх тандэмах праца ладзіцца.

Сярод тых, хто прыкладае шмат намаганняў у полі, —  механізатары ААТ «Сінпольскае», браты Сяргей і Міхаіл Бараноўскія (на здымку). Адносіны ў іх паміж сабою сапраўды братэрскія. Працуюць моцна, у адным звяне,  а калі патрэбна ― могуць адзін аднаго падмяніць. Брацкая ўзаемадапамога прыходзіцца вельмі дарэчы, калі на рахунку кожная хвіліна ў полі.

Зараз Сяргей абмалочвае збожжа на камбайне, Міхаіл на энэрганасычаным трактары з ёмістым прычэпам адвозіць зерне з поля для ўзважвання і на дасушку. З малодшым братам, 28-гадовым Міхаілам, гутарым непасрэдна ў полі каля Буйнавічаў. Міхаіл чакае пакуль яго брат Сяргей, які паехаў недзе далей на камбайне,  прыедзе адгружацца з бункера:

― У нас уся сям’я ў гаспадарцы. Мы з братам тут, у полі, бацька на ферме, маці на малочным комплексе. Так што на чацвярых у нас адна зарплата, калі так можна сказаць,  — дзеліцца мой суразмоўца.

Трактар, на якім працуе Міхаіл, новы. Магутны «Беларус-3522». Гаспадарка атрымала яго ў мінулым лістападзе. Механізатар ужо паспеў правесці на ім і вясновы пасеў. А вось уборка ўраджаю першая. І, як прызнаецца суразмоўца, энэрганасычаная тэхніка не падводзіць. За раз перавозіць каля 20 тон збожжа. А каб весялей працавалася, Міхаіл усталяваў музыку сабе ў кабіну.

І нават больш таго. На такіх людзях, як Міхаіл, ― сапраўдных прафесіяналах, якія любяць сваю справу, і да апошняга аддаюцца ёй,  таксама як яго брат,  бацькі, —  трымаецца наша сельская гаспадарка. Ён не цураецца ніякай працы. З адказнасцю ставіцца да яе. У Сяргея  гэта  адзінаццатая па ліку збожжаўборка. Ён з маленства ў сельскай гаспадарцы.

Такімі людзьмі, як Міхаіл Бараноўскі,  ганарыцца сённяшняя вёска. Калі перайсці за межы сельгаспрадпрыемства ў справы сямейныя,  то мой суразмоўца яшчэ і сапраўдны гаспадар. Купіў у Буда-Сафіеўцы дом, зрабіў добры рамонт. Зараз у ім жывуць жонка з дзецьмі. Міхаіл Бараноўскі —  добры бацька. Выхоўваюць разам з жонкай  дзвух  дзяўчынак.  Нядзіўна, што і грошы свае ад збожжаўборкі плануе патраціць на дзетак.

Як зазначыў галоўны аграном райсельгасхарчу Віктар Герман, тэмпы жатвы зараз на ўзроўні мінулага года. У лідарах  ААТ «Новая Ніва», «Сінпольскае», КСУП «Ударны». Убрана каля 32 працэнтаў плошчаў.  Акцэнт у гаспадарках зрабілі на азімыя, якія займаюць больш за палову плошчаў ад усяго аб’ёма. Дарэчы, напярэдадні сельгаспрадпрыемствам  раёна аказана дзяржаўная падтрымка на набыццё тэхнікі, запчастак.

 

 

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фото автора.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: