(Працяг у №№ 49, 50, 52).

У сённяшняй рубрыцы «Векапомнае», прысвечанай Году народнага адзінства, заканчэнне першай яе часткі пад назвай «У чаканні каля Убарці». Нагадаем, што мы распачалі расказваць пра Анастасію Калесную (Канановіч), настаўніцу з Прыбалавічаў, узнагароджаную знакам «Выдатнік народнай асветы», медалём Мацярынства за выхаванне пяцярых дзяцей. У мінулых урыўках апісвалі, як Настассю паранілі каля ўкраінскіх Капішчаў, што побач з Прыбалавічамі і Глушкавічамі, як сям’і Калесных даводзілася ратавацца ў лесе ад нямецкіх акупантаў і што яны прадпрымалі. У сённяшнім, апошнім чацвёртым урыўку, ― згадаем страты той вайны і падвядзем агульную рысу.    

Жонка Мікіты Ільіча ― брата Фядоса Калеснага ― Фаня ўбачыла, як у час пажару ў Прыбалавічах немцы пастралялі яе дзяцей. Яе ахапіў шок. Ішла па вуліцы ў Прыбалавічах з вачыма, у якіх адсутнічаў розум. Нават немцы яе не чапалі, бо гэта было страшэннае відовішча нават для катаў. Не дай бог такое перажыць.

Пройдзе час і Фаня вылечыць цела ― душу не. Змоўкла. І калі-нікалі ― казала пару слоў. Яе чалавек Мікіта пакалечаны, паранены вярнуўся дадому з фронту, пражыў нядоўга, за ім сыйшла і Фаня.

Маці Фядоса Сцепаніда Брылевіч (1862-1943 гг.) ― родам з Глушкавічаў. Загінула пры пажары, калі немцы палілі вёску Прыбалавічы. Яе знайшлі абгарэўшую паміж домам Фядоса і адрынай. Яна была старэнькая ― узростам за 80 гадоў. Калі немцы пачалі паліць вёску Прыбалавічы, з-за фізічнага стану не змагла ратавацца. Загінула як і ўнукі. Пахавалі ўсіх каля ўцалелай царквы ў Прыбалавічах. Потым на гэтым месцы ўсталявалі помнік загінуўшым.

Сястра Галіны Акуліч ― Галіна таксама загінула ў вайну ў 15-гадовым узросце. Вярталася ад свайго дзеда Ляўка Акуліча. Хадзіла, каб дабрацца за кажухом на супрацьлеглую частку вёскі. Як пайшла, так і прапала без вестак. Не было яе і сярод абгарэўшых людзей з Прыбалавічаў.

Страты той вайны не злічыць і не ўсвядоміць…

Настасся Фядосаўна ― чалавек з незвычайным лёсам. Выпадак з мірнага жыцця. Бліжэй да 90-х гадоў у яе здарылася два інфаркты ― іх перахадзіла на нагах. Так, аказваецца нават хуткія прыступы гэтай хваробы можна перамагчы самому. Калі арганізм моцны. Менавіта такім ён быў у Настассі Фядосаўны. Прыгажуня з вялікімі вачыма, светлакосая і галоўнае ― моцная не толькі целам, але ж і духам.

Гэтыя апошнія якасці дапамаглі ёй выстаяць не толькі ў мірныя, але ж і ў часы нямецкай акупацыі. Настасся Фядосаўна была заўсёды амаль што непахісная, яе волю і характар было цяжка надламіць. Разам з родзічамі Калеснымі, іх сваякамі  ― аб’ядналіся. І таму, што былі разам, змаглі пракарміцца, вынасіць, радзіць і дагледзіць немаўля. У гэтым, лічу, была сутнасць палескага яднання.

Чаму вырашыў расказаць менавіта аб Настассі Калеснай, родзічах па яе лініі і жыцці ў акупацыі? Гэта, бадай, што адзіны чалавек, які ставіўся да мяне са шчырасцю і цеплынёй. І гэтыя пачуцці яна не згубіла да самай сваёй смерці. Люблю сваю бабулю, люблю дагэтуль, бо з успамінамі пра яе жыццё звязаны лепшыя часы на Палессі.  І хаця яна зараз не бачыць і не чуе, мабыць, ёсць тое, што нас звязвае, тонкая нітачка.

У Настассі Фядосаўны не было вялікіх багаццяў. Дарагога аўто ці катэджа ў прэстыжным раёне. Галоўнае з багаццяў — яе дзеці, унукі, праўнукі, якія разыйшліся па ўсяму свету, нават у Амерыку. У апошнія гады жыцця, у сталасці, яна знаходзілася ў сваіх дзяцей, па вуліцы Якуба Коласа ў Лельчыцах. Калі гэта было б зараз, то забраў бы яе да сябе ― даглядаў бы і  шмат чаго б яна змагла яшчэ расказаць.

Настассі Фядосаўны не стала на 93-м годзе жыцця. Адпявалі яе ў Глушкавічах. Пахавалі на могілках у той жа вёсцы. Бабуля даўно не побач, але ж веру, што там, на нябёсах, дапамагае мне, спрыяе здзяйсненню майго самага галоўнага жадання. Жадання, якое нядаўна загадаў менавіта тут, на Палессі. У самым, як лічу, прыгожым куточку на зямлі, дзе не павінна быць войнаў, разрухі, людскога гора, болю. На Палессі,  дзе павінен панаваць мір, спакойлівасць і стварацца сям’я.

У гэтым годзе Лельчыцкі раён адзначае шэраг юбілейных, трагічных дат. Адна з іх ― 80 гадоў з пачатку акупацыі Лельчыцкага раёну. У верасні фашысцкія галаварэзы здзейснілі жорсткую расправу над мірнымі жыхарамі яўрэйскай нацыянальнасці ў Лельчыцах, у раёне загор’я. Так утварылася лельчыцкае гета, на месцы якога зараз устаноўлены помнік.

З іншых юбілейных дат: у ліпені 80 гадоў з часу фарміравання Лельчыцкага партызанскага атраду, а таксама 80 гадоў з пачатку дзейнасці Лельчыцкай моладзевай арганізацыі, якую ўзначаліў М. Кудзін. У жніўні столькі ж год спаўняецца калі свой першы бой трымаў партызанскі атрад пад камандаваннем П. Лішафаева. Бой адбыўся з удзелам нямецкай калоны на трасе Лельчыцы-Стадолічы.

У звязку з гэтым наш расповед у межах рубрыкі «Векапомнае»не завяршаецца. Завяршаецца толькі першая частка «У чаканні каля Убарці». У гады нямецкай акупацыі шматлікія палешукі былі вымушаны хавацца і шукаць сабе іншы прытулак, каб застацца ў жывых. Пра іх будзем расказваць і надалей. Другая частка «Векапомнае» ўжо рыхтуецца і будзе прысвечана бацькам Мікіты Канановіча, якія былі пад нямецкай акупацыяй ў Глушкавічах.

Каментарый «СЖ»:

Алесь ЛОЗКА, начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

― Для мяне тэма выжывання нашых бацькоў, дзядуль і бабуль у пару Вялікай Айчыннай вайны вельмі кранальная і балючая. Яна навеяна трывожнымі ўспамінамі продкаў, што засталіся пасля спаленай вёскі і цудам выжылі ў часы ліхалецця, хаваючыся ад смерці ў лясных гушчарах і балотах. Расповяды аднавяскоўцаў ― для мяне першая жывая і недачытаная кніга, якая турбавала ўсё жыццё.

  1. P. S. На жаль, у час вайны здымкі Калесных зніклі ў акопах. Таму, як выглядалі героі нашых матэрыялаў у маладосці, можам толькі ўяўляць па расказам. Мы маем тыя фотакарткі, што зроблены ўжо ў пасляваенны час. На адной з іх сфатаграфаваны шматлікія родзічы, калі сям’я мужыка Хімы Сцяпана Жукава з Запарожжа прыязджала ў госці ў Прыбалавічы. У першым радзе другая злева Хіма Жукава, у гэтым жа радзе самы крайні ― дзед Фядос Калесны, яго другая жонка ў гэтым жа радзе трэцяя справа. Чацвёртая злева — Галіна Акуліч, правей ― яе маці Матрона Калесная.

Жонка Фядоса Параска ўмерла ў 1946 годзе і Фядос ажаніўся другі раз таксама на Парасцы.  На заднім плане грузавік, на якім прыехалі з сям’ёй. Назад вярталіся ноччу.

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
kovalevkons@mail.ru
Фота з сямейнага архіву.

*Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на першакрыніцу абавязковая.
*Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстоўваліся дадзеныя, прадастаўленыя сведкамі падзей.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: