23 лютага таленавіты беларускі паэт, перакладчык, настаўнік творчай моладзі, ганаровы член Саюза пісьменнікаў, член Савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхаіл Міхайлавіч Болсун адзначае 80-годдзе.

Няпросты лёс выпаў сыну франтавіка, ураджэнцу вёскі Балсуны на Чачэршчыне Міхасю Болсуну, як і ўсім дзецям вайны. Але вырас ён сумленным чалавекам са шчырай душою, выхаванай на чалавечай дабрыні ды выдатных узорах прыгожага пісьменства. Ён вельмі цягнуўся да мастацкай творчасці.

Вельмі рана прыйшлося яму даведацца смак заробленага з уласнага мазаля хлеба: пасля заканчэння школы працаваў рабочым саўгаса ў Кіраваградскай вобласці. Пасля быў загадчыкам Палескай сельскай бібліятэкі  на Чачаэршчыне, тры гады служыў у Савецкай Арміі. І спрабаваў пісаць: артыкулы, вершы ў газеты. У выніку яго старанні і поспехі былі заўважаны, што і прывяло Міхася Болсуна ў красавіку 1965 года  на журналісцкую працу.

Ад літаратурнага супрацоўніка да намесніка рэдактара прайшоў працоўны шлях у чачэрскай раённай газеце «Трыбуна камунізму». А вышэйшую адукацыю атрымліваў завочна: скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. А пасля была няпростая работа рэдактарам Буда-Кашалёўскай раёнай газеты «Авангард», вучоба ў Мінскай вышэйшай партшколе, пасля якой больш чвэрці стагоддзя працаваў старэйшым рэдактарам, загадчыкам аддзела, рэдактарам аддзела навін Гомельскага абласнога тэлерадыёаб’яднання.

Як паэт М. М. Болсун упершыню выступіў у перыядычным друку ў 1958 годзе. Публікаваў у раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх друкаваных выданнях свае вершы, артыкулы, яго творы пастаянна гучалі і зараз гучаць на радыё. Паэт актыўна ўдзельнічаў у літаратурных праектах аблтэлерадыёаб’яднання, ініцыяваў выданне на Гомельшчыне літаратурных калектыўных зборнікаў, у якіх удзельнічаў і як аўтар. У 2004 годзе выйшла першая кніга паэзіі «Яблыня ў фаце», у 2006-ым — зборнік таленавітага аўтара «Там, дзе задумлівы Сож», у 2009 годзе – «Спатканне з поўняй», у 2016 годзе  — «Блізкае – далёкае». Таксама пісьменнік выдаў зборнік нарысаў пра вядомых людзей Чачэршчыны. У 2021 годзе ў Расіі выдадзены выбраныя пераклады вершаў паэта на рускай мове, зробленыя членамі Саюза пісьменнікаў Расіі-партнёрамі Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Цыклы вершаў Міхася Болсуна публікуюцца ў літаратурным друку Беларусі, Расіі, Украіны і зараз. Яны – пра наша жыццё, няпростае і такое цікавае. Ужо 15 гадоў таленавіты аўтар з’яўляецца нязменны настаўнікам творчай моладзі Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», выкарыстоўваючы для гэтай няпростай працы розныя формы ўзаемадзеяння: сустрэчы, прэзентацыі, майстар-класы. Ён пастаянны і самы актыўны ўдзельнік фестывальнага літаратурнага руху на Гомельшчыне, удзельнічае ў майстар-класах для ўдзельнікаў конкурсаў. Паэт аказвае вялікую дапамогу сістэме культуры і адукацыі вобласці, нягледзячы на ўзрост, на пандэмію, папулярызуючы кнігі, беларускую нацыянальную культуру і народныя традыцыі.

За ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры, папулярызацыю творчасці беларусаў за межамі нашай краіны Міхась Болсун адзначаны Граматай Гомельскага аблвыканкама, адзначаны ўзнагародамі Саюзаў пісьменнікаў Расіі і Украіны, прызнаны ганаровым членам ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Міхась Болсун з’яўляецца лаўрэатам прэміі Гомельскага аблвыканкама «Літаратурная прэмія Кірылы Тураўскага», ён таксама лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі Бояна ( Расійская Федэрацыя), шэрагу абласных прэмій Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі. З’яўляецца ганаровым грамадзянінам Чачэрскага раёна.

Нягледзячы на складанасці, звязаныя з пандэміяй, Міхась Болсун працягвае сваю асветніцкую працу па прапагандзе беларускай літаратуры, народных традыцый і культуры, падаючы прыклад маладым аўтарам.

 Ад імя савета і калектыву абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” сардэчна віншуем таленавітага майстра слова з юбілеем! Здароўя і шчасця Вам, паважаны Міхаіл Міхайлавіч!

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

З новых твораў

Міхась БОЛСУН, г. Гомель

***

Кучаравыя сосны

І гай стромкіх бяроз,

Ім праз зімы і вёсны

Я любоў сваю нёс.

Хоць закідваў далёка

Ад мясцін родных лёс,

Сніўся бор мне высокі,

Што гайдаў сінь нябёс,

Сніўся водар мядовы,

Непаўторны суніц

І ляцець быў гатовы

Да лясных я крыніц,

Да мясцін верасовых

У грыбныя гады,

І срабрыстай расою

Раздрукоўваць сляды.

…Адплылі мае вёсны,

Пастарэў гай бяроз,

Мне яны нібы сёстры,

Да іх сэрцам прырос.

23.01.2022

***

Дорыць лета маладое

Красак водар, прыгажосць.

Кліча возера Святое*,

Дзе палоска пляжа ёсць.

Павяслую там тукамі,

Зачаруе неба сінь.

Скіну з сэрца скрухі камень

І прыліў адчую сіл.

Буду слухаць гукі лета,

Асалода набяжыць.

Заспяваюць у паэта

Струны чуйныя душы.

19.12.2021

*Святое – возера каля Чачэрска, цэнтральны гарадскі пляж.

ПАЧАКАЙ УСЁ Ж, НЕБА…

Адлятаюць гады мае ў вырай,

Ім зваротнага шляху няма.

Усё меней душэўных парываў,

І гусцей беліць скроні зіма.

І не знаем, не ўказана лёсам,

Дзе апошняя будзе мяжа,

Дзе ў бязмежжа блакітных нябёсаў

Паляціць невідзімкай душа.

Ды няхай пачакае ўсё ж неба.

Покуль свецяць зямныя агні

Напісаць самы лепшы верш трэба

І запасы раздаць дабрыні.

Папрасіць у людзей прабачэння,

Адмаліць у царкве ўсе грахі,

І апошняй часінай вячэрняй

Ахінуць думкай край дарагі.

19.12.2021

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: