Травінка да травінкі…

0
364

Жыхарка Сіманічаў Таццяна Касцюкевіч збірае лекавыя расліны і заварвае з іх гарбату.

З Таццянай Пятроўнай знаёмы даўно. Гэта асоба з разнастайнай і багатай біяграфіяй. Каля 40 гадоў кіравала Сіманіцкім сельвыканкамам, потым была яшчэ дырэктарам мясцовай школы. Што тут і казаць, яна чалавек у вёсцы паважаны.  Менавіта яна стварыла выязны куточак «Сіманіцкі падворак». Яе вопыт перанялі астатнія сельсаветы. Як і раней, ураджэнка Сіманічаў, жыць стараецца па тых жа канонах, што і яе бацькі. А нядаўна стала вядома, што былы кіраўнік ужо даўно займаецца зборам лекавых траў. Таму паспяшаліся да яе на падворак для падрыхтоўкі фотарэпартажа.

Таццяна сустрэла нас у доме цёпла, пяшчотна і лагодна. У прыгожай сукенцы, як сустракаюць гасцей на Палессі. Частавала гарбатай, асноўныя кампаненты для якой яна сабрала сама.

— Збор пачынаю, калі з’яўляецца бярозавы сок, з вясны. Увесь гэты час на зіму запасаю расліны. У мяне іх поўныя сенцы, вісяць там і сушацца, а потым, калі прыходзіць час, то іх выкарыстоўваю, — дзеліцца суразмоўніца.   

Увогуле карыснымі травамі Таццяна Касцюкевіч займаецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Успамінае, што першыя свае крокі пачынала пасля інстытута, які скончыла ў Гомелі:

— У 1969 годзе атрымала спецыяльнасць агранома і пачала займацца травамі, — дзеліцца Таццяна. — Пераняла вопыт ад прабабулі, якая ратавала людзей ад хвароб. Я гэта бачыла і вучылася ў яе.

Таццяна паказвае заваркі з рознымі травамі. Дзядоўнік, падтыннік, мята, аер… Але ж гэта тыя, што толькі ў хаце. Яшчэ шмат вісяць і сушацца ў розных гаспадарчых пабудовах.

— Вы выглядаеце выдатна. Падкажыце рэцэпт вечнай маладосці, — пытаюся ў суразмоўцы.

— Лекавыя травы — гэта не проста адна-дзве травінкі. Гэта лад жыцця. Трэба правільна харчавацца, не проста чай лекавы ўжываць, а з бутэрбродам. Весці больш рухомы лад жыцця. Я ніколі не выкарыстоўвала касметыкі, нават рукі мыю гаспадарчым мылам, савецкім, яно ў мяне яшчэ захавалася.

У дадатак больш знаходжуся на свежым паветры. П’ю ваду з крыніцы, менавіта з яе і заварваю лекавы чай. У Сіманічах, дарэчы, крынічная вада лячэбная.

— А як вы ставіцеся да лячэння таблеткамі?

— Заўсёды іду паралельна з імі, калі назначаюць. П’ю спачатку таблетку, а потым травы. Лічу, што ад таблетак нельга адмаўляцца.

Хутка паспрабаваўшы гарбаты з сушаных чарніц і пачаставаўшыся бутэрбродамі, мы адправіліся на фотасесію. Пабывалі ў сенцах, на двары і агародзе, дзе ў шматлікіх месцах растуць лекавыя расліны. Там і зрабілі фотаздымкі на захадзе сонца.

Вельмі задаволены застаўся ад сустрэчы з траўніцай Таццянай Касцюкевіч.

Тэкст і фота Канстанціна КАВАЛЁВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: