У складзе Убарцкай воласці

У гэтым годзе адна з прыгажэйшых вёсак Лельчыцкага раёна — Ліпляны — адзначае шматвяковы юбілей — 400-годдзе з дня першага ўпамінання ў летапісах. Яго месціць акт размяжоўвання паветаў Оўруцкага і Мазырскага ў 1622 годзе. Зразумела, што засяленне Ліплян людзьмі больш ранейшае. Людзі жылі ў вёсцы, дзе працякае рака Убарць, і каля якой знойдзены старажытныя курганы, дакладна больш за тысячу гадоў таму. У юбілейны год першага ўпамінання мы вырашылі прагартаць гістарычныя даведкі і пацікавіцца асноўнымі вехамі, якія адбываліся ў Ліплянах і пакінулі след у гісторыі.

Кароткі экскурс у гісторыю назвы. Аб ёй нам паведамілі ў філіяле Ліплянская сельская бібліятэка. У народзе хадзіла такая назва: на месцы вёскі некалі раслі ліпы. Сабраліся некалькі сем’яў і зрэзалі гэтыя ліпы, а на іх месцы пабудавалі дамы. Таму і назвалі вёску Ліпяны, а значна пазней пачалі называць Ліпляны. Але ж ёсць і другое тлумачэнне назвы. Гэта жыхары вёскі, якія жылі на рачулцы Ліпа. Такая рэчка, прыток Убарці, магла існаваць у дадзенай мясцовасці ў мінулым.

Таксама ёсць меркаванне, што Ліпляны — гэта пасяленне на радовішчы з гліны, з якой рабілі (ляпілі) ганчарныя вырабы. Сведкі з археалагічных находак паведамляюць аб самых ранішніх слядах безыменных людзей на берагах Убарці. Існаванне Ліплян як вёскі, магчыма нават у 1412 годзе, калі вялікі князь літоўскі Вітаўт зрабіў падарунак біскупу віленскаму Мікалаю і ўсім яго прыемнікам «землю нашу Уборть возле реки Уборть со всеми сёлами и принадлежностями».

Па дадзеных тагачаснага рэестру, у 1598 годзе Убарцкая воласць налічвала 10 сёл. Менавіта гэтая колькасць сёлаў, уключаючы Ліпляны, пералічана ў больш пазнейшым дакуменце ― інвентары Убарці 1763 года. Зыходзячы з дадзеных 1775 года ў Ліплянах 22 двары, а яны тады адносіліся да Мазырскага павета. З пратаколу візіта 1777 года інспектара ў Лельчыцкую ўніяцкую царкву вынікае, што Ліпляны ўваходзілі ў гэтую парафію і налічвалі 20 двароў.

Пры далучэнні да Расійскай Імперыі ў Ліплянах у 1975 годзе праводзіўся перапіс насельніцтва. У вёсцы налічвалася 88 мужчын, 91 жанчына. У 1798-1800 гадах праводзіўся збор інфармацыі для складання Атласа Мінскай губерніі. Датычыўся ён і вёскі Ліпляны. Паводле перапісу ў Ліплянах было 20 двароў, 84 мужчыны і 83 жанчыны. Як бачым, дадзеныя аб колькасці душ у вёсцы пастаянна знаходзіліся на ўвазе. Гэта было патрэбна ведаць для збору падаткаў.

Справы, якімі займаліся сяляне, былі самыя розныя. Аб іх нам згадзілася паведаміць бібліятэкар філіяла Ліплянская сельская бібліятэка ДУ «Лельчыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Ала Паўлечка:
― Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі збожжанарыхтоўка, агародніцтва, садаводства, жывёлагадоўля, пчалярства, рыбная лоўля, ганчарства. Кірмаш у Ліплянах усталёўваўся на Успенне, 28 жніўня, у імя назвы Успенскай царквы. Сюды збіраліся людзі з навакольных вёсак, прывозілі свой тавар на продаж. Назад, дадому, везлі ганчарныя вырабы, гаршкі, міскі, гладышкі, якімі славіліся Ліпляны.
Акрамя гэтага, вяскоўцы вялі гандаль жывёлай. Вывозілі ў Польшчу, Германію. Жывёлу, якую расцілі на продаж, называлі «таварам». Да цяперашняга часу насельніцтва Палесся буйную рагатую жывёлу таксама называе таварам. Але ж былі і розныя жыццёвыя складанасці. Бо з вёскай адбывалася тое, што і з астатнімі: войны, катаклізмы. Але ж нязменным заставалася адно: прагна да жыцця. Толькі дзякуючы працавітасці ліплянцы выжывалі і ішлі наперад.

Што ж датычыцца рэлігіі, вёска Ліпляны ўваходзіла ў Лельчыцкі прыход. Акрамя яе, прыход складалі Буда, Стары Фальварак, Дуброва, Забалацце, Картынічы, Асянское, Гарнавішча, Лохніца, Жмурнае. Налічвалася 942 мужчыны і 1003 жанчыны. Усе яны пераважна сялянскага саслоўя і займаюцца земляробствам. Асабліва шануюцца ў іх святы: Богаз’яўлення, Святой Троіцы і Успення Прысвятой Багародзіцы. У гэтыя дні паступае больш значны і даход, якога на карысць царкве збіраецца да 100 рублёў.

У архіве захаваліся вытрымкі з кліраванай ведамасці 1899 года аб Лельчыцкай Троіцкай царкве Мазырскага павета. У тым ліку маецца ведамасць аб царкве Успення Божай Маці ў вёсцы Ліпляны. У ёй значыцца: пабудавана ў 1856 годзе. Багаслужэнні ў гэтай царкве бываюць 15 жніўня.



Канстанцін КАВАЛЁЎ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: