Гэта асоба добра вядома за мяжой Лельчыцкага раёна. Яго ўклад у барацьбу з фашызмам нельга недаацэньваць. У гонар яго ў Ельскім раёне названа школа, створана мемарыяльная дошка. У Славакіі ў горадзе Спішска-Нова-Вес усталяваны помнік. Гісторыя з партызанскім рухам, што разгарнулася на тэрыторыі Ельскага раёна, стала легендарнай старонкай Вялікай Айчыннай вайны і часткай жыцця Яна Налепкі. Яго дзейнасць датычыцца таксама і Лельчыцкага раёна, бо тут мясціўся партызанскі аэрадром, знаходзіўся ў рэйдзе паплечнік і сябар ― Сідар Каўпак. Нездарма імя Яна Налепкі носіць адна з доўгіх вуліц райцэнтра. У гэтым годзе, 20 верасня, спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння легендарнага партызана. Чым ён быў адметны? Які быў яго жыццёвы шлях? З дапамогай Лельчыцкага краязнаўчага музея мы не толькі знайшлі дадзеныя, а таксама атрымалі рэдкія архіўныя кадры часоў знаходжання Яна Налепкі ў нашым раёне. Але пра ўсё па парадку.

Нарадзіўся Ян Налепка ў 1912 годзе ў сяле на ўсходзе Славакіі.  Скончыў настаўніцкую навучальную ўстанову  і далей працаваў па прафесіі. Але ж трэба было аддаць Радзіме абавязак. Яго прызываюць у армію. Там ён вучыцца ў афіцэрскай школе і атрымлівае зване падпаручыка. Калі Чэхаславакію акупіравалі фашысты, Яна супраць яго волі ўключаюць у нямецкую армію, дзе ён быў вымушаны ваяваць. Так, у складзе нямецкай арміі Ян Налепка аказваецца ў Беларусі, а менавіта на тэрыторыі спачатку Ельскага, а потым Лельчыцкага раёнаў.

У Ельскі раён яго 101 славацкі полк перакінуты восенню 1942 года. Менавіта тут Ян Налепка звязаўся з партызанамі. У вёсцы Рэмезы ён сустрэўся з камандзірам Украінскага партызанскага злучэння Сабуравым.

Праз колькі дзён у вёсцы Картынічы пад камандаваннем Яна Налепкі быў сфарміраваны Чэхаславацкі партызанскі атрад, які ўвайшоў у сабураўскае злучэнне. Атрад вёў баявыя аперацыі ў раёне Оўруча-Ельска-Мазыра-Алеўска.

14 мая 1943 года ў вёсцы Чапаеўск адбыўся мітынг партызан-сабураўцаў і Ельскага атрада, прысвечаны сустрэчы са славакамі, перайшоўшымі на бок партызан. Ад імя сваіх таварышаў Ян Налепка даў клятву на вернасць сумеснай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вясной і летам 1943 года  партызанскі атрад дзейнічаў у Ельскім раёне. Многім быў вядомы адважны таварыш Рэпкін (партызанскі псеўданім                    Я. Налепкі).

Славакі распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі, аказвалі матэрыяльную дапамогу партызанам, папярэджвалі аб карных аперацыях, якія рыхтаваліся фашыстамі, вызвалілі з-за кратаў некалькі жыхароў Ельска і суседніх вёсак, удзельнічалі ў рэйкавай вайне і іншае.

— Ян Налепка быў сапраўдны, бясстрашны воін, даказаўшы сваю адданасць СССР. Ён быў маланкай партызан, немцы яго палохаліся не менш, чым Каўпака. Ян Налепка стаў адзіным ураджэнцам Славакіі, якому было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, ― расказвае храніцель фондаў Лельчыцкага раённага краязнаўчага музея Настасся Шаўчэнка.    

7 лістапада 1943 года Я. Налепка прымаў удзел у разгроме нямецкага гарнізону ў Давыд-Гарадку. У ноч з 16 на 17 лістапада 1943 года ў баі за вызваленне Оўруча Ян Налепка загінуў смерцю героя. 2 мая 1945 года яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза і ў тым жа годзе — званне Героя Славацкага нацыянальнага паўстання.

29 жніўня 1955 года ў Ельскі раён прыязджалі бацькі Яна Налепкі — Марыя і Міхаіл Налепкі. Яны пабывалі ў тых месцах, дзе змагаўся іх сын, сустрэліся з людзьмі, памятаўшых яго.

У дзяржаўнай установе культуры «Краязнаўчы музей г. Ельска» захоўваюць памяць пра легендарнага славака, там ёсць цэлая экспазіцыя, прымеркаваная Яну Налепку. Дырэктар музея Таццяна Кашэвіч згадзілася паведаміць «СЖ»

— У пастаяннай экспазіцыі фотаздымкі. На іх выява дома, дзе жыў Налепка ў Ельску, яго таварышаў. Да нас прыязджаў нават брат Юзеф Налепка. Гэта адбылося каля 10 гадоў таму назад. Нам было вельмі прыемна супрацоўнічаць. Ён дасылаў нам матэрыялы: перапіску, дзяліўся песнямі, якія любіў Ян Налепка. 

Доўгі час падтрымліваў сувязь з радзімай Яна Налепкі і Буйнавіцкі інтэрнат, які быў расфарміраваны ў канцы 80-х гадоў мінулага стаго-ддзя. Захаваліся нават арыгіналы канвертаў перапіскі. На адным з іх значыцца адрасатам: Буйнавічы, школа-інтэрнат. Месца адпраўкі: ЧССР, Славацкая сацыялістычная рэспубліка, г. Жыляна, школа ім. Яна Налепкі, Усеславацкі школьны музей антыфашысцкай і налепкаўскай традыцыі.

Настаўніца матэматыкі з Буйнавічаў Кацярына Сукач успамінае: 

— У савецкі час вельмі была папулярна інтэрнацыянальная перапіска. Ёй займаліся нашы ўстановы адукацыі, якіх у  Буйнавічах было аж тры. Памятаю, што адказнымі за героя Яна Налепку была менавіта школа-інтэрнат. У ёй дырэктар Аляксандр Фіцнер, выдатны гісторык, вельмі пытлівы чалавек, заўсёды цікавіўся гераічным мінулым і падтрымліваў пастаянна сувязь са славакамі. Такая перапіска доўжылася не адзін год. Мы вельмі сябравалі з іншымі краінамі.  

 Цесныя вузы сяброўства ўсталёўваліся паміж усімі працоўнымі Лельчыцкага раёна і Славакіяй. Яркім праяўленнем інтэрнацыянальнай салідарнасці з’явіўся вечар у Лельчыцкім РДК у межах месячніка савецка-чэхаславацкага сяброўства.

З гэтай нагоды ў мясцовай газеце быў надрукаваны артыкул:

«Кароткім уступным словам вечар адкрывае старшыня райвыканкома тав. Гурбан. З дакладам «Непарушная дружба і супрацоўніцтва паміж народамі Савецкага Саюза і Чэхаславакіі» выступіў першы сакратар райкома партыі т. Махаў.

— Слаўнай традыцыяй савецкіх людзей стала штогоднае правядзенне месячнікаў савецка-чэхаславацкай дружбы, — зазначыў т. Махаў.

 З вялікай цікавасцю былі выслуханы таксама выступленні Мікалая Харытонавіча Верасовіча — удзельніка вядомага славацкага паўстання ў 1944 годзе і дырэктара Лельчыцкай першай школы Лідзіі Разнюк, якая расказала аб паходзе школьнікаў па сцежках партызан Яна Налепкі.  Удзельнікі вечара прынялі тэкст прывітальнага пісьма раённаму народнаму камітэту горада Спішска-Нова-Вес (Чэхаславацкая рэспубліка), дзе нарадзіўся Ян Налепка».     

У Лельчыцкім раённым краязнаўчым музеі захаваліся таксама ўнікальныя экспанаты, звязаныя з дзейнасцю  Я. Налепкі. Гэта арыгінальныя фотаздымкі з выявай Яна Налепкі непасрэдна на Палессі.  

Канстанцін КАВАЛЁЎ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: