Той, каму па жыцці даводзілася сутыкацца з Сяргеем Калесным з Прыбалавічаў, скажа пра яго: добры і адкрыты чалавек. І гэта не дзіва. Бо да людзей Сяргей Іванавіч адносіцца з павагай і любоўю. Выслухае ўважліва.

Па магчымасці дапаможа ў цяжкую хвіліну. Згадзіцеся — такіх людзей у нашым жыцці вельмі не хапае побач. У дадатак  Сяргей Калесны вадзіцель ― прафесіянал, на такіх, як кажуць, трымаецца праца.

Ёсць прафесіі, дзе аніякі робат ці штучны інтэлект не ўсталюеш і не прыладзіш, а патрэбны чалавечыя адносіны. З тых, што ў Лельчыцах, ― настаўнік, ахоўнік, урач. Яшчэ адна з іх ― вадзіцель аўтобуса. Нягледзячы ні на што: прафесія застаецца запатрабаванай і да таго ж цікавай. Гэта і новыя пейзажы за акном, і новыя пасажыры. 

Навыкі трэба мець шматлікія. Умела выконваць свае абавязкі і пры гэтым заставацца стрэсаўстойлівым. Глыбока разбірацца ў сваёй сферы, ведаць тэхніку не толькі знешне, але і знутры, ― на памяць. І яшчэ трэба, як кажуць, моцна трымаць абаранку ў руках. Бо бяспека ― на першым месцы. Цішэй едзеш ― далей будзеш.

Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Сяргей Калесны з Прыбалавічаў, які ўжо 17 год амаль кожную раніцу пераадольвае з Прыбалавічаў дзесяткі кіламетраў у райцэнтр. Ён вадзіцель аўтобуса МАЗ вытворчага ўчастка «Лельчыцы» філіяла «Аўтобусны парк №2 г. Мазыр» ААТ «Гомельаблаўтатранс». Скончыў Нараўлянскае СПТУ №7. Атрымаў спецыяльнасць «трактарыст-машыніст» шырокага профілю.

25 гадоў адпрацаваў у сельгаспрадпрыемстве. перасесці на аўтобус яго запрасіла кіраўніцтва аўтапарка. І Сяргей Іванавіч вырашыў паспрабаваць сябе ў іншай сферы. Хаця таксама ў аўтапарку, як і ў сельгаспрадпрыемстве, ён застаецца за рулём.  Але ж аб тым, што змяніў сваю сферу дзейнасці на больш, так бы мовіць «транспартную»,  Сяргей Калесны не шкадуе.

Зараз курсіруе па маршруце Лельчыцы-Прыбалавічы з заездам у Глушкавічы. Таксама выконвае шэраг іншых прыгарадных рэйсаў: у Грабяні, Стадолічы, акрамя таго закрывае гарадскія маршруты «Горад-1», «Горад-3».  І не злічыць колькі кіламетраў за жыццё «наматаў» Сяргей. Іх тысячы, сотні тысяч. Кожны рэйс, як новае жыццё. 

— Час мяняецца, а некаторыя напрамкі, што звязваюць з райцэнтрам, адкрыты яшчэ з 60-х гадоў, — расказвае Сяргей Калесны. — Пастаянна і, нягледзячы нават на надвор’е, выязджае мой вясковы аўтобус. Маршруты, на якіх працую, існуюць дзясяткі гадоў. І на вадзіцеля, як і раней, ускладзены шматлікія абавязкі. Даводзіцца адначасова кіраваць, выдаваць білеты на прыпынках і быць яшчэ добрым псіхолагам, бо да кожнага пасажыра неабходны падыход.    

Гутарка з земляком была цікавая. Сустракаемся мы часта ў Лельчыцах, і выпадкова. У гэты раз убачыліся таксама спантанна.

 Сяргей Іванавіч збіраўся ў рэйс адзначыць пуцявы ліст. Паспелі абмовіцца двума словамі, па-сяброўску. Я асабіста знаёмы з Сяргеем Калесным з дзяцінства. Можа, таму наша гутарка была такой лёгкай. І здымак з той нашай сустрэчы зрабілі, што называецца, на хаду.

Увогуле ўзяцца за пяро захацелася таму, што ў Прыбалавічах апошнія паўстагоддзя заўсёды быў свой аўтобус, са сваім, вясковым вадзіцелем. Такіх вёсак у нашым раёне мала, хаця многія ахоплены рухам. І, нават зараз, калі асабістае аўто ёсць амаль што ў кожнага і існуюць маршруткі — аўтобус з Прыбалавічаў адпраўляецца рэгулярна і своечасова. Нішто і ніякія  змены не дазволілі зачыніць рэйс з Прыбалавічаў.

І гэта не дзіўна, бо Прыбалавічы — адзін з буйнейшых аграгарадкоў раёна. Кіраўніцтва аўтапарка клапоціцца, каб ён быў ахоплены грамадскім транспартам. Сяргей Калесны, наш герой, сапраўдны працаўнік, гэтаму вельмі садзейнічае. Можа ахвяраваць асабістым часам дзеля працы. Калі патрэбна, «закрые» іншыя аддаленыя маршруты з начоўкай.

І ў асабістым жыцці ў нашага сельскага аўтобусніка ўсё ладзіцца, усё ў парадку. Разам з жонкай Галінай Рыгораўнай выхавалі дачку Тоню і сына Толю, якія раз’ехаліся і стварылі свае сем’і. Але бацькоў не забываюць і часта прыязджаюць, каб сабрацца разам на святы. Словам, Сяргей Іванавіч малайчына і як бацька, і як сем’янін. А таксама і многія іншыя, хто працуе таксама аддана і шчыра на вытворчым участку. 

Добрай дарогі па жыцці табе, вадзіцель, і тваім пасажырам! 

У тэму: аўтамабільны парк філіяла налічвае 13 аўтобусаў рознай змяшчальнасці і мадэляў. Колькасць працуючых на пачатак кастрычніка склала — 32 чалавекі. Асноўным відам дзейнасці ўчастка былі і застаюцца перавозкі пасажыраў і грузаў. Перавозкі пасажыраў ажыццяўляюцца па 2 гарадскіх і 18 прыгарадных маршрутах. 

За 8 месяцаў 2022 года перавезена 270 тысяч пасажыраў, гэта 102,1% да аналагічнага ўзроўню мінулага года, у тым ліку па горадзе і прыгарадзе 164,5 тысячы пасажыраў. Даходы склалі  болей 237 тысяч руб., гэта 117 % да ўзроўню мінулага года. Выканана 845 рэйсаў па горадзе і 6 110 прыгарадных.

Аўтобусны парк у Лельчыцах створаны 1 студзеня 1971 года.  Ёсць работнікі, якія па праву з’яўляюцца старажыламі і ўжо сталі сведкамі ягонага развіцця. 43 гады ў аўтапарку шчыруюць Фёдар Журовіч, 41 год — Павел Хамутоўскі, 40 гадоў — Аляксандр Флёрка.

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: