II. БАРАВІКІ

Што ж датычыцца Івана Іосіфавіча з Баравога, то застаўшыся ў 40-х гадах мінулага стагоддзя без гаспадыні Настассі, сам-насам з дзецьмі, быў вымушаны шукаць сабе другую жонку. Яму параілі пазнаёміцца з дзяўчынамі з Дубровы, бо казалі, што яны там гаспадарлівыя. Там і сустрэў ён маці Аляксандра Іванавіча Ашомкі ― Хрысціну Шукаловіч. Хутка яны пажаніліся. У маладажонаў нарадзіліся яшчэ дзеці: Аляксандр, Настасся і Марыя.

Але ж, вяртаючыся да першай жонкі Настассі, трэба адзначыць, што з ёй нарадзілася шасцёра дзяцей: Аляксандра, Канстанцін, Ульяна, Марына, Фядора, Еўфрасіння.

Лёс дзяцей склаўся наступным чынам: Фядора (1924-1950 гг.) вяла хатнюю гаспадарку. Перасялілася з Руднішча ў Баравое. Была замужам за трактарыстам па прозвішчу Дземідавец. У 1949 годзе нарадзіўся сын Васіль. Зацяжарыла другім дзіцём. Але памерла падчас родаў. Хуткая дапамога, што імчала, не змагла дабрацца своечасова. У той час было  бездарожжа.  

Ульяна (1927-1971 гг.) была цяжарная ад Адама. Але ж ён пакінуў сям’ю, у тым ліку дачку Еву, а сам з’ехаў на Украіну. Каб пракарміць дачку, працавала ў паляводчай брыгадзе калгаса   «Звязда» (Баравое). Але ж здарылася трагедыя. У 1969 годзе ў час нарыхтоўкі кармоў апынулася пад прычэпам трактара і загінула. Маленькая Ева засталася без бацькоў.

Дзіця забрала сабе Еўфрасіння, малодшая з дачок. Яна была замужам за Мікалаем Гаўрылаўцом, з якім у іх нарадзілася чацвёра дзяцей: Васіль, Лена, Вольга і Аляксандра. З іх засталіся двое: Васіль і Алена. Мікалай працаваў у Бараўскім лясніцтве, Еўфрасіння ― у мясцовым калгасе даяркай. Але ж лёс склаўся трагічна. Яна загінула на пажары. 

Цікава склаўся лёс яшчэ адной дачкі —  Марыны.

Нарадзілася яна ў 1929 годзе. А памерла ва ўзросце 86-ці гадоў, таксама была доўгажыхаркай, як і яе бацька. Была замужам за Міхаілам Барысаўцом, з якім нарадзіла восем дзяцей. Усе яны выраслі і ўладкаваліся ў жыцці. Працавала Марына ў леспрамгасе ў пекарні ў Баравым. Выпякала хлеб для рабочых. Міхаіл Барысавец працаваў загадчыкам склада, прадаўцом сельмага ў Баравым.

Вось такі цікавы расповед-радавод з жыцця сям’і палешукоў Баравога першай паловы XIX стагоддзя.

Лёс сям’і Настассі і Івана Ашомкаў падобны на сотні лёсаў палешукоў, што жылі ў Лельчыцкім раёне. Вельмі шмат выпрабаванняў тады даводзілася перажыць бацькам, каб паставіць на ногі сваіх дзяцей. Менавіта ў выпрабаваннях, адным з якіх была Вялікая Айчынная вайна, і раскрываецца сапраўдны характар палешукоў, іх непакорлівасць цяжкасцям.       

Напрыканцы падрыхтоўкі матэрыялу мы накіраваліся ў Баравое і вырашылі адшукаць месца, дзе пахавана Настасся. У гэтым нам дапамаглі яе ўнучкі Наталля і Алёна.  Як высветлілася, Настасся пахавана на Бараўскіх могілках, што знаходзяцца ў накірунку Руднішча і Тартака. Магіла невялічкая і непрыкметная. Але ж за ёй даглядаюць, своечасова прыбіраюць. Драўляны крыж заменены на жалезны.

Няпросты лёс быў у Настассі. Нават сюды, на Бараўскія могілкі, яе прывезлі з цяжкасцямі. Як мы ўжо распавядалі, перад смерцю Настасся перажыла мацнейшы стрэс, бо страціла сваіх дзяцей: дачку Аляксандру і сына Канстанціна. Гэтых і іншых нядобрых абставін яна не вытрымала і захварэла, з-за чаго памерла. Хата, дзе жыла з мужам, знаходзілася ў Руднішчы.   

Труну з целам на пахаванне дастаўлялі менавіта з гэтай вёскі. Патрэбна было перапраўляцца праз раку. Для гэтага муж Настассі Іван — выкарыстаў човен, тады такі сродак перамяшчэння быў вельмі папулярны на Палессі. У час пераправы човен раптоўна перавярнуўся. Цела памерлай прыйшлося даставаць з вады. Пахаванне адбылося, але, як бачым, без непрыемнасцей не абышлося.

Мы расказалі пра сям’ю Настассі і Івана Ашомкаў дзеля таго, каб паказаць лёс менавіта простай палесскай сям’і, якіх у Лельчыцкім раёне было сотні. І ў кожнай свая асабістая трагедыя, свае абставіны. Але ж усе яны падобныя адна на адну ў тым, што прыйшлося перажыць. Многія з гэтых сем’яў  выстаялі, не скарыліся, далі пуцёўку, як кажуць, у далейшае жыццё сваім дзецям, а іх дзеці ўжо жывуць побач з намі.

Наш расповед мы нездарма прымеркавалі Году гістарычнай памяці. Тое, як жылі палешукі ў першай палове мінулага стагоддзя, ужо стала гісторыяй. Нашай гістарычнай памяццю, аб якой трэба ведаць. Нашым гістарычным мінулым, у тым ліку і ваенным мінулым, якім трэба ганарыцца, бо Вялікую Перамогу здабывалі мы ўсе разам. І перажывалі. Хаця і без цяжкасцяў, як бачым, не абышлося.          

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фота з сямейнага архiва.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: