У дні Сталінградскай бітвы

0
77

19 лістапада 1942 года пачалося контрнаступленне Чырвонай арміі пад Сталінградам, якое завяршылася поўным акружэннем 6 нямецкай арміі Паўлюса. Пачаўся карэнны пералом у ходзе Вялікай Айчыннай вайны.

80 год назад, у апошнія дні лістапада 1942 года, адразу пасля гераічнага завяршэння Сталінскага рэйда з Бранскага партызанскага края, на правабярэжжы Дняпра, галоўныя сілы партызанскага злучэння двойчы Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Сідара Арцёмавіча Каўпака — размясціліся ў Глушкавічах Лельчыцкага раёна, дзе ў штабе злучэння была распрацавана адна з буйных партызанскіх аперацый на чыгуначных вузлах — «Сарнянскі крыж» у раёне гарадоў Сарны і Столін, якую з 1 па 9 снежня 1942 года каўпакаўцы без страт паспяхова правялі, узарваўшы 9 чыгуначных і некалькі шашэйных мастоў вакол Сарнянскага чыгуначнага вакзала, маючага вялікае значэнне ў дні Сталінградскай бітвы для забеспячэння групы армій «Поўдзень», часткова 2-й танкавай арміі правага крыла групы армій «Цэнтр» і для аператыўнага перакідвання войскаў.

З успамінаў кіраўніка партызанскіх фарміраванняў на Украіне генерал-лэйтэнанта Цімафея Амвросіевіча Стракача: «У грозныя дні бітвы на Волзе злучэнне Каўпака-Руднева бліскуча правяло аперацыю «Сарнянскі крыж».

Чыгуначны вузел Сарны знаходзіўся на перакрыжаванні магістралей Варшава-Кіеў, Вільнюс-Роўна, якімі гітлераўскае камандаванне ў час Сталінградскай бітвы ўзмоцнена перавозіла з Германіі на ўсходні фронт жывую сілу, тэхніку, узбраенне, боепрыпасы. Злучэнню Каўпака было пастаўлена заданне — вывесці з ладу на трывалы час чыгунку Варшава-Кіеў. Партызаны ўстанавілі, что гэтая магістраль найбольш уразліва ў раёне Сарнаў. Каўпакаўцам было наказана паралізаваць працу гэтага чыгуначнага вузла».

29 лістапада пры штабе злучэння ў Глушкавічах было вырашана пытанне аб правядзенні гэтай аперацыі (гэты момант дакладна адлюстраваны ў мастацкім фільме «Дума пра Каўпака»). На штабным пасяджэнні камісар злучэння Сямён Васільевіч Руднеў даў загад: «Групы павінны быць гатовы да выхаду заўтра, 30 лістапада. Пасадзіць іх на сані і фарсіраваным маршам адправіць ды чыгункі. Па дарозе ў сёлы не заязджаць, адпачываць у маленькіх хутарцах ці леснічоўках…».

— І яшчэ адно важнае заданне павінны выканаць групы, — дадаў Сідар Арцёмавіч Каўпак. — Патрэбна, каб яны правялі разведку па маршруце. Адным словам, пасля вяртання дыверсійных груп мы павінны ведаць абстаноўку ў раёне Алеўск-Сарны-Столін-Глушкавічы.

У заканчэнні Каўпак сказаў: «Поспех справы вырашаюць гадзіны. Пакуль немцы апамятаюцца, патрэбна, каб масты ўзляцелі ў паветра».

Усю ноч гарэла святло ў штабным будынку. Да раніцы ў Глушкавічах быў распрацаваны план адной з буйнейшых аперацый на чыгуначных вузлах. Значную ролю ў распрацоўцы аперацыі адыгралі афіцэры, намеснік начальніка штаба злучэння па аператыўнай частцы Герой Савецкага Саюза Васіль Аляксандравіч Вайцэховіч і яго памочнік Герой Савецкага Саюза Сямён Паўлавіч Тутучэнка. Першага партызана празвалі «партызанскім Кутузавым», другога — «Партызанскім архітэктарам». Ну і, канечне, немалую ролю адыгралі тут дадзеныя разведчыкаў.

Раніцай 30 лістапада ў штаб злучэння на нараду ў Глушкавічы былі выкліканы камандзіры і камісары з чатырох батальёнаў злучэння, на якім Каўпак выступіў: «Таварышы камандзіры і палітработнікі! Чырвоная армія пад Сталінградам напружвае ўсе сілы, каб разграміць ворага, а мы будзем спакойна назіраць, як Гітлер кідае на ўсход эшалон за эшалонам з тэхнікай і жывой сілай? Мы ж не для гэтага прабіваліся сюды! Мы павінны паралізаваць лініі чыгунак Сарнянскага вузла. Сёння атрымаеце наказ на правядзенне баявых дыверсій».

1 снежня аператыўныя групы выйшлі з Глушкавічаў на выкананне задання. У батальёнах на ўсялякі выпадак рыхтавалі рэзервовыя групы і прыкідвалі ў думках розныя дапушчаныя варыянты.

З успамінаў генерал-лейтэнанта Ц. А. Стрыкача: «Масты ахоўваліся ўзмоцненымі гарнізонамі немцаў. Таму з партызанскіх атрадаў былі створаны пяць спецыяльных груп, узброеных аўтаматамі, ручнымі і станковымі кулямётамі, супрацьтанкавымі ружжамі. Кожная мела ў дастатку выбухоўкі і добра падрыхтаваных дыверсантаў-падрыўнікоў. Для ўсіх груп устаноўлены тэрмін выканання аперацыі — пяць сутак».

У ноч на 4 снежня група Івана Беражнога з 1-га батальёна і група Валянціна Падалякі з 4-га батальёна знішчылі і першыя чыгуначныя масты, у ноч на 5 снежня група Івана Юркіна з 3-га батальёна здзейсніла новыя падрывы мастоў. Наступнай ноччу другая група 1-га батальёна ўзначальваемая Героем Савецкага Саюза Андрэем Калінавічам Цымбалам знішчыла найбольш ахоўваемы мост. Апошні вялізны мост праз раку Гарынь каля чыгуначнай станцыі побач са Столінам падарвала ў ноч на 8 снежня група П. М. Голуба з 2-га батальёна.

Масты давялося браць з баямі, асабліва быў напружаы бой у групе камандзіра 2-й роты аўтаматчыкаў 1-га батальёна Андрэя Цымбала, які разам з камандзірам 3-й роты аўтаматчыкаў 1-га батальёна Фёдарам Андрэевічам Карпенкам у 1941 годзе ваявалі разведчыкамі ў 5-й паветрана-дэсантнай брыгадзе Радзімцова, той самай, якая стане легендарнай 13-й гвардзейскай стралковай дывізіяй у час баёў у Сталінградзе і на Мамаевым Кургане.

9 снежя апошняя дыверсійная група вярнулася да штаба злучэння ў Глушкавічы. Усяго, ў выніку правядзення аперацыі было знішчана 9 чыгуначных мастоў, у тым ліку чатырохпралётны стальны мост цераз раку Случ, даўжынёй 285 метраў, пяціпралётны мост цераз раку Гарынь на лініі Сарны-Лунінец даўжынёй 293 метра, трохпралётны стальны мост цераз раку Гарынь на лініі Сарны-Ковель, даўжынёй 290 метраў.

Было ўзорвана і некалькі шашэйных мастоў. Так, каўпакаўскія падрыўнікі з групы старшага лейтэнанта НКДБ І. Юркіна за адну ноч падарвалі чатыры чыгуначных і шашэшых маста. Групы знішчылі і іншыя варожыя аб’екты. Аперацыя аказалася больш эфектыўнай, дзякуючы нападу батальёна са злучэння Сабурава пад камандаваннем Івана Фёдарава на гарнізоны станцый Тамашгорад і Осткі на лініі Сарны-Алеўск.

Цікава і тое, што ў час правя-дзення такой шырокамаштабнай аперацыі каўпакаўцы амаль не мелі стратаў. Гэта ўнікальны выпадак у гісторыі партызанскай барацьбы. Гэтая выдатна выкананая аперацыя ў 1942 годзе стане адной з лепшых у гісторыі партызанскай барацьбы ў годы Вялікай Айчыннай вайны.

11 снежня 1942 года Цэнтральны штаб партызанскага руху перадаў у Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання данясенне наступнага зместу: «З 1 па 9 снежня па распрацаванаму плану і пасля дэталёвай разведкі атрады Сабурава і Каўпака нанеслі ўдар па вузлу чыгуначных дарог у раёне Сарнаў. У выніку праве-дзенай аперацыі дзеянне вузла Сарны было паралізавана на ўсіх накірунках не менш чым на 15 сутак». Заходнегерманскі гісторык-даследчык Эрых Хасе ў свой час пацвердзіў гэтыя дадзеныя пра 15 сутак.

Начальнік Украінскага штаба партызанскага руху генерал-лейтэнант Цімафей Амвросіевіч Стракач адзначыў: «На адбудову высаджаных у паветра мастоў Сарнянскага вузла, пашкоджаных ліній звязку і для праследавання партызанаў — камандаванне Вермахта, вымушана было кінуць звыш двух рэгулярных дывізій, якія накіроўваліся да Волгі. Дыверсійная аперацыя «Сарнянскі крыж», праведзеная злучэннем Каўпака — яркі прыклад баявога ўзаемадзеяння Чырвонай арміі і партызанаў у выкананні стратэгічнага задання».

Пра гэтую аперацыю, якая была распрацавана ў Глушкавічах, а потым паспяхова праведзена, паведаміў і начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання Панцелеймон Кандрацьевіч Панамарэнка ў сваёй кнізе «Усенародная барацьба ў тылу нямецка-фашысцкіх захопнікаў 1941-1944».

Уладзімір ЗУБРЭЙ, аг. Глушкавічы.
Працяг будзе.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: