Аграгарадок Глушкавічы Лельчыцкага раёна размешчаны на самым поўдні Гомельскай вобласці — у глыбінцы Палесся. Пра яго ўнікальнасць сказана многае. І хоць мэтай маёй паездкі ў гэты край было наведванне самай вялікай сельскай школы раёна, мне пашчасціла ўбачыць і тое, што з’яўляецца гордасцю мясцовых жыхароў і здабыткам краіны, — гранітныя кар’еры і шчэбзавод. І нават паназіраць за здабычай будаўнічага каменю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Свае кадры
Дырэктар Глушкавіцкай сярэдняй школы Ганна Пятроўна Ляхавец сустракае мяне ля ўвахода ва ўстанову. Яна адзначае, што цяперашні трохпавярховы будынак быў адкрыты ў 1974 годзе. Аднак заснавана школа ў 1884 годзе. Звяртаю ўвагу на паркоўку з веласіпедамі вучняў і работнікаў установы. Для жыхароў аграгарадка прывычна дабірацца сюды на жалезным кані. А чаго дакладна не чакала ўбачыць у глыбінцы, дык гэта сучаснага міні-футбольнага поля са штучным пакрыццём. А тут яно ёсць.

— Ідэя будаўніцтва поля са штучным пакрыццём узнікла некалькі гадоў назад, калі наш шчэбзавод наведвала кіраўніцтва вобласці, — расказала дырэктар. — Ад работнікаў завода, а гэта 330 чалавек, чые дзеці вучацца ў нашай школе, прагучала просьба аб падобнай спартыўнай пляцоўцы. Грошы выдаткаваў “Гомельаблдарбуд” і Беларуская федэрацыя футбола. Школа таксама ўнесла свой уклад: аплаціла падрыхтоўку праекта. І ў верасні 2022 года на радасць жыхарам пасёлка пляцоўка была адкрыта. З таго часу дзеці гуляюць тут пастаянна, у любую пару года.
У мінулым навучальным годзе ва ўстанове займаліся 283 вучні, працоўны калектыў налічваў 67 чалавек, усе — жыхары аграгарадка. Выпускнікі школы, як правіла, вяртаюцца на малую радзіму, працаўладкоўваюцца, замацоўваюцца на месцах, ствараюць сем’і. Напрыклад, такімі кадрамі, як настаўнікі замежнай мовы, школа сама сябе забяспечвае.
Без тэрміну даўнасці
У сакавіку 2022 года ў Глушкавіцкай школе адбылося адкрыццё пакоя-музея “Навечна ў памяці людской”, дзе сабраны экспанаты па розных напрамках гісторыі малой радзімы, элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры розных гістарычных перыядаў. Тут аформлены экспазіцыі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Яны былі спалены зажыва”, “Памятныя артэфакты”.

Ганна Пятроўна трымае ў руках папку пад грыфам “Без тэрміну даўнасці” з копіяй крымінальнай справы пракуратуры па Лельчыцкім раёне і Глушкавічах па факце здзяйснення генацыду нацысцкімі злачынцамі, іх саўдзельнікамі, злачыннымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд на тэрыторыі Беларусі і іншых дзяржаў. Тут падрабязна апісаны асноўныя падзеі расправы над мясцовымі жыхарамі.
— У першую чаргу мы расказваем дзецям пра тое, што такое генацыд, — адзначае Ганна Пятроўна. — Палітыка генацыду нямецкімі ўладамі распрацоўвалася напярэдадні Другой сусветнай вайны. Мы ведаем, што, згодна з генеральным планам “Ост”, 25% жыхароў Беларусі павінна было падвергнуцца анямечванню, а 75% захопленых беларусаў меркавалася знішчыць. На акупіраваных тэрыторыях павінен быў устанавіцца “новы парадак”, калі за любое непадпарадкаванне чакаў арышт або пакаранне смерцю. У нашым музейным пакоі ёсць фота, зробленае летам 1942 года ў акупіраванай Беларусі (яго можна знайсці ў інтэрнэце). Мы назвалі яго “Перад расстрэлам”. На здымку сям’я: мама, бабуля і іх дзеці. І ўсе яны моляць аб літасці. Пасля таго, як здымак быў зроблены, сям’ю расстралялі. Таксама ў музейным пакоі ёсць карта былых лагераў смерці, размешчаных у нашай краіне (звыш 260). Быў такі лагер і ў Лельчыцах.
Аб карных аперацыях фашыстаў у Глушкавічах расказалі вучні школы Софія Міхалкова, Ягор Бурлевіч і Дзмітрый Зайчык.
У Беларусі было праведзена звыш 440 буйных і тысячы дробных карных аперацый. Не абмінуў сумны лёс і Глушкавічы. Першая такая аперацыя адбылася ў верасні 1941 года, калі атрады карнікаў прыйшлі ў вёску і 9 жанчын яўрэйскай нацыянальнасці падверглі жорсткай расправе, а іх целы пакінулі ў лесе. Мясцовым жыхарам доўгі час забаранялася іх хаваць. У музейным пакоі ёсць пратаколы апытання сведак органамі надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў.
У канцы кастрычніка — лістападзе 1942 года ў Глушкавічах і навакольных вёсках размяшчалася партызанскае злучэнне Сідара Каўпака. Знаходзячыся ў тыле ў немцаў, партызаны праводзілі паспяховыя баявыя аперацыі па падрыве мастоў, чыгуначных шляхоў, дарог. Нямецкае камандаванне кінула сюды значнае падмацаванне, і разгарнуліся кровапралітныя баі. Партызаны прасілі мясцовых жыхароў пакінуць свае дамы, перасядзець цяжкія дні ў лясах. Усе, хто паслухаўся, выратаваліся, а тыя, хто застаўся ў вёсцы, былі знішчаны. У ноч з 26 на 27 снежня 1942 года ўсіх мясцовых жыхароў ад малога да вялікага фашысты сагналі ў калгасныя хлявы (тых, хто не ішоў, расстрэльвалі), аблажылі хлявы саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Усю ноч гарэлі Глушкавічы…
Яшчэ адна аперацыя па знішчэнні была праведзена ў перыяд з 24 ліпеня па 20 жніўня 1943 года карным атрадам паліцаяў пад кіраўніцтвам фашыстаў. Яны лавілі людзей па лясах і ў вёсцы і ладзілі расправы. У музейным пакоі ёсць акт, які сведчыць аб гэтых падзеях.

Каля 500 чалавек у Глушкавічах падвергліся знішчэнню. У музейным пакоі ёсць пайменны спіс расстраляных і спаленых вяскоўцаў, які складаўся на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў мясцовым краязнаўцам Уладзімірам Зубрэем. Наведвальнікі музея могуць знайсці там прозвішчы сваіх сваякоў. Для паўнаты карціны гасцям паказваюць памятную сцяну ў гонар загінуўшых жыхароў, карту спаленых вёсак Лельчыцкага раёна, якую перадала пракуратура. Тут можна ўбачыць і карту ўсіх спаленых у краіне вёсак, якая падобна на адну вялікую крывавую пляму.
У музеі ў якасці экспанатаў захоўваюцца ваенныя гільзы, каскі савецкага і нямецкага салдата, бляха і гузікі з адзення савецкага салдата, газбак, сапёрная рыдлёўка, ножны ад кінжала СС, гільзы ад зброі, рэчы партызан атрада Каўпака, фота партызанскага штаба Каўпака ў працэсе распрацоўкі аперацыі “Сарненскі крыж”.
У памяць аб ваенных падзеях у школе праходзяць класныя гадзіны, урокі памяці. У вёсцы каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан і помніка “Журботнай маці” арганізоўваюць мітынгі-рэквіемы з удзелам шырокай грамадскасці.
Добрае сэрца
Глушкавіцкая сярэдняя школа наладзіла цеснае супрацоўніцтва з праваслаўным прыходам свайго аграгарадка. Традыцыйнымі сталі класныя гадзіны, гутаркі, дыскусіі, бацькоўскія сходы з удзелам святара айца Лявонція, дзе абмяркоўваюцца хвалюючыя тэмы выхавання дзяцей.
— Калі ў чалавека ёсць сэрца і душа, а ў іх — любоў да бліжняга, спачуванне і міралюбнасць, упэўнена, ён не згубіцца ў гэтым свеце. З ранняга ўзросту мы фарміруем у дзяцей духоўныя каштоўнасці, перадаём традыцыі сям’і, вёскі, роднага краю, выхоўваем грамадзян і патрыётаў, — гаворыць дырэктар школы Ганна Ляхавец. — Ва ўстанове дзейнічае валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”. Яго ўдзельнікі аказваюць дапамогу адзінокім, састарэлым, даглядаюць мемарыялы ў пасёлку.
На працягу многіх гадоў за супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой у школе адказвала настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Адамаўна Краўчанка. Яна знаёміла дзяцей з Бібліяй, наведвала з імі храмы, вазіла на экскурсіі. Цяпер педагог на заслужаным адпачынку, і да гэтай работы падключыліся іншыя настаўнікі. У 2017 годзе школа стала першай у Лельчыцкім раёне, дзе прайшлі Пакроўскія адукацыйныя чытанні. Вучні з Глушкавіч традыцыйна становяцца пераможцамі конкурсу “Прыгажосць Божага свету” і алімпіяды па праваслаўнай культуры, паспяхова выступаюць на праваслаўных чытаннях.
— Асаблівасць нашага аграгарадка ў тым, што ўсе яго жыхары з’яўляюцца праваслаўнымі, многія сем’і ўцаркоўленыя, рэдкае вяселле тут праходзіць без вянчання, — расказвае Ганна Пятроўна. — Як і ні адна лінейка, прысвечаная першаму і апошняму званку, не праходзіць без сказаных на дарогу слоў святара і падарункаў для першакласнікаў. Шмат гадоў у школе існуе добрая традыцыя, якую заснавалі дзеці і іх бацькі: выпускны вечар пачынаць з наведвання храма. Спачатку айцец Лявонцій здзяйсняе малебен для выпускнікоў, а затым праходзіць урачыстая частка ў спартыўна-культурным цэнтры.
Па выніках 2022/2023 навучальнага года Глушкавіцкая сярэдняя школа заняла 1-е месца сярод сельскіх школ раёна і 2-е месца на спартакіядзе школьнікаў сярод усіх навучальных устаноў раёна.
Яшчэ адна адметнасць глушкаўчан — велізарная працавітасць. Агароды тут саджаюць па 40—60 сотак і пры кожнай магчымасці ідуць у лес збіраць дары прыроды.
Кар’ера на кар’ерах
Калектыў Глушкавіцкай школы наладзіў сувязі з мясцовым шчэбеневым заводам. Вучні ходзяць сюды на экскурсіі, працуюць у студатрадах. Дырэктар завода Раман Кірылавіч Міхалкоў — выпускнік мясцовай школы, бывае ў школе і расказвае аб прадпрыемстве, спецыялістах, у якіх яно мае патрэбу, асабліва вузкіх кірункаў, напрыклад маркшэйдарах. Раман Кірылавіч даў дабро на невялікую экскурсію на кар’еры і для нашага выдання ў суправаджэнні Ганны Пятроўны.

Раскошная прырода глушкавіцкіх кар’ераў зачароўвае, быццам апынаешся на здымках фантастычнага фільма. Невыпадкова гэтыя месцы называюць “маленькай Скандынавіяй”, а каменяломні параўноўваюць з нарвежскімі фіёрдамі. Яны ўтварыліся дзякуючы таму, што пасёлак стаіць на краі ўкраінскага шчыта — адной з самых старажытных геалагічных структур зямлі.
Як жа здабываюць каштоўныя для будаўніцтва шчэбень і граніт? Здымаецца пласт зямлі, бурыцца глыбокая свідравіна, і туды заліваецца вадкая ўзрыўчатка. Адбываецца выбух, у граніце ўтвараюцца расколіны, адколваюцца вялікія камяні, якія на самазвалах вязуць на завод на перапрацоўку, дзе рэжуць на пліты, якія ідуць на розныя вырабы, а адходы драбняць на шчэбень. Усе ўзоры можна ўбачыць пры ўваходзе на завод.

У школу прыязджаюць супрацоўнікі БНТУ і запрашаюць выпускнікоў паступаць на факультэт горнай справы і інжынернай экалогіі. Жадаючыя заўсёды знаходзяцца. Многія маладыя людзі пасля ўніверсітэта вяртаюцца працаваць на кар’еры.

















