У лельчыцкай гімназіі плануюць адкрыць музей у гонар знакамітага земляка Івана Коласа

0
230

Мемарыяльная дошка ў гонар ваеннага разведчыка, партызана, журналіста і пісьменніка Івана Андрэевіча Коласа была адкрыта ў Лельчыцкай раённай гімназіі падчас урачыстай лінейкі 1 верасня мінулага года. З таго часу ўстанова носіць яго імя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі Тамара Мікалаеўна Сяргеенка збірае і беражліва захоўвае матэрыялы пра Івана Коласа, ураджэнца вёскі Картынічы Лельчыцкага раёна, знаёміць вучняў з яго жыццём, рыхтуе да даследчых конкурсаў. Педагог сціпла прызнаецца, што з’яўляецца сваячкай вядомага разведчыка, была знаёма з ім асабіста. Іван Андрэевіч і яе мама — стрыечныя брат і сястра. У сямейным архіве Тамары Мікалаеўны — шмат фатаграфій, на якіх Іван Колас побач са сваімі роднымі, з баявымі сябрамі.

— У студзені 1945 года Іван Андрэевіч быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, — расказвае педагог. — Але толькі праз паўстагоддзя, у 1994 годзе, яму, палкоўніку ў адстаўцы, уручылі медаль “Залатая Зорка”, праўда, ужо Героя Расійскай Федэрацыі, за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні спецыяльных заданняў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Іван Андрэевіч узнагароджаны 15 ордэнамі і медалямі, у тым ліку ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, польскім ордэнам “Крыж Адважных”.

З ініцыятывай прысвоіць імя вядомага земляка гімназіі ў Лельчыцах выступіла Гомельская абласная арганізацыя ветэранаў ваеннай разведкі. Згоду на гэта далі ўдава Івана Коласа Кацярына Зорына і ­адзін з яго сыноў — Валянцін Колас. Яны ­адзначылі, што гераічнае жыццё Івана Андрэевіча паслужыць прыкладам мужнасці і любові да Радзімы для маладога пакалення.

***

Іван Колас нарадзіўся ў 1923 годзе ў простай сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу і педагагічны тэхнікум. Пасля школьнага настаўніка Коласа прызвалі ў Чырвоную Армію. Ён удзельнічаў у абарончых баях летам 1941 года. У жніўні гэтага ж года Івана накіравалі на вучобу ў Вольскае ваеннае вучылішча. У маі 1942-га ён ужо быў начальнікам штаба стралковага батальёна 107-га стралковага палка 38-й арміі на Паўднёва-Заходнім фронце. Ледзь выжыўшы ў жорсткіх баях, Іван Колас прабраўся па акупіраванай тэрыторыі ў роднае сяло і стварыў Лельчыцкі партызанскі атрад. Ён правёў сотні баявых аперацый, граміў варожыя гарнізоны, пускаў пад адхон эшалоны з баявой тэхнікай і жывой сілай праціўніка. Здабываў інфармацыю аб перамяшчэнні і ўмацаваннях праціўніка для штаба 1-га Беларускага фронту.

У верасні 1944 года Коласа закінулі ў палаючую Варшаву для высвятлення сапраўднай сітуацыі ў горадзе, які паўстаў. Патрабавалася разведаць колькасны склад нямецкай групоўкі, суадносіны сіл. З 21 верасня і да апошняга дня паўстання, 2 кастрычніка 1944 года, наш зямляк плячо ў плячо з палякамі змагаўся з фашыстамі. Аб выніках гэтай аперацыі ён асабіста далажыў Маршалу Савецкага Саюза К.К.Ракасоўскаму.

Вайну Іван Андрэевіч Колас скончыў у Берліне ў маі 1945 года. На будынку пераможанага Рэйхстага ён пакінуў свой аўтограф. Потым дзяліўся: “Блукаў па пакоях і кабінеце фюрара… Ці думаў я, знахо­дзячыся ў балотах Беларусі, задыхаючыся ў катакомбах Варшавы, у падвалах Берліна, што дайду з мячом адплаты да логава ворага, увайду ў гэты змрочны будынак зла і насілля?! Але вось я стаю пасярод пакоя… як Пераможца!”

З 1953 года Іван Колас служыў у Галоўным разведвальным упраўленні Генштаба Узброеных Сіл СССР. У 1987 годзе расстаўся з разведкай, заняўся літаратурнай творчасцю, мемуарамі. Яго апавяданні — жывы дакумент аб лёсах простых салдат, партызан. Свае творы аўтар адрасаваў шырокаму колу чытачоў, у тым ліку дзецям. А гэта 20 кніг, каля 40 аповесцей, нарысы, апавяданні, вершы. Сярод іх — дакументальна-прыгодніцкія кнігі “Вяртанне з пекла”, “Па заданні цэнтра”, “У логаве Гітлера”, “Дзеля жыцця на зямлі”, “Крах катаў”, “Мільён алых роз…”.

Педагогі гімназіі знаёмяць вучняў з творамі земляка. Бывае, што пасля прачытаных радкоў у дзяцей на вачах слёзы.

“Хто, як не ветэраны, удзельнікі вайны, якія дайшлі франтавымі дарогамі да Берліна, ведаюць цану Перамогі, ведаюць аб ваенных стратах і ахвярах, аб заслугах і недахопах ваенных стратэгаў. Не трэба лічыць нас статкам бараноў! Усе мы абаранялі сваю родную зямлю, свае дамы і сваіх маці…” — напісаў І.Колас да 60-годдзя Перамогі.

За пісьменніцкую працу Іван Колас удастоены прэстыжных літаратурных узнагарод — медалёў Фадзеева, Сіманава, Пікуля, дыплома “Лепшыя пёры Расіі”. А да 80-годдзя І.А.Коласа ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны. Больш за 60 гадоў пісьменнік жыў і працаваў у Маскве. 12 жніўня 2007 года Іван Андрэевіч Колас памёр, пахаваны ў Маскве на Траякураўскіх могілках. У яго была добрая сям’я: жонка, сыны Валянцін і Леанід, нявесткі, унукі.

***

У чэрвені гэтага года споўнілася 100-гадоў з дня нараджэння Івана Коласа. Для навучэнцаў Лельчыцкай гімназіі, якія наведвалі летні працоўны лагер, прайшоў лекторый аб жыцці і подзвігу героя. Асобныя педагогі і вучні гімназіі адзначылі гэтую дату велапрабегам. Яны адправіліся ў вёску Картынічы, за 10 кіламетраў ад Лельчыц, дзе знаходзіцца домік, пабудаваны пасля вызвалення Палесся ад фашыстаў на месцы спаленага радавога гнязда сямейства Коласа.

Побач усталяваны мемарыяльны знак, на якім напісаны вершаваныя радкі героя, якія былі дэвізам яго жыцця: “Я мир хочу обнять руками, // И всех землян расцеловать, // А то, что создано веками, // Не разрушать, а созидать!”

Экспазіцыя, прысвечаная Івану Коласу, ёсць у Лельчыцкім раённым краязнаўчым музеі. Музей яго імя ў найбліжэйшы час плануюць адкрыць у гімназіі.

Вучаніца гімназіі Дзінара Каляда, якая сёлета на рэспубліканскай лінейцы была ў ліку лепшых выпускнікоў, зацікавілася асобай земляка. На аснове вывучанага матэрыялу напісала даследчую работу, з якой перамагла на раённай канферэнцыі вучэбна-даследчых работ “Залатыя россыпы” і міжнародным конкурсе “Мая Айчына”.

— Ці мог Іван Андрэевіч здзяй­сняць подзвігі ў свае 20 гадоў, калі б ён не быў у душы мастаком, меў бы чэрствую натуру? Ці захаваў бы будучы герой дабрыню сэрца, чысціню праваслаўнага чалавека? — задаецца пытаннямі Дзінара. — Страціць у крывавай бойні вайны сяброў, блізкіх, родных і не ачарсцвець — як гэта нялёгка! Для такіх, як І.Колас, паняцці “таварыскасць”, “Радзіма” святыя. Чытаючы яго аўтабіяграфічныя творы, нельга не адчуць, што яны напісаны мужным, сумленным чалавекам і, мабыць, педагогам, таму што яны вучаць моладзь любіць сваю Радзіму, быць яе сапраўднымі патрыётамі. Са старонак яго апавяданняў гучаць натхнёныя звароты да дзяцей усіх узростаў з заклікамі берагчы мір.

У наступным навучальным годзе Тамара Мікалаеўна Сяргеенка плануе працягнуць з вучнямі даследаваць жыццё Івана Коласа, адкрываць яго невядомыя старонкі.

НГ

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: