Лельчицы, высота, вертолёт

На гадзінніку поўнач, а мне пакуль што не спіцца. Заплюшчваю вочы, а вушы чуюць шум ветру за акном. Падыходжу да акна, каб палюбавацца высокімі, статнымі дрэвамі ды начнымі зоркамі.

Ужо восень, а таму на двары, пэўна, адчуваецца начная прахалода. А ў маёй кватэры цёпла і ўтульна. За акном выгляд цудоўны! Ён адкрывае мне не толькі розныя далягляды, але і мноства дарог, зусім розных, па многіх з якіх я ўжо прайшла. Гэта перш за ўсё дарога ад майго дома да роднай школы.

Радуе, што дарогі былі мірнымі і спакойнымі, хаця часам нялёгкімі — з цяжкасцямі і нават выпрабаваннямі. Радуе і тое, што наша агульная Радзіма, — безумоўна, вольная, незалежная і міралюбівая Беларусь. Ды і наогул мяне радуе ўсё, што звязана з паняццем «Радзіма». І перш за ўсё прырода роднага краю, а я частка яе. Усё прыгожае ў чалавеку здольна выхаваць прырода. У яе мы вучымся дабру і чалавечнасці, справядлівасці і спагадзе. Чалавек заўсёды звязаны з лясамі, палямі, рэкамі і азёрамі, раслінамі, птушкамі і жывёламі. Без іх ён не можа існаваць, бо сам ён, як я ўжо вышэй зазначыла, — частка прыроды. Людзі ўплываюць на яе, яна (прырода) ўплывае на іх жыццё, здароўе, настрой. Я вельмі люблю расліны. Уявіце наваколле без дрэў, кустоў, травы, кветак. Гэта нішто, пустата.

Я, дуб, ручай, рака, расліны — адзінае цэлае. Гэта прырода, жыццё. Подых ветру акрыляе мяне, шум ракі, ручая ўзбуджае мае пачуцці, сустрэча з дубам надае сілу, робіць разважлівай, упэўненай. А кветкі! Ах, гэтыя кветкі!  Што за цуд! Як яны вабяць да сябе непаўторным пахам і прыгажосцю! Падмаргнуць табе — і заплюшчаць свае блакітныя вочы на ноч, а на досвітку адкрыюць іх, весела ўсміхаючыся. Кветкі радуюць мяне, падымаюць настрой, робяць жыццё прыгажэйшым. Людзі, любіце кветкі, любіце прыроду! Дарыце кветкі адзін аднаму — дарыце шчасце. Няхай ваша жыццё, жыццё кожнага чалавека будзе падобным на чароўную кветку.

Але сёння мне больш хочацца гаварыць пра самае галоўнае, самае каштоўнае — пра нашу Бацькаўшчыну.

Рака нараджаецца з ручаін, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з ведання яе гісторыі, з пашаны да спадчыны, з любві да свайго народа, роднай мовы.

Зірніце на карту нашай Беларусі. Прыгожым кляновым лістом раскінуліся яе абсягі. Карта расквечана гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, зялёнымі дыванамі лясоў, лугоў і багатых палеткаў.

Пройдземся па нашай зямлі, зазірнём у мінулае і ўгледзімся ў будучыню. Край азёраў і легендаў! Колькі цудоўных паданняў складзена народам аб рэках, азёрах, паселішчах! І ў кожным — жыццярадасная дабрыня і мудрасць, перададзеныя для нас, нашчадкаў.

Нашы продкі ў lX стагоддзі называліся крывічамі, радзімічамі, дрыгавічамі. Былі яны рослыя і моцныя, са светлымі валасамі і шэрымі вачыма. Адзенне насілі шэрага колеру. Адсюль адна з версій паходжання сучаснай назвы — беларусы. Ад спрадвечных часоў займаліся беларусы земляробствам. Зямлю яны любілі, працавалі на ёй з ахвотай і дзяцей з малых гадоў прывучалі да працы.

Адна з самых трагічных старонак мінулага маёй Радзімы — Вялікая Айчынная вайна, якая пакінула надзвычай цяжкі адбітак. Ды і сённяшнія падзеі не радуюць. Лічу, што менавіта мы, беларусы, павінны адыгрываць вырашальную ролю ў лёсе нашай Радзімы. А тое, якой яна будзе, залежыць, канешне, ад маладых.

Кажуць: «Радзіма — месца, дзе ты нарадзіўся». Але гэтыя словы ў некаторай ступені банальныя. Усё больш людзей вырашаюць прамяняць сваю Радзіму на іншую, багатую і паспяховую. Праўда, многія, асабліва сярод моладзі, каб зарабіць больш грошай. Я так зрабіць ніколі б не змагла. Сэрца, улюбёнае ў сваю Радзіму Беларусь, не дазволіла б…

Сваю думку хачу пацвердзіць надзвычай шчырымі радкамі з верша Міколы Хведаровіча «Родныя вобразы»:

З прыродай зліўшыся душою,

Мы едзем далёка за мора,

Чужыя глядзець гарады,

Шукаць скалістыя горы,

Азёры крыштальнай вады.

І часта, так часта бывае,

Што мы ў сумятлівым жыцці

Мінаем і не заўважаем

Красу сваіх родных мясцін.

Я думаю, што кожны з нас павінен памятаць, што ён з’яўляецца неад’емнай часткай народа беларускага, і Радзіма ў нас адна.

Хачу адзначыць, што ёсць у нас чым ганарыцца, але ж ёсць і неадкладныя праблемы, у вырашэнні якіх патрэбен дзейсны ўдзел усіх. І далёка не разбурэнне спатрэбіцца, а стварэнне.

Адзначу, што за нашу Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны аддаў сваё жыццё і мой бацька, дваццацідвухгадовы малады чалавек, настаўнік.

Усім жадаю здароўя, міру і спакою.

З павагай Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: