Немцы

У маі 1940 года ўрад Германіі прыняў дырэктыву па падрыхтоўцы плана «Ост» — плана знішчэння народаў усходняй Еўропы, па якому прадугледжвалася толькі на тэрыторыі СССР і Польшчы знішчэнне 120-140 мільёнаў чалавек. Планам прадугледжвалася ліквідацыя СССР. Тэрыторыю Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны і еўрапейскай часткі Расіі па плану «Ост» прапанавалася засяліць немцамі і пасля завяршэння каланізацыі ўключыць у склад Германіі. Прыблізна 25 працэнтаў мясцовага насельніцтва павінна была анямечыцца ці пераведзена ў лік рабоў без усялякіх правоў. А 75 працэнтаў жыхароў падлягала ці фізічнаму знішчэнню, ці высяленню за Ўрал на ўсход.

Тады пра гэты план не ведалі не толькі глушкаўчане, але і ўсе жыхары СССР. Вайну з Германіяй у Глушкавічах чакалі, але не ведалі, калі яна пачнецца. У перадваенныя годы шмат прызывалася юнакоў у армію, шмат з іх паступала ў ваенныя вучылішчы, у тым ліку і настаўнікі з мясцовай школы.

У тую раніцу, 22 чэрвеня 1941 года, па расказам старажылаў, калі глушкаўчане выганялі кароў на пашу, усе добра бачылі, як з захаду ў напрамку Кіева, Оўруча і Чарнігава высока над галовамі ляцела вялікая колькасць нямецкіх самалётаў. Начыненыя бомбамі, яны цяжка, манатонна гулі. Сумненняў у нікога не было: гэта вайна. З першых дзён пачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных і прызыўнікоў. А потым і эвакуацыя дзяржаўнай і калгаснай маёмасці, жывёлы.

Першае нямецкае падраздзяленне (каля роты гітлераўцаў) увайшло ў Глушкавічы на спасаўку ў жнівеньскія дні 1941 года. З успамінаў Параскі Фядосаўны Кавалевіч: «Немцы з аўтамашынамі на школьным двары стаялі каля тыдня. Ідуць і ўсім гавораць: «Гутэн таген». Па сялу хадзілі і гаварылі на ламаным рускім: «Дай масла, яйка, спек…». Мы іх мовы не ведалі. Толькі разумелі тыя, хто быў у нямецкім палоне ў час Першай сусветнай вайны ці жыхары-немцы, якія пражывалі ў сяле».

Здавалася, што і нямецкія салдаты як людзі. Старэйшыя памяталі, як у час той Першай сусветнай вайны кайзераўскія нямецкія салдаты прыязджалі ў сяло з Вайткевічаў, дзе знаходзіўся іх гарнізон. Але дрэннага нічога не рабілі. Да і ў Глушкавічах пражывала некалькі нямецкіх сем’яў, быў у іх на рэчцы Убарць і свой Нямецкі хутар з рачным млынам. У 1924 годзе на гэтым хутары (зараз гэта ўрочышча Юлісаў сад з Шуман) знаходзілася 6 гаспадарак, дзе пражывала 25 немцаў. У пачатку вайны гэтыя сем’і былі дэпартыраваны ў савецкі тыл, але з-за бамбёжак на чыгунках некаторыя вярнуліся назад.

Гэты давер стане адной з прычын, чаму ў снежні 1942 года некаторыя сем’і не рушаць у лес, а застануцца ў вёсцы і загінуць ад рук нямецкіх карнікаў і іх памагатых. Яшчэ 13 мая 1941 года перад вайной дырэктывай германскага ўрада здымалася з салдат і афіцэраў вермахта ўсякая адказнасць за злачынства супраць насельніцтва акупіраванай савецкай тэрыторыі. А ў выданай для асабовага састава гітлераўскай арміі «Памятке нямецкага салдата» прама гаварылася: «Забівай усялякага рускага, савецкага, не прыпыняйся, калі перад табой стары ці жанчына, дзяўчынка ці хлопчык, — забівай…».

Такім чынам, яшчэ ў пачатку вайны нямецкая армія атрымала «законнае права» дзейнічаць на савецкай зямлі як армія забойцаў, гвалтаўнікоў і грабёжнікаў. У Глушкавічах у 1941 годзе першыя нямецкія салдаты паказалі сябе інакш. Па расказу старажылаў, яны былі больш сталага ўзросту і больш культурныя, верагодна, з тылавой часці.

Праз тыдзень немцы вярнуліся да Алеўска, а хутка пасля іх у Глушкавічы з боку Вайткевічаў прыбылі нацыяналісты, якія арганізавалі ў вёсцы вялікі атрад «службы парадка» беларускай самаабароны. Сталінскае кіраўніцтва беларускай самаабароны, якая дзейнічала ад нямецкага кіраўніцтва, таксама прызначыла старастай сяла малаграматнага серадняка, які быў рэпрэсіраваны ў 1940 годзе і асуджаны ў Мазыры на 3 гады пазбаўлення волі, але ў сувязі з прыбліжэннем фронта быў вызвалены. Намеснікам старасты быў прызначаны іншы мужчына з ліку мясцовых жыхароў.

З крымінальнай справы ваеннага трыбунала войск НКУС Палескай вобласці: «У 1941 годзе восенню ў вёсцы Глушкавічы па распараджэнню старасты быў сабраны сход у былом калгасным клубе, у якім знаходзіліся два бюсты правадыроў партыі, дзе сам асабіста стараста зняў бюсты са стала і кінуў на пол — гаворачы словы: «Нам такіх людзей тут не патрэбна. Дзякуючы толькі ім, атрымаў тры гады турмы». Пасля мясцовыя калабарацыяналісты выкінулі бюсты Леніна і Сталіна з клуба і разбілі. На гэтым сходзе стараста сказаў: «Нямецкая ўлада — наша вызваліцельніца».

Адзначым, што многія сем’і ў Глушкавічах былі закрануты ў 30-я гады сталінскімі рэпрэсіямі, якія працягваліся да пачатку вайны. Апошняя гучная Царкоўная справа ў вёсцы праняслася па веруючым вяскоўцам у перадваенныя гады.

Уладзімір ЗУБРЭЙ аг. Глушкавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: