Глушкавічы. Факты вайны

0
639

Адзначым, што многія сем’і ў Глушкавічах былі закрануты ў 30-я гады сталінскімі рэпрэсіям. Апошняя гучная Царкоўная справа ў вёсцы праняслася па веруючым вяскоўцам у перадваенныя гады. Сотні глушкаўчан былі рэпрэсіраваны, дзесяткі — расстраляны ці памерлі ў лагерах ГУЛАГа. Некаторыя былі недавольныя раскулачваннем, калгасным бытам і высяленнем з хутароў. З надзеяй глядзелі на новы лад, але і ведалі, што нацыяналісты супрацоўнічалі з нямецкімі спецслужбамі і непасрэдна падпарадкоўваліся немцам. І ўсё ж большасць з падозрай адносіліся да новай акупацыйнай уладзе. У многіх бацькі, браты і сыны ваявалі ў Чырвонай арміі.

У гэты час беларуска-украінскія нацыяналісты працягвалі сваю аперацыю, да 24 верасня пад іх націскам Лельчыцкі атрад пакінуў левабярэжжа Убарці, а Тураўскі і Столінскі атрады — межы Лельчыцкага раёна. Праз пару дзён у Буйнавічы з Мазыра прыбыў нямецкі батальён з гарматамі і мінамётамі, прызямліліся таксама і 4 варожыя самалёты. У паўночных раёнах Жытоміршчыны, прымыкаючых да Лельчыцкага раёна, дзейнічалі часці СС.

У тыя дні каля Глушкавічаў ва ўрочышчы Брады каля дарогі загінуў невядомы марак, верагодна ў час перастрэлкі. Як вядома, летам 1941 года ў абарончых баях на Прыпяці дзейнічала Пінская ваенная флатылія. Хто ён і як патрапіў да вёскі — невядома. У гэты час каля грэблі, каля дарожнага крыжа, быў забіты дзесятнік Глушкавіцкага лясніцтва Стас Бурым. Забілі яго бульбоўцы ці партызаны за тое, што не згадзіўся ісці ў атрад? Усё гэта патрабуе дэталёвага пошука. А сям’я Стаса Бурыма ў снежні 1942 года будзе знішчана карнікамі.

Супрацьстаяць не толькі нацыяналістам, але і прыбыўшым нямецкім часцям Лельчыцкі атрад не мог. У час баёў большая частка атрада была рассеяна.                                           4 кастрычніка камандаванне атрада ў раёне вёскі Сініцкае Поле прыняло рашэнне прыпыніць баявыя дзеянні, пакінуўшы надзейных людзей для падпольнай работы, і групамі прабівацца за лінію фронта. Дарэчы, камісарам атрада быў ураджэнец Глушкавічаў Якаў Эрлах, бабулю якога Хаю Іцкаву Эрлах у верасні расстралялі бульбоўцы каля Глушкавічаў. Пасля вайны ён пражываў у маскоўскай вобласці.

У кастрычніку ад Мазыра да Алеўска нацыяналісты разам з немцамі працягвалі сваю карную аперацыю па ачышчэнню ад чырвонаармейцаў і партызан. У вёсцы Рубеж яны забілі 13 яўрэяў, у вёсцы Шугалі — 12, ва ўрочышчы Пагрэбы каля Сіманічаў — 5. Некаторых яўрэяў выводзілі да Алеўска. Пасля вераснёўскай трагедыі працягваліся расстрэлы і ў Лельчыцах, а таксама ў Буйнавічах і іншых вёсках раёна.

Адбіўшыяся ад атрада ў час баёў і пасля роспуску атрада, партызаны вярталіся да сваіх хат, дзе іх чакала пастка. Адразу ў Глушкавічах былі арыштаваны камуністы Кавалевіч Анціп Міхайлавіч, Гаўрылюк Барыс Якаўлевіч, Коваль Міна Піліпавіч і камсамолкі — адважная разведчыца Праскоўя Іванаўна Зенькавец, Вера Сямёнаўна Казачок з гаспадарчай часці атрада. З будынка былога сельсавета, які стаў штабам мясцовай паліцыі беларускай самаабароны (хаця да гэтага часу ён лічыўся ўжо штабам украінска-нямецкай паліцыі), яны пад аховай бульбоўскай жандармерыі былі накіраваны ў Алеўск.

Па дарозе ў Алеўск, прыпыніўшыся на начлег у Сушчанах пры мясцовым гарнізоне, затрыманыя, якіх раздзелі да паловы, атрымалі ад бульбоўцаў па 25 нагаяк. На наступны дзень яны апынуліся ў бульбоўскай турме горада Алеўска. 12 дзён савецкія патрыёты знаходзіліся ў засценках, пасля чаго адбыўся допыт, дзе прысутнічаў і сам атаман Тарас Бульба-Баравец. Замест таго, каб «бальшавікоў» расстраляць ці накіраваць у канцлагер, бульбоўцы адпусцілі іх дадому, ў Глушкавічы.

Гэта была адна з лепшых праведзеных аперацый глушкавіцкімі падпольшчыкамі ў 1941 годзе. Вядучую ролю ў гэтай справе адыграў Самсон Карпавіч Кавалевіч, які, працуючы пісарам вясковай паліцыі (самаабароны), падрыхтаваў матэрыялы і характарыстыкі ў бульбоўскі штаб на асуджаных партызан, ведаючы пра малаграматнасць старасты і камандзіра самаабароны. Адначасова родзічы асуджаных сабралі спіс вяскоўцаў, прасіўшых вызваліць іх з палону. І гэта ўсё дайшло да Тараса Бульбы.

З успамінаў самога Самсона Кавалевіча: «Лін Раман загадаў мне перайсці на падпольную работу, каб недапусціць расстрэлу савецкіх людзей. З гэтым я паспяхова справіўся». Хоць за невялічкі правал пагражаў расстрэл і яму і яго родным. Такая была патрэбна сакрэтнасць. У асабовым лісце па ўліку партызанскіх кадраў, які датаваны 31 снежня 1944 года, у графе «Баявая характарыстыка С. К. Кавалевіча» запісана: «Кавалевіч як партызан дзейнічаў супраць нямецкага фашызму вельмі добра. Падтрымліваў партызан у час акупацыі немцамі нашага раёна. Працаваў пісарам вясковай паліцыі (адзін месяц), але трымаў моцную сувязь з партызанамі».

У пачатку 1943 года ён будзе прызначаны палітруком мясцовай партызанскай групы Лельчыцкага атрада імя Кутузава. За проста  так у час вайны на такія пасады не прызначалі.

З успамінаў Веры Сямёнаўны Казачок: «Калі нас вызвалялі, яўрэй Гарэлік з Картынічаў маліў бульбоўцаў адпусціць і яго, перадаў нам, каб мы перадалі ў Картынічы і каб забралі яго дадому. Але так яго і не адпусцілі. Калі вызвалілі нас, алеўчане нам сказалі, каб хутка пакінулі мы Алеўск, бо ў гэты дзень у Алеўск прыбылі эсэсаўцы».

Па загаду гестапа, адзін з батальёнаў Тараса Бульбы разам з эсэсаўцамі з батальёна СС, прыбыўшым у Алеўск пад камандаваннем капітана войск СС Гічке, удзельнічаў у расстрэле 635 савецкіх грамадзян-яўрэяў у Алеўску, сярод якіх былі і жыхары-яўрэі з Лельчыцкага раёна. Гітлераўцы вялі барацьбу па поўнаму знішчэнню савецкіх яўрэяў.

Працяг будзе.

Уладзімір ЗУБРЭЙ, аг. Глушкавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1

Добавить комментарий

Войти с помощью: