Жыццё так склалася, што мне давялося і пажыць у вёсцы, і шмат паездзіць па вёсках раёна па справах і, вядома, паслухаць мясцовыя гісторыі, выпадкі, забабоны, байкі.
Асабліва мне спадабалася байка, якую я пачуў ад жыхароў вёскі Жмурнае гадоў мо 40 таму назад, калі сяло, як кажуць, яшчэ гуло.
Жыхары вёскі — людзі працавітыя, шчырыя, умеюць і працаваць, і песні спяваць, і гасцей прымаць, і жартаваць, і байкі расказваць.
Дык вось якую байку я пачуў.
Было гэта даўно, яшчэ пры царах. Вёска наша размяшчалася на невялікім узгорку сярод балот, якіх было болей чым лесу. Цяжка тады жылося людзям. Але калі пракапалі канал, жыццё палепшылася, балоты пачалі падсыхаць, больш стала месца для ворыва, выпасаў, сенакосаў, людзі сталі больш трымаць жывёлы, бо жывёла ў хляве — дабрабыт у хаце.
Але ж здарылася няшчасце — прыляцела на нашы ўгоддзі велізарная птушка, якую звалі бекус. Была яна такая вялізная, што калі ляцела высока над сялом, то закрывала крыламі сонца і станавілася цёмна, быццам ноччу. А калі ляцела нізка, то ад узмаху крылаў злятала салома з дахаў.
Шмат шкоды рабіў гэты бекус. Жывёла на пашы баялася яго горш за ваўкоў, раўла, уцякала дадому, худзела, каровы не давалі малака, а сенакосы так стаптаў, быццам турэцкая конніца па іх праехала.
Трэба было нешта рабіць з гэтым ворагам. Звярнуліся да старога паляўнічага, які ў свой час служыў у царскай арміі, нават ваяваў з французамі і адзіны ў сяле меў прывілею трымаць стрэльбу. Мужчына быў ужо даволі стары, хворы, але згадзіўся дапамагчы людзям, бо і яго кароўка хадзіла ў чарадзе.
Дзед даў загад нарубаць тоўстага дроту, бо шроту ў яго ўжо не было, зарадзіў стрэльбу, нешкадуючы пораху, прывязаў да правага пляча падушку, каб зменшыць аддачу, і пайшоў на самае высокае месца ў сяле — Лысую Гару, каб здалёк убачыць бекуса і ямчэй стрэліць. Гэта цяпер на той гарэ лес парос, а тады яна была сапраўды лысая і з яе нават навакольныя вёскі было відаць.
Тры дні і тры ночы чакаў дзед моманта і дачакаўся. Стрэліў ён у таго бекуса, які ўпаў прама ў канал і перакрыў яго. Пакуль людзі збегліся з усяго сяла, каб выцягнуць яго на бераг, то вада ў канале паднялася аж да Кавыжава і пачала затапляць агароды, а ўніз да Лельчыц цякла крывавая рака. Спрабавалі выцягнуць бекуса рукамі, ды дзе там! Тады прыгналі тры пары валоў, зачапілі моцнай канаплянай вяроўкай, але і яна не вытрымала, парвалася. Хуценька знялі ланцугі з калодзежаў і толькі з іх дапамогай выцягнулі яго на бераг. Жанчыны наскублі з бекуса цэлы стог пер’я, мо і зараз хто спіць на падушках з таго пяра. Мужчыны ж насеклі з яго сем бочак мяса, усхвалялі стральца і на радасцях, што збавіліся ад ворага, запрасілі гасцей з навакольных вёсак. Тры дні ў сяле было свята, людзі частавалі гасцей і расказвалі аб тым бекусе.
З тых часоў жыхары вёскі атрымалі мянушку «бекусы».
Аніякай ганьбы ў гэтым слове няма, бо галоўны герой байкі правільна называецца бекас і гэта невялічкая балотная птушка памерам са шпака.
А вось байкі такой больш няма нідзе, ні ў іншым сяле, ні ў кніжцы, ні ў газеце, ні ў інтэрнэце. Па свайму каларыту, непаўторнасці, удаламу спалучэнню сапраўднага з вымыслам, адлюстраваннем прыродных умоў, заняткаў і нават характараў жыхароў, на мой погляд, байка можа быць унесена ў зборнік фальклору краіны.
Аляксандр МАСКАЛЕВІЧ, г. п. Лельчыцы.

















