З вызваленнем у першыя дні студзеня 1944 года Алеўска і Ракітнага тылавая база Украінскага штаба партызанскага руху перамясцілася з Оўруча ў Алеўск. А ў гэты час паўднёвей Ельска сканцэнтраваліся 2 і 7 гвардзейскія кавалерыйскія корпусы для кідка праз «Оўруцкі калідор» у тыл Мазырскай варожай групіроўкі.

8 студзеня 1944 года войскі 61 і 65 арміі Беларускага фронта пачалі Мазырска-Калінкавіцкую наступальную аперацыю. У ноч на 9 студзеня часці 2 гвардзейскага кавалерыйскага корпуса ўвайшлі ў Сініцкае Поле. Так пачалося вызваленне Лельчыцкага раёна. Крыху пазней завязаўся бой за Крупку і Буйнавічы, дзе знаходзіўся моцны варожы вузел абароны.

9 студзеня, сканцэнтраваўшы да двух батальёнаў пяхоты з танкамі, гітлераўцы 7 разоў кідаліся ў атаку на акапаўшыеся пад Буйнавічамі эскадроны 11 гвардзейскага кавалерыйскага палка. А ў гэты час галоўныя сілы 2 гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, абышоўшы Буйнавічы і ўзяўшы Буда-Сафіеўку, Зарубанае і Магільнае, падыходзілі да Астражанкі, за якую з 9 гадзін раніцы вёў бой 16 гвардзейскі кавалерыйскі полк, удзень да яго далучыліся яшчэ два.

К ночы ў Буйнавічах бой сціх: вораг пакінуў вёску і пачаў адыход да Астражанкі, якую штурмавалі перадавыя палкі кавалерыйскага корпуса. Яшчэ да наступлення раніцы 10 студзеня частка гітлераўскага апорнага вузла абароны была знішчана, другая частка адступіла ў бок Петрыкава. У баях савецкім воінам аказваў дапамогу партызанскі атрад імя Суворава Лельчыцкай брыгады.

Пасля гэтага войскі 2 гвардзейскага кавалерыйскага корпуса рушылі ў тыл мазырскай групіроўкі ворага ў напрамку Скрыгалава і Прыпяці, перакрываючы шлях да адыхода з Мазыра на Петрыкаў. Вораг быў вымушаны адыходзіць на Калінкавічы. А тым часам гітлераўцы зноў вярнуліся ў Астражанку, дзе і замацаваліся. Але не надоўга.

Пасля вызвалення Мазыра 7 гвардзейскі кавалерыйскі корпус, з якім трымаў сувязь штаб Лельчыцкай брыгады, рушыў на захад у накірунку Лельчыцкага раёна. У ноч на 16 студзеня перадавыя эскадроны 14 гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі з гэтага корпуса сумесна з атрадамі імя Калініна і Суворава канчаткова вызвалілі Астражанку. Гітлераўцы, страціўшы 25 сваіх салдат, паспешна адступілі.

У гэты ж дзень 52 гвардзейскі кавалерыйскі полк названай дывізіі замацаваўся ў раёне ўрочышчаў Маладая і Крынка, заняўшы плацдарм на Убарці каля Манчыц. 56 гвардзейскі кавалерыйскі полк гэтай дывізіі заняў Буйнавічы, Застаўнік і Ліснае. А 54 — Берзавод, Ручное і Жаралец. Крыху на поўдзень раён Стадолічаў і Грабянёў кантраляваў партызанскі атрад імя Кутузава. На наступны дзень з Оўруча на магутных «студзебекарах» у вёску Тартак прыбылі тры атрады чэкістаў, якія рушылі праз партызанскі край у раёны сваіх дзеянняў — пад Мінск і Баранавічы.

18 студзеня 52 гвардзейскі кавалерыйскі полк заняў Убарцкую Рудню і Свіднае, 56 пачаў ладзіць пераправу праз Убарць ля Злодзіна, а 54 размясціўся ў трох кіламетрах на ўсход ад Лельчыц. У гэты ж дзень да Астражанкі падышлі часці 15 гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі.

19 студзеня эскадроны 54 гвардзейскага кавалерыйскага палка замацаваліся і перайшлі да абароны ў раёне вёсак Асмаленік (Ударнае), Каросцін (Новае Палессе) і Сіманічы, дзе пачалі акопныя работы. Для умацавання палка былі выстаўлены партызанскія заслоны Лельчыцкай брыгады ў Дубніцкім, Сіманічах і суседніх вёсках.

У гэты дзень 52 гвардзейскі кавалерыйскі полк пачаў баі за вызваленне Замошша, але потым пад націскам свежых сіл ворага адышоў на заходнія пазіцыі. А 56 як раз знаходзіўся ў другім эшалоне, прыкрываючы пераправу праз Убарць у Злодзіне. У гэты час атрады імя Калініна, Суворава і Сталіна былі падпарадкаваны 54 гвардзейскаму кавалерыйскаму палку, атрады імя Варашылава і Кутузава, а таксама Сіманіцкі атрад — 56.

У паласе 15 гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі ў гэты час 55 гвардзейскі кавалерыйскі полк з Астражанкі і 57 з Убарцкай Рудні сумесна з 147 гвардзейскім артмінамётным палком вялі наступленне на Майсеевічы, але былі прыпынены моцным варожым артагнём. Толькі ў адным 55 гвардзейскім кавалерыйскім палку ад артабстрэлу за адзін дзень (20 студзеня) было паранена 57 чалавек. Значныя страты панёс і праціўнік. У раёне вёсак Сом і Скалодзін няспынныя баі вялі часці 16 гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі.

22 студзеня вёска Замошша была вызвалена 52 гвардзейскім кавалерыйскім палком ва ўзаемадзеянні з 147 гвардзейскім артмінамётным палком і іншымі часцямі 14 гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі. За апошнія два дні баёў у Замошшы вораг страціў забітымі і параненымі да 200 чалавек, 7 кулямётаў і 3 мінамёты. Страты ў 52 гвардзейскім кавалерыйскім палку склалі 41 забіты чалавек і 78 параненых.

23 студзеня 1944 года была апублікавана зводка Саўінфармбюро аб вызваленні раённага цэнтра Лельчыцы, вёсак Астражанка, Убарцкая Рудня, Зарубанае, Буйнавічы, Свіднае, Манчыцы, Злодзін, Ветвіца і Сіманічы. І ўжо на наступны дзень партызанскі атрад імя Кутузава, сабраўшы да 250 мірных жыхароў, пачаў будаўніцтва для арміі двух мастоў праз Убарць у Злодзіне і Лельчыцах.

Адначасова пачалася перадыслакацыя войск у паласе 7 гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. 25 студзеня 54 гвардзейскі кавалерыйскі полк, рухаючыся на захад, перамясціўся ў Іванаву Слабаду, перакрываючы шлях ворагу з Турава на Сіманіцкі Млынок і Тонеж. Мінёры палка таксама вялі мініраванне асобных участкаў ля Рудні і Тонежскага Млынка. 56 прыбыў у гэты дзень у Сіманічы, а 52 — у Сіманіцкую Рудню.

На лінію абароны 52 гвардзейскага кавалерыйскага палка прыбыла з-пад Астражанкі і Убарцкай Рудні 15 гвар-дзейская кавалерыйская дывізія. Адначасова гвардзейская кавалерыйская дывізія, якая прымала апорныя пункты на лініі  Астражанка-Асавец-Перадрэйка і часткова наступала на Скрыгалаў і Скалодзін, была перакінута ў раён Буйнавічаў і Злодзіна. Яна знаходзілася ў другім эшалоне корпуса, прыкрываючы пераправу ў Злодзіне, штаб корпуса і шпіталь у Буйнавічах. Ваенныя шпіталі размяшчаліся таксама каля Буда-Сафіеўкі і Астражанкі, у якую прыбылі часці 2 гвардзейскага кавалерыйскага копруса.

У гэты ж час у раён Тураў-Азяраны-Перароў-Пагост-Старажоўцы прыбыла свежая нямецкая егерская брыгада асобнага прызначэння колькасцю да 12 тысяч адборных салдат і афіцэраў з ліку спартсменаў і з вялікай колькасцю танкаў.

Уладзімір ЗУБРЭЙ, аг. Глушкавічы.

(Працяг будзе).

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: