Няхай едзе ў вашыя двары прыбытак і дастатак

0
352



У гэтую зіму прырода шчодра падаравала нам і снег, і маразы, а калі-нікалі і сонца. Надвор’е стаіць па-сапраўднаму зімовае, ды яшчэ і святочнае. Бо надышоў час Калядаў.


Як заўжды, з гэтае нагоды, на цэнтральнай плошчы Лельчыц сабраліся жыхары гарпасёлка, каб чарговы раз дакрануцца сэрцам і душою да народнай традыцыі святкавання Калядаў. А ў нашым раёне захаванню старадаўніх абрадаў надаецца вялікая ўвага. Іх добра ведаюць і работнікі культуры, і простыя людзі. Але ж усё-такі менавіта артысты, умеюць дасканала перадаць той каларыт абрада, які праводзілі нашыя далёкія продкі некалькі стагоддзяў таму назад.


І вось, на імправізаваную сцэну выходзяць артысты народнага фальклорнага ансамбля «Веснянка» Ліплянскага сельскага дома культуры. Як заўжды вясёлыя, прыбраныя, галасістыя, яны распачынаюць святочны вечар інтэрактыўнай праграмай пад назвай «Каляда, Калядзіца — народ весяліцца».


— Паехаў Шчадрэц з канца ў канец! На Шчадрэц калядуйце! Піць і есці не шкадуйце! Шчадруйце, шаноўныя! Жывіце год да ста так! Хай едзе ў вашыя двары прыбытак і дастатак, — зазывае гасцей Гаспадыня вечара.


А калядоўшчыкі ўжо тут як тут: — Ці дома гаспадары?


— Дома, дома. Заходзьце, калі ласка, у хату, мы вас даўно чакаем.


… І тут палілася цудоўная старадаўняя песня-калядка «Ой, у ляску, на жоўтым пяску». Артысты яе выконвалі з захаваннем той мелодыі, якую перанялі, як кажуць, з вуснаў у вусны ад сваіх матуль, бабуль, землякоў. А гледачы, якіх дарэчы на святкаванне Калядаў сабралася шмат, з задавальненнем і цікавасцю не толькі глядзелі абрад, але ахвотна падпявалі знаёмую мелодыю і рытмічна прытанцоўвалі.


Вельмі ўсіх весяліў і смяшыў персанаж Казы, якая пад песню «Го-го-го, Каза» танчыла, сімвалізуючы ўрадлівасць і багацце, — на пацеху публіцы разыграла цэлую трагікамедыю: падала на падлогу, быццам знясілеўшы ад голаду, і просіла пачастунку. У імправізаваным доме ёй было чым падсілкавацца. На багата накрытым стале — стаялі стравы ў рад: з традыцыйнага — каўбаса, сала, пампушкі, яблыкі.


А потым усе разам і госці, і гаспадары зтанцавалі беларускія народныя танцы «Кракавяк» і «Падыспань».
Мабыць, для кожнага з нас Каляды — гэта сустрэча з дзяцінствам, нечым цёплым, прыемным і такім родным.
Ну і канечне ж, ні адно народнае гулянне, а тым больш калядны час, не абыходзіцца без варажбы на далейшы лёс. Цыганка хутка кіне на карты, або зробіць прадказанне па далоні. З цудоўнага куфэрка можна было выцягнуць бяспройрышную латарэю і абавязкова выйграць прыз. Гэта дзеянне арганізавалі работнікі Дуброўскага сельскага дома культуры.


Што і казаць, умеюць нашы людзі добра адпачываць, тым больш, што святкаваць Каляды многія прыйшлі сем’ямі з дзецьмі. А што можа быць лепей, чым калі сям’я збіраецца разам! Менавіта ў такія моманты і працягваецца сувязь пакаленняў. Больш сталыя людзі перадаюць маладым тое сакравеннае, роднае і блізкае, уласцівае толькі тваёй малой радзіме, твайму роду, таму месцу, дзе ты нарадзіўся.


Абрад «Каляда, Калядзіца — народ весяліцца» завяршыўся песняй «На нова лета».


А на сцэну, змяняючы адзін аднаго, выходзілі народны вакальны ансамбль «Вербніца», народны ансамбль народнай песні «Лагода», народны мужчынскі вакальны ансамбль «Лель», выконваючы вясёлыя песні, пад якія так цудоўна можна было танцаваць, ды і мароз добра «дапамагаў» не стаяць на месцы.


На плошчы працавалі гандлёвыя шэрагі, дзе можна было набыць розныя прысмакі, ігрушкі, шары, якія хораша свецяцца рознакаляровымі агеньчыкамі.


…На нова лета хай родзіць жыта. Жыта пшаніца, усякая пашніца. Добры вечар, багаты вечар!
Дай Бог, каб у нашым жыцці такіх добрых і багатых вечароў было яшчэ вельмі-вельмі шмат.


Людміла ШТАРОВА.
Фота Аляксандра ШАПАРДА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: