Быць настаўнікам — не проста прысвяціць сябе адной з самых ганаровых прафесій, але і ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне будучых пакаленняў. Нельга вырашыцца на такі крок выпадкова: працаваць у школу ідуць выключна па кліку сэрца, ад вялікай любові да дзяцей і захопленасці сваім прадметам. Так сваё прызначэнне ў педагогіцы знайшла і Валянціна Казачок, якая стала пераможцай конкурсу «Чалавек года» ў намінацыі «Прызванне».
Нарадзілася Валянціна Афанасьеўна ў вёсцы Прыбалавiчы Лельчыцкага раёна. З маленства марыла стаць настаўніцай. Непадробную цікавасць яна праяўляла да кніг, шмат чытала. У школе ёй вельмі даспадобы былі вершы, часам яна спрабавала і сама скласці невялічкія казкі і чатырохрадкоўі. Да гэтага яе натхняў школьны настаўнік Аляксандр Лозка.
Пасля школы з выбарам вышэйшай навучальнай установы Валянціна не вагалася: паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на філалагічны факультэт. У 1991 годзе з дыпломам аб вышэйшай адукацыі Валянціна Казачок пачала сваю працоўную дзейнасць у Лельчыцкай сярэдняй школе №1 спачатку ў якасцi настаўніка рускай мовы і літаратуры, а пазней —беларускай мовы і літаратуры.
— Мне адразу даверылі дзясяты клас, — узгадвае Валянціна Афанасьеўна. — Маладая, нявопытная, я вельмі хвалявалася. Як аказалася, дарэмна: мне з маімі вучнямі было вельмі цікава, бо мы былі амаль нараўне. Зараз я сустракаю іх, у нас заўсёды ёсць агульныя тэмы для нейкіх размоў.
З 2010 года Валянціна Казачок працуе на пасадзе настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў Лельчыцкай раённай гімназіі. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Увесь спектр сваіх самых лепшых рыс характару накіроўвае ў працу, да якой усім сэрцам прыкіпела. Прызнаецца, што не ўяўляе, чым займалася б, калі б не стала настаўнікам.
Кампетэнтнасць, мэтанакіраванасць, прафесіяналізм, высокі ўзровень адукаванасці Валянціны Афанасьеўны не прымусілi доўга чакаць сваіх пладоў. На яе рахунку дзясяткі пераможцаў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, алімпіяд, даследчых работ па беларускай мове і літаратуры.
Вось ужо 3 гады запар настаўніца кіруе раённай творчай групай настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах. У 2022/2023 навучальным годзе яе вучаніца Яніна Сініцкая была ўдастоена Дыплома III ступені ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.
Дзякуючы алімпіяднаму руху таленавітыя ўдзельнікі забяспечваюць сабе магчымасць атрымаць вышэйшыя балы па цэнтралізаваным тэсціраванні. Дарэчы, вучань Валянціны Афанасьеўны Іван Багдаевіч раней набраў 99 балаў па беларускай мове.
У мінулым годзе вучні Валянціны Казачок былі ўзнагароджаны таксама Дыпломамі за ўдзел у розных конкурсах. Так, Дар’я Казачэнка атрымала перамогу ў занальнай навукова-практычнай канферэнцыі «Купалаўскія чытанні» і ў абласной канферэнцыі вучэбна-даследчых работ «Мележаўскія чытанні», Вікторыя Жогла — у абласным фестывалі «Кніга — пачатак усіх пачаткаў» і ў рэспубліканскім конкурсе «Беларусь златавусная», Уладзіслаў Палуянаў перамог у рэспубліканскім конкурсе «Мая Беларусь», Кацярына Гаўрылавец стала пераможцам у міжнародных конкурсах «Была вайна» і «Мая Айчына», Ганна Лось адзначана Дыпломамі пераможца ў абласным конкурсе «Юны архівіст», у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем», у міжнародным фестывалі «Сэрца Радзімай трывож».
У чым жа сакрэт такіх высокіх дасягненняў? Уся справа ў самаадданай працы настаўніка. Валянціна Казачок заўсёды знаходзіць індывідуальны падыход да сваіх вучняў. Кожны з іх, трапляючы на яе ўрокі, мае ўсе шанцы на максімальнае раскрыццё свайго патэнцыялу: яна абавязкова заўважыць здольнасці і будзе спрыяць іх развіццю. Вось што значыць прафесіянал сваёй справы. Як натура дапытлівая, дбайная і паслядоўная, Валянціна Афанасьеўна і сама пастаянна ўдасканальваецца, прагне да спазнання новага.
Самае галоўнае, чаго чакае Валянціна Казачок ад сваіх вучняў, гэта аддача. Безумоўна, не так проста даць веды таму, хто лічыць, што не мае ў іх патрэбы. Таму зацікавіць у прадмеце — мэта нумар адзін для Валянціны Афанасьеўны. Для яе ажыццяўлення яна выкарыстоўвае самыя розныя методыкі, прыёмы і сучасныя сродкі навучання. Несумненна, ёй гэта ўдаецца.
Настаўніцу ведаюць як чалавека адкрытага, добрага, светлага і церпялівага. Яна дасціпная, мэтанакіраваная і справядлівая. У калектыве карыстаецца вялікім аўтарытэтам. Вучні, бацькі і калегі яе шчыра любяць і паважаюць. У сваю справу Валянціна Казачок укладае душу і не шкадуе свайго вольнага часу. Яна ўпэўнена, што знаходзіцца на сваім месцы і атрымлівае задавальненне ад сваёй нялёгкай, адказнай і такой важнай працы.
— Урокі беларускай мовы і літаратуры — гэта не толькі правілы, практыкаванні і тэксты, гэта наша гісторыя, традыцыі роднага краю, культура, самабытнасць і спадчына беларусаў. Ад настаўніка залежыць тое, як будзе гучаць мова з вуснаў моладзі, — адзначае Валянціна Афанасьеўна.
Непаўторнасць, мелодыку, шматграннасць роднай мовы Валянціна Казачок раскрывае перад сваімі вучнямі і ў прыгажосці сваёй уласнай гаворкі, і ў арыгінальнасці падачы навучальнага матэрыялу. Заўсёды з мяккай усмешкай на твары і пявучым голасам яна зачароўвае з першых хвілін урока. Да кожнага свайго слова яна ставіцца з трапятаннем, умела карыстаецца багатым слоўнікавым запасам. Мову продкаў любіць усім сэрцам і заражае гэтай любоўю і сваіх вучняў. Менавіта такім чынам і дзякуючы такім настаўнікам, як Валянціна Афанасьеўна, зара-джаецца патрыятызм і забяспечваецца сувязь пакаленняў.
Наталля ПЕРЖАНІЦА.
Фота аўтара.


















