Генеалагічнае дрэва — гэта схематычнае адлюстраванне роднасных сувязяў.

Па форме схема і сапраўды напамінае дрэва, якое расце па схеме таго, як вы збіраеце і вывучаеце дадзеныя аб усіх блізкіх продках. Рабіць гэта можна проста з цікавасці, спадзеючыся знайсці знакамітых родзічаў, ці з больш утылітарных меркаванняў — напрыклад, каб сабраць адпаведныя дакументы для атрымання замежнага грамадзянства.


Хачу сказаць, што не многія з нас ведаюць сваё генеалагічнае дрэва хаця б да 3-4-х пакаленняў. Самае большае — гэта да другога пакалення.


Перад намі сямейны фотаздымак майго дзядулі Шаціла Людвіга і бабулі Галены (у цэнтры).
Сям’я дзядзькі Антося (сына) з жонкай Варварай (злева) і іх пяцёра дзяцей (зверху) — шостае з’явіцца пазней, справа на фотаздымку мая маці, мой айчым (удзельнік Вялікай Айчыннай вайны) і брат Анатоль, я ў сярэдзіне дзядзькавых дзяцей (зверху).


Цёткі Марылі з дзецьмі тут няма па прычыне яе хваробы ў гэты дзень.


У свой час дзядуля аказаўся на тэрыторыі малой радзімы маёй бабулі. Малады Людвіг і прыгажуня Галена (мая бабуля) сталі сустракацца, а праз некаторы час пажаніліся, стварыўшы шчаслівую і дружную сям’ю. Так і застаўся Людвіг на ўсё жыццё на малой радзіме сваёй любімай Галены ў вёсцы Варацец Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.


Працаваў у калгасе на розных работах, а пад старасць — вартаўніком на калгасным двары.
Дзядулю надта паважалі і любілі аднавяскоўцы. Перш за ўсё за працавітасць, дабрыню, спагадлівасць і праўдзівасць.


Гэтыя якасці ён перадаў і сваім дзецям — Марылі, якая таксама працавала ў калгасе, выхоўвала і расціла чацвярых дзяцей, бо муж загінуў на фронце ў час Вялікай Айчыннай вайны. Нялёгка ёй было, але ніколі не скардзілася, церпяліва ўсё пераносіла.


Сыну Антосю, які ў калгасе пасля вайны працаваў брыгадзірам, а потым — старшынёй. Стараўся кожнага падтрымліваць, дапамагчы, таму калгаснікі не адпускалі яго. У дзядзькі было шасцёра дзяцей. Некаторыя яшчэ жывыя. У Зосі (маёй маці) нас было двое — я і брат Анатоль (яго ўжо няма). Ляльчане добра ведаюць яе як цётку Соню (так тут называлі), надзвычай цанілі дабрыню, гасціннасць, жаданне кожнаму па магчымасці дапамагчы. Яна працавала ў школе ў вёсцы Варацец касірам: налічвала і выдавала настаўнікам зарплату.


Маці вельмі добра шыла, смачна гатавала ежу. Таму нікому не адмаўляла ў гэтым.
Шыла бясплатна, дапамагала падрыхтаваць сталы да вяселляў (тады нельга было заказаць, усё самі рабілі), да розных святаў. Потым ад усяго перажытага маці моцна захварэла, стала ляжачай, інвалідам I групы. Бацьку свайго я не ведаю. Ён быў жорстка пакараны фашыстамі ў час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі і падпольную дзейнасць. Мы з братам выхоўваліся ў Хойніцкім дзіцячым доме.


Мой дзядуля быў шчаслівым чалавекам: каханая жонка, спагадлівыя дзеці (трое), адзінаццаць унукаў, якія надта паважалі і цанілі яго.


У дзядулі быў, успамінаю, сад, дзе раслі вішні, слівы, яблыкі, грушы. Таму восенню рэдка хто не каштаваў спелых пладоў з гэтых дрэваў — дзяліўся ахвотна з кожным, многіх аднавяскоўцаў запрашаў у сад, каб самі выбралі, што ім даспадобы.


Клапаціўся і аб нас, унуках. Калі восенню закопваў на агародзе насенную бульбу ў так званы бурт, сыпаў на асобную кучку кашалёў 2-3 яблыкаў, а вясною частаваў унукаў, кожны атрымліваў, як кажуць, сваю порцыю, якая была для ўсіх аднолькавай.


Вось што захавала мая памяць пра дзядулю па лініі маці — Людвіга і маіх сваякоў. А распытаць ужо няма ў каго. Таму, каб больш ведаць пра сваіх продкаў, трэба цікавіцца гэтым яшчэ ў дзяцінстве, распытваць, рабіць адпаведныя запісы, каб не спазніцца. А то з цягам часу не будзе да каго звярнуцца і высветліць многае. Вось як атрымалася ў мяне.


У суровыя дні Вялікай Айчыннай вайны дзядулі з унукамі і дочкамі часта даводзілася хавацца ў лесе, а найбольш у балоце, асабліва ў час нямецкіх абстрэлаў.


Неяк выжылі, акрамя мужа цёткі Марылі, які не вярнуўся з фронту, і майго бацькі-падпольшчыка.
Радаснай з’явай для дзядулі і ўсіх нас было тое, што жывым з фронту вярнуўся дзядзька Антось, а таму лягчэй было адбудоўвацца, бо хата дзядулева часткова захавалася, у ёй потым разам з бабуляй і дзядулем жыла сям’я дзядзькі (у невялікай хатцы — 10 чалавек).


Карацей, жыццё працягвалася — мірна і спакойна. Дзядуля памёр на 90-м годзе жыцця, пахаваны ў вёсцы Варацец, якая стала для яго ў свой час малой радзімай. Я вельмі часта наведвала яго магілу. Ад нашай вёскі засталася толькі назва — Чарнобыль, як кажуць, пастараўся. Вось чаму сваёй малой радзімай я лічу родныя Лельчыцы, бо тут прайшло ў асноўным маё жыццё — з 17 гадоў і да сённяшняга дня. Са мной заўсёды жыла мая маці, я яе лячыла і даглядала, дажыла яна да 88 гадоў.


Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: